— Лепш самому прыехаць своечасова, чымся быць запрошаным запозна.
Фэрміна Даса думала, што памрэ ад радасці. Неяк памыла рукі і шапнула: «Дзякуй, Божа мой, дзякуй за тваю дабрыню», шкадуючы, што яшчэ не прыняла ванну праз клятыя баклажаны; іх замовіла Ільдэбранда, якая, дарэчы, не сказала, хто запрошаны на абед. Фэрміна пакутавала ад думкі, што яна старая і непрыгожая, з аблезлым ад сонца тварам і што муж пашкадуе аб сваім прыездзе, калі пабачыць яе ў такім нядобрым стане. Але яна зноў жа выцерла рукі фартухом, крыху прывяла сябе ў парадак, сабрала ўсю ганарлівасць, з якой маці нарадзіла яе на свет, каб суняць ашалелае сэрца, і пайшла насустрач мужу салодкай паходкай аленіхі. Ішла з паднятай галавой і светлым позіркам, з кірпатым носам івалгі, і дзякавала лёсу за аграмадную палёгку, якую ёй давала вяртанне дамоў. Усё гэта муж, зразумела, прыняў за чыстую манету. Тым часам яна для сябе вырашыла абавязкова разлічыцца за горкія пакуты, якія ледзь не пазбавілі яе жыцця.
Амаль праз два гады, якраз пасля вяртання Фэрміны Дасы, адбылася адна з неверагодных выпадковасцяў, якую Трансыта Арыса назвала б Божымі жартамі. Флярэнтына Арыса не надта цікавіўся такім вынаходніцтвам, як кіно, але Леона Касіяні адвяла яго без супраціву на нашумелую прэм’еру «Кабірыі», чыя слава трымалася на дыялогах, напісаных паэтам Габрыелем д’Анунцыё. Вялікае патыё пад адкрытым небам у дона Галілеа Даконтэ, дзе ўначы больш захапляла прыгажосць зорак у небе, чым нямая любоў на экране, было перапоўнена гледачамі з найвышэйшага грамадства. Леона Касіяні сачыла за акалічнасцямі сюжэта, амаль не дыхала. Флярэнтына Арыса, наадварот, драмаў, усыплёны кіношнай драмай. За ягонай спінай нейкая жанчына нібыта разгадала ягоныя думкі і ўскрыкнула:
— Божа мой, гэта цягнецца даўжэй за любы боль!
Яна сказала толькі гэта, бо яшчэ не прышчапіўся звычай суправаджаць нямыя кінастужкі п’есамі на піяніне, а з цёмнае залы толькі чулі, быццам шэпт дажджу, пошум праектара. Флярэнтына Арыса прыгадваў Бога толькі ў найцяжэйшых сітуацыях, але на гэты раз ён дзякаваў Яму ад усёй душы. Бо нават у дваццаці пядзях пад зямлёй ён адразу ж пазнаў бы гэты голас з глухім металічным тэмбрам, які хаваў у душы з таго дня, калі, гледзячы на пажоўклую лістоту ў пустэльным скверыку, яна сказала яму: «Цяпер ідзіце і не вяртайцеся, пакуль я не паведамлю». Флярэнтына Арыса ўцяміў, што яна сядзіць за спінай, побач з непазбежным мужам, ён адчуў яе цёплы ды роўны подых і дыхаў адным з ёю паветрам, нібыта ўзбагачаным, поўным здароўя, кахання. Ён адчуваў, што яе не зжэрла моль смерці, як часцяком уяўлялася яму за апошнія месяцы яе адсутнасці, і зноўку прыгадаў Фэрміну Дасу ў светлым і шчаслівым узросце, акругленую цяжарнасцю першынцам пад тунікай Мінервы. Ён уяўляў яе так, нібыта глядзеў ёй у твар, і ўсе жарсці, якія мелі месца на экране, былі яму зусім чужымі. Ён адчуваў асалоду ад водару мігдальнай парфумы, якая вяртала яму інтымнае жыццё, і хацеў зведаць яе думку адносна таго, як улюбляюцца жанчыны ў кіно, каб іх каханне прыносіла менш пакутаў, чым у сапраўдным жыцці. Яшчэ да канца фільма ён раптам здагадаўся ў пробліску радасці, што ніколі не быў так доўга і блізка да жанчыны, якую кахаў спрадвечна.
Калі запалілі святло, Флярэнтына Арыса даў час падняцца іншым гледачам. Затым павольна ўстаў, рассеяна павярнуўся, звыкла зашпільваючы камізэльку, і ўсе чацвёра аказаліся твар да твару, ды так блізка, што міжволі мусілі павітаць адно аднаго, няхай нават хтосьці з іх і не хацеў гэтага. Хувэналь Урбіна павітаў спачатку Леону Касіяні, якую добра ведаў, а потым са звычайнай вытанчанасцю працягнуў руку Флярэнтына Арысу. Фэрміна Даса накіравала ім усмешку ветлівасці. Ва ўсялякім разе, гэта была ўсмешка жанчыны, якая часцяком бачыла іх, ведала, хто яны такія, і ёй не трэба было, каб іх ёй прадставілі. Леона Касіяні адказала з грацыёзнасцю мулаткі. Затое Флярэнтына Арыса не ведаў, як паводзіць сябе, ашаломлены выглядам Фэрміны Дасы.