— Доктар, пачакайце мяне.
Ларэнса Даса ўсё бачыў з другога паверха і цяпер спускаўся, зашпільваючы кашулю. У яго быў ацёчны й пачырванелы твар, а бакенбарды яшчэ тырчэлі пасля трывожнага сну сіесты. Доктар паспрабаваў суцішыць засмучанасць:
— Я сказаў вашай дачцэ, што яна — як ружа.
— Гэта так, — адказаў Лярэнса Даса, — але ў гэтае ружы зашмат шыпоў.
Ён прайшоў каля доктара, хоць і не павітаўся з ім, адкінуў фіранку і груба запатрабаваў ад дачкі:
— Зараз жа папрасі прабачэння ў доктара!
Доктар хацеў было спыніць спрэчку, але Лярэнса Даса нават не звярнуў увагі на ягоны шэпт і патрабавальна дадаў: «Паспяшайся!» Фэрміна Даса паглядзела на сябровак з прыхаванай просьбай разумення і сказала бацьку, што ёй няма за што перапрашаць, яна ж зацягнула акно толькі таму, што сонца замінала іх заняткам. Доктар Урбіна хацеў пацвердзіць яе тлумачэнні, аднак Лярэнса Даса настояў на сваім. Тады Фэрміна Даса, бледная ад шаленства, вярнулася да акна, высунула правую ножку наперад, прыўздымаючы прыпол кончыкамі пальцаў, і зрабіла доктару тэатральны рэверанс.
— Прыношу вам мае самыя глыбокія прабачэнні, сеньёр, — сказала яна.
Доктар Хувэналь Урбіна з радасцю падыграў ёй, прыпадняўшы цыліндр са спрытам мушкецёра, але так і не дачакаўся міласэрнай усмешкі, якой чакаў. Затым Лярэнса Даса запрасіў яго ў кантору на кубачак кавы, што сімвалізавала б поўнае замірэнне, і ён пагадзіўся з асалодай, каб не пакінуць аніякага сумневу ў тым, што ў душы не засталося гарачых вуголляў крыўды.
Папраўдзе, доктар Хувэналь Урбіна не піў кавы ўдзень — толькі адзіны кубачак раніцой, нашча. Ён таксама не ўжываў алкаголю, хіба што келіх віна на ўрачыстых абедах, але ён выпіў не толькі каву, прапанаваную Лярэнса Дасам, але яшчэ і кілішак анісаўкі. Затым паўтарыў і каву, і кілішак, а крыху пазней — зноўку, хаця яшчэ не завяршыў візіты. Напачатку ён слухаў перапрашэнні, што Лярэнса Даса прыносіў ад імя дачкі, якую характарызаваў як дзяўчыну разумную і сур’ёзную, годную мясцовага альбо прышлага прынца; адзіная загана, сказаў ён, гэта характар муліцы. Аднак пасля другога кілішка доктару прымроіўся голас Фэрміны Дасы з боку двара. Яго ўяўленне памкнулася за ёю па звечарэлым доме і пераследавала яе, пакуль яна запаліла святло ў калідоры, выгнала маскітаў са спальняў інсектыцыдным куродымам, падышла да пліты і адкрыла каструлю з поліўкай, якую мелася есці з бацькам на вячэру, удваіх — ён і яна. І ўсё гэта — не ўздымаючы вачэй, ціха, каб не разбіць люстэрка крыўды да тае пары, пакуль бацька не прызнае залішнюю суворасць.
Доктар Урбіна ведаў жаночую псіхалогію і здагадваўся, што Фэрміна Даса не зазірне ў кантору, пакуль ён не пойдзе, але адцягваў развітанне: напэўна, ужо адчуваў, што прышчымлены ёю гонар не дае яму спакою. Лярэнса Даса, ужо амаль п’яны, нібыта і не прыкмеціў, што доктар яго не слухае, бо і так знаходзіў ужытак сваёй няспыннай гаварлівасці — слухаў сябе сам. Гаварыў ён галопам, бясконца жуючы патухлую цыгару, модна кашляў і злосна пляваўся, ёрзаў на крэсле-вярцёлцы, спружыны пад ім вылі, бы жывёлы ў перыяд цечкі. Ён выпіў па тры кілішкі на кожны кілішак госця, і толькі калі заўважыў, што яны ўжо не бачаць адзін аднаго, зрабіў паўзу, каб узняцца і запаліць лямпу. Доктар Хувэналь Урбіна разгледзеў ягоны твар пры святле лямпы, убачыў вылупленае, як у рыбіны, вока, і заўважыў, што ягоныя словы не адпавядаюць варушэнню вуснаў, і вырашыў: гэта ўжо алкагольныя галюцынацыі. Тады ён узняўся з чароўным адчуваннем: ён — унутры чужога цела, і яно, гэтае цела, засталося сядзець, калі ён ужо стаяў, і яму давялося высіліцца, каб не з’ехаць з глузду.