Флярэнтына Арыса выразаў усялякія абвесткі, якія друкаваліся ў газетах Карыбскага басейна: побач два партрэты аднаго і таго ж чалавека, у першым выпадку ён быў лысым, як дыня, а ў другім — з густой капной ільва: пасля прыёму надзейных лекаў. На працягу шасці гадоў ён выпрабаваў сто семдзесят два такія сродкі, калі не лічыць дадатковых метадаў, якія рэкламаваліся на бірках кожнага флакона. З дапамогай аднаго з гэтых сродкаў ён абзавёўся толькі экзэмай на галаве. Яна выклікала сверб і смярдзела. Святошы з Мартынікі назвалі гэтую хваробу паўночным ззяннем, бо ў цемры чэрап выпраменьваў фасфарычны бляск. Флярэнтына Арыса звярнуўся, нарэшце, да зёлак, якімі індзейцы гандлявалі на кірмашы, да магічных сродкаў і ўсходніх напояў, якія прадаваліся каля Натарыяльнай брамы. Але калі ён усё ж упэўніўся, што яго падманваюць, на макаўцы ўжо ззяла манашая танзура. У нулявым годзе, калі Тысячадзённая грамадзянская вайна паспела як след абяскровіць краіну, па горадзе прайшоў італьянец, які на замову рабіў парыкі з натуральных валасоў. Парык каштаваў зашмат, а майстра не адказваў за сваю працу пасля трох месяцаў носкі, аднак мала хто з лысых багацеяў устаяў перад спакусай. Флярэнтына Арыса быў адным з першых. Ён прымерыў парык настолькі блізкі па колеры да яго натуральнага, што баяўся, а раптам гэты парык заварушыцца на ім ад змены настрою, але ўсё-ткі не здолеў змірыцца з думкай пра тое, што носіць на галаве валасы нябожчыка. Натуральным суцяшэннем сталася ненажэрнасць лысіны, яна не дала яму часу пазнаць колер уласнае сівізны. Аднойчы вясёлы п’янтос, які сустракаўся яму і раней на рачной прыстані, але гэтым разам быў у стане раскрыцця пачуццяў больш, чым зазвычай, абняў Флярэнтына Арысу, калі той выходзіў з канторы, зняў з яго капялюш, выклікаўшы смех грузчыкаў, і звонка пацалаваў у лоб.
— Лысы прыгажун! — крыкнуў весялун яму следам.
Тады Флярэнтына Арыса, якому было сорак восем гадоў, загадаў выстрыгаць слабы пушок, які заставаўся на скронях і патыліцы, і цалкам прыняў лёс абсалютна лысага чалавека. Да такой ступені, што ўранку перад душам намазваў пенай не толькі падбародак, але і тыя часткі чэрапа, дзе зноўку з’яўляўся пушок, і здымаў яго небяспечнай брытвай, ператвараючы галаву у азадак немаўляці. Да тае пары ён не здымаў капялюш нават у канторы, бо лысіна выклікала ў ім пачуццё амаральнай аголенасці. Аднак, усвядоміўшы становішча, ён прыпісаў гэтую аголенасць да ліку мужчынскіх годнасцяў, пра што раней чуў са знявагай, бачачы ў падобных высновах плён уяўлення ўжо аблыселых фантазёраў. Пазней ён успрыняў новы звычай, не стрыг валасы каля правай скроні і перачэсваў іх цераз лоб улева. На гэтым Флярэнтына Арыса спыніўся. Аднак ён працягваў насіць капялюш, заўсёды ў хаўтурным стылі, нават пасля таго, як увайшлі ў моду капелюшы тартарыта — такой была мясцовая назва французскіх канацье.
Страта ж зубоў не была звязаная з натуральнай хваробай, наадварот, чыннікам паслужыла бязладная памылка прышлага дантыста, які надумаў выразаць жыўцом элементарную інфекцыю. Страх перад борам, які круціўся нажной педаллю, не дазваляў яму наведаць зубнога лекара, нягледзячы на стабільны боль, пакуль той не стаўся невыносным. Маці спужалася, пачуўшы ўначы несуцешныя стогны з суседняга пакоя, ёй здавалася, што паўтараюцца развеяныя туманом памяці часы яго першага кахання, аднак, загадаўшы яму адкрыць рот, каб зірнуць, скуль гэты боль, яны знайшла, што ўсе дзясны былі пакрытыя гнайнікамі. Дзядзька Леон XII накіраваў яго да доктара Франсіса Аданая, негрыцянскага волата ў ботах і галіфэ, які плаваў на рачных параходах з поўным зубным кабінетам у дарожнай сумцы і больш быў падобным на коміваяжора, што наводзіў жах у прырэчных сялібах. Доктар зазірнуў у рот і адразу вызначыў, што Флярэнтына Арысу трэба выдаліць нават здаровыя зубы, каб уратаваць яго ад наступстваў запушчанасці. У параўнанні з воляй на змаганне з аблысеннем, аслінае лекаванне далося яму лёгка, калі не лічыць натуральнага страху перад катаваннем без анестэзіі. Яго таксама не палохала думка пра зубныя пратэзы, перадусім праз настальгію па маленстве. Ён часцяком згадваў кірмашовага штукара, які здымаў сківіцы, клаў іх на стол, і яны працягвалі размаўляць самі; апрача таго, ён уцяміў, што аперацыя пакладзе канец зубному болю, ад якога ён пакутаваў з дзяцінства, амаль такога ж жорсткага, як пакуты ад кахання. Гэта не падавалася яму такім страшным ударам старасці, як аблысенне. Флярэнтына Арыса быў пэўны, што, нягледзячы на рэзкі пах вульканізаванага каўчука ад устаўной сківіцы, ён будзе выглядаць лепш з артапедычнай усмешкай. Такім чынам, ён без супраціву скарыўся абцугамі доктара Аданая і перанёс выздараўленне з аслінай цярплівасцю.
Дзядзька Леон XII займаўся дэталямі аперацыі, нібыта рэзаць збіраліся яго. Ён меў асаблівую цікавасць да зубных пратэзаў, якая ўзнікла падчас яго першых вандровак па рацэ Магдалене, праз яго маніякальнае захапленне бэльканта. Аднойчы пад поўняй на падыходзе да порта Тамары дзядзька Леон XII пайшоў у заклад з нямецкім каморнікам, маўляў, ён абудзіць жыхароў сельвы неапалітанскім рамансам з капітанскага мастка. І ледзь не выйграў. У рачным змроку ўзляцелі чаплі над багнай, раздаліся ўдары каймана хвастом па вадзе, з перапуду біліся рыбіны-шалёнкі, нібыта спрабавалі скочыць на бераг, аднак на самай высокай ноце, калі пасажыры баяліся, што ў яго ад напругі лопнуць артэрыі, зубны пратэз быў выкінуты з рота сілай заключнага выдыху і патануў у вадзе.