51 страница3264 сим.

Флярэнтына Арыса правёў яе дамоў, і ўсю дарогу яна гня­вілася. Не могучы таго патлумачыць, яна была ўпэўненая ў тым, што ёй не далі прэміі праз інтрыгі Фэрміны Дасы. Фля­рэнтына Арыса не звяртаў на яе ўвагі, ён пагрузіўся ў змрочны настрой з моманту ўручэння ўзнагароды, бо вельмі даўно не бачыў Фэрміны Дасы, і той ноччу ў яго склалася ўражанне, што яна глыбока змянілася: упершыню няўзброеным вокам можна было заўважыць, што, як ні круці, яна маці. Гэта не было навіной для яго, бо ён ведаў, што яе сын ужо ходзіць у школу. Аднак мацярынскі век раней не здаваўся яму такім відавочным, як цяпер, мяркуючы не адно па памерах таліі, зменах у хадзе, а й па тым, што ёй не ставала паветра пры чытанні вынікаў конкурсу.

Каб дакументальна падмацаваць свае ўражанні, ён наноў перагледзеў альбомы, прысвечаныя Паэтычным гульням, пакуль Сара Нар’ега гатавала вячэру. Ён разглядаў хромалітаграфіі з часопісаў, зжаўцелыя паштоўкі, што прадаваліся, як сувеніры, ля Натарыяльнае брамы, і гэта было нібыта прывідным пераглядам фальшу ягонага жыцця. Да тае пары ён трымаўся ілюзіі, што ўвесь свет старэе, мяняюцца звычаі, моды, толькі не яна. Але цяпер ён упершыню свядома ўгледзеў, што і жыццё Фэрміны Дасы мінае, і ягонае жыццё збягае, а ён толькі і робіць, што чакае. Ніколі ён не гаварыў пра яе ні з кім, бо разумеў, што не здольны вымавіць ейнае імя так, каб людзі не заўважылі, як ён хвалюецца, — нават вусны збялелі б. Але ў той вечар, калі ён разглядаў альбомы ўжо соты раз вечарамі падчас нядзельнай нудоты, Сара Нар’ега чарговым разам выпадкова ўжыла тое трапнае вызначэнне, ад якіх стыла кроў.

— Яна сапраўдная прастытутка, — сказала яна.

Яна выказала гэта мімаходзь, убачыўшы здымак, на якім Фэрміна Даса на маскарадным балі была ў вопратцы чорнай пантэры, і Сары не давялося называць імя, каб Флярэнтына Арыса здагадаўся, пра каго яна сказала. Баючыся выкрыцця, якога страшыўся ўсё сваё жыццё, ён паспрабаваў быў асцярожна бараніць Фэрміну. Адзначыў толькі, што ён амаль не ведаў Фэрміны Дасы — знаёмства зводзілася да фармальных вітанняў — і нічога не ведаў пра яе асабістае жыццё, але думаў, што гэта цудоўная жанчына, якая стварыла сябе з нічога, дзякуючы ўласным вартасцям.

— Дзякуючы шлюбу па разліку з чалавекам, якога не кахае, — перарвала яго Сара Нар’ега. — Гэта самы агідны ўзор прастытуцыі. Не такімі рэзкімі словамі, але таксама ў тоне суворай маралі маці казала Флярэнтына Арысу тое самае, спрабуючы сцішыць ягонае гора. Узрушаны, ён не знайшоў адпаведнага адказу на словы бязлітаснай Сары Нар’егі і вырашыў змяніць тэму. Аднак Сара Нар’ега не паддалася і працягвала паліваць брудам Фэрміну Дасу, пакуль не адвяла душу. Усплёск інтуіцыі, які Сара Нар’ега не здолела б вытлумачыць, падказваў: Фэрміна Даса зладзіла змову, каб не даваць ёй прэміі. Прычын для такога сцверджання не было: яны не былі знаёмыя, не ведалі адна адну ў твар, і Фэрміна Даса не мела ніякага дачынення да конкурснага вердыкту, хоць была ў курсе спраў журы. Сара Нар’ега дадала безапеляцыйным тонам: «Мы, жанчыны, — празарлівіцы». І гэтым спыніла спрэчкі.

Тады Флярэнтына Арыса і яе ўбачыў іншымі вачыма. Для яе таксама міналі гады. Няўрымслівая натура бясслаўна марнела, гадамі стрымванае каханне вымушала яе ўсхліпваць, на павекі ўжо леглі цені мінулай горычы. Гэта была ўчорашняя кветка. Апрача таго, ад гневу паразы яна страціла лік кілішкам брэндзі. Гэта не была ейная ноч: пакуль елі падагрэты рыс з какосам, яна спрабавала высветліць унёсак кожнага ў стварэнне паэмы, каб дазнацца, колькі пялёсткаў Залатой архідэі яны маглі атрымаць паасобку. Не ўпершыню яны пускаліся ў беспрадметныя дыскусіі, але ён скарыстаўся выпадкам, каб гаварыць, вярэдзячы адкрытую рану, абразы. Вось так яны схапіліся ў бязглуздай спрэчцы і прыгадалі ўсе дробныя крыўды, што назапасіліся за пяць гадоў любоўнае сувязі.

51 страница3264 сим.