Флярэнтына Арыса любаваўся ёю — глядзеў, стаіўшы подых, як яна ела, як ледзь пакаштавала віно, як жартавала з праўнукам дона Санча, заснавальніка рэстарацыі; Флярэнтына Арыса пражыў разам з ёю імгненне яе жыцця за сваім самотным столікам, тое імгненне, якое цягнулася цэлую гадзіну, ён няспешна прайшоўся, бы нябачны прывід, па запаветным краі яе прыватнага жыцця. Пасля выпіў яшчэ чатыры філіжанкі кавы, каб расцягнуць час, пакуль не заўважыў, што Фэрміна Даса са сваёй кампаніяй выходзіць з рэстарацыі. Яны прайшлі так блізка ад яго, што ён вылучыў водар парфумы Фэрміны Дасы сярод парфумаў ейных сябровак.
З гэтага вечара і амаль на працягу года Флярэнтына Арыса ўпарта трымаў у асадзе ўладальніка рэстарацыі, прапаноўваючы яму, што заўгодна, гатоўкай альбо ў іншым выглядзе на выбар, толькі б той прадаў яму люстэрка. Гэта было не так проста, бо чацвёрты ў радаводзе ўладальнікаў рэстарацыі стары дон Санча верыў у легенду пра тое, што нібыта разбяная рама, справа рук венскіх чырванадрэўшчыкаў, была ідэнтычнай раме, якая належала Марыі Антуанэце і знікла бясследна: размова ішла пра дзве ўнікальныя каштоўнасці. Калі ўладар рэстарацыі нарэшце здаўся, Флярэнтына Арыса павесіў люстэрка ў зале свайго дома, але не з прычыны непераўзыдзенай гожасці рамы — яго скарыла ўнутраная прастора люстэрка, якую любы вобраз займаў цягам цэлых дзвюх гадзін.
Амаль заўсёды, калі Флярэнтына бачыў Фэрміну Дасу, яна ішла пад руку з мужам у поўнай гармоніі, яны нібыта рушылі ў асаблівым полі у дзівоснай звязцы, уласцівай хіба што сіямскім блізнятам, якая парушалася, толькі калі віталі Флярэнтына. Сапраўды, доктар Хувэналь Урбіна паціскаў яму руку з сардэчнай цеплынёй і нават часамі дазваляў сабе папляскаць яго па плячы. Затое Фэрміна Даса прысудзіла яго да абыякавага рэжыму прынятых фармальнасцяў і ніколі не зрабіла ні найменшага жэсту, які дазволіў бы падазраваць жанчыну ва ўспамінах часоў яе дзявоцтва. Яны жылі ў адрозных сусветах, аднак калі ён спрабаваў скарачаць адлегласць паміж імі, яна не рабіла ніводнага кроку насустрач. Прайшло шмат часу перад тым, як ён насмеліўся падумаць, што абыякавасць Фэрміны Дасы магла быць толькі ахоўнай бранёй ад пачуццяў, якія яе пужалі. Гэтая думка ўзнікла раптам на цырымоніі хрышчэння першага рачнога карабля, які быў збудаваны на мясцовай верфі. З нагоды афіцыйнай цырымоніі Флярэнтына Арыса таксама ўпершыню прадстаўляў дзядзьку Леона XII у якасці першага віцэ-прэзідэнта параходнай кампаніі. Гэтае супадзенне надало святу асаблівую ўрачыстасць, і на караблі прысутнічалі ўсе, хто хоць нешта значыў у жыцці горада.
Флярэнтына Арыса прымаў гасцей у галоўным салоне карабля, які яшчэ захоўваў пахі свежае фарбы і бітуму, калі прычал выбухнуў воплескамі і духавы аркестр зайграў трыумфальны марш. Ён з цяжкасцю схаваў даўнія пачуцці, якія былі з ім амаль аднаго ўзросту, калі пабачыў жанчыну сваёй мары пад руку з мужам, гожую ў сваёй спеласці, якая праходзіла, нібыта каралева іншых часоў сярод ганаровага каравула ў параднай форме, пад яркімі стужкамі серпанціну і дажджом з жывых пялёсткаў, якія кідалі з вокнаў. Яны салютавалі ў адказ, аднак Фэрміна Даса была настолькі асляпляльнай, што, здавалася, стаіць адна перад натоўпам у залацістай вопратцы, якую насілі толькі манархі, у чаравіках на высокіх абцасах, з чарнабуркай на шыі і ў модным капелюшы, падобным да звона.
Флярэнтына Арыса чакаў іх на мастку побач з уладамі правінцыі, пад гукі музыкі, выбухаў феерверку і трох моцных гудкоў карабля, якія абдалі парай увесь прычал. Хувэналь Урбіна павітаў уладных асоб з толькі яму ўласцівай натуральнасцю, якая кожнага прымушала думаць, што доктар шануе яго неяк асабліва. Першым стаяў капітан карабля ў параднай форме, за ім паказаўся арцыбіскуп, далей былі губернатар з жонкай, алькальд, таксама з жонкай, і вайсковы камендант горада, які толькі што прыехаў з андыйскай правінцыі. Апошнім стаяў Флярэнтына Арыса ў строі цёмнага колеру, амаль непрыкметны сярод такіх вядомых асоб. Павітаўшы вайсковага каменданта, Фэрміна нібыта завагалася перад працягнутай рукой Флярэнтына. Вайсковец ужо быў гатовы іх прадставіць адно аднаму, і спытаў яе, ці яны знаёмыя. Яна не адказала ні так, ні не, але падала руку Флярэнтына з салоннай усмешкай. Тое ж самае здаралася двойчы ў мінулым і мусіла здарацца наперад, і Флярэнтына Арыса прымаў гэта як паводзіны, уласцівыя характару Фэрміны. Аднак на караблі ён раптам спытаў сябе, паддаючыся сіле свайго запаленага ўяўлення: ці не ёсць жорсткая абыякавасць папросту ўлоўкай, каб схаваць ад яго любоўныя пакуты?