У нядзелю Святое Сёмухі, толькі яны скончылі займацца любоўю, калі а чацвёртай па абедзе званы зазванілі па нябожчыку. Флярэнтына Арыса ледзь стрымаў хваляванне. У яго маладосці рытуал уключаўся ў цану пахавання і адмаўлялі ў ім хіба што самым бедным і невядомым. Аднак да завяршэння апошняй вайны ў краіне, якраз на мяжы двух стагоддзяў, рэжым кансерватараў падмацаваў каланіяльныя звычаі, і хаўтуры з ганараваннем сталіся настолькі дарагімі, што былі даступныя толькі багацеям. Калі памёр арцыбіскуп Дантэ дэ ля Люна, званы ўсёй правінцыі званілі безупынна дзевяць дзён і дзевяць начэй, і так давялі народ, што спадкаемца нябожчыка зусім адмяніў хаўтуры са званамі, зрабіўшы выключэнне толькі для самых знакамітых і слынных. Таму, ледзь Флярэнтына Арыса пачуў званы кафедральнага сабора а чацвёртай па абедзе ў нядзелю Святое Сёмухі, ён адчуў, нібыта яго наведаў прывід страчанай маладосці. Флярэнтына Арыса не здолеў уявіць, што гэта быў той самы звон, які ён так жадаў пачуць на працягу доўгіх гадоў з тае нядзелі, калі ўгледзеў Фэрміну Дасу на шостым месяцы цяжарнасці пры выхадзе з абедні.
— Хай яго чэрці, — сказаў ён у цемры, — гэта мусіць быць надта вялізная акула, калі б’юць у званы на кафедральным саборы.
Аголеная Амэрыка Вікунне канчаткова прачнулася.
— Пэўна, у гонар Святое Сёмухі, — адказала яна.
Флярэнтына Арыса не быў знаўцам альбо хоць бы крыху азнаёмленым са справамі касцёла, ён не наведваў імшы з тае пары, як граў на скрыпцы ў хоры з немцам, які да таго ж навучыў яго тэлеграфнай навуцы, альбо калі шукаў звесткі пра Фэрміну Дасу. Пра лёс немца ён не ведаў нічога дакладнага. Але, безумоўна, ён ведаў, што званы не звоняць у гонар Святое Сёмухі. Гэта быў сапраўды жалобны звон. Раніцой камісія карыбскіх уцекачоў наведала ягоны дом і паведаміла, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур быў знойдзены мёртвым на золку ў сваёй фотамайстэрні. Флярэнтына Арыса не быў блізкім сябрам нябожчыка, але ведаў шмат каго з уцекачоў, якія заўсёды запрашалі яго на ўрачыстыя сходы і перадусім на хаўтуры. Аднак ён быў упэўнены, што званы званілі не па Ерэмію дэ Сэнт-Амуру, які быў ваяўнічым бязбожнікам і зацятым анархістам, да таго ж, ён скончыў жыццё самагубствам.
— Не, — запярэчыў ён, — так звоняць па губернатары альбо вышэй.
Амэрыка Вікунне, на целе якой чаргаваліся светлыя і цёмныя палосы з-за не да канца зачыненых жалюзі, была не ў тым узросце, калі думаюць пра смерць. Яны займаліся любоўю пасля абеду і адпачывалі ў спякоце сіесты, аголеныя, пад лопасным вентылятарам, гудзенне якога не маглі заглушыць гулкія, нібыта град, крокі аўраў па распаленым жалезным даху. Флярэнтына Арыса кахаў Амэрыку Вікунне, як і шмат выпадковых жанчын у ягоным доўгім жыцці, але яе ён кахаў адчайна, бо быў упэўнены, што памрэ ад старасці, ледзь яна скончыць школу.
Пакой, хутчэй, нагадваў карабельную каюту, сцены з вагонкі былі афарбаваныя паслойна некалькі разоў, як на караблях, а спякота а чацвёртай па абедзе была больш невыноснай, чым у каюце любога рачнога карабля, нягледзячы на намаганні электрычнага вентылятара над ложкам, — жалезны дах назапашваў спякоту. Фармальна гэта не была спальня, а наземная каюта, якую Флярэнтына Арыса загадаў збудаваць за канторай параходнай кампаніі з адзінай мэтай — знайсці добры прытулак для старэчага кахання. У працоўныя дні тут, праўда, не далі б паспаць крыкі партовых грузчыкаў, грукат кранаў і караблёў каля самай прыстані. Аднак у нядзелю для дзяўчынкі гэта быў рай.
У дзень Святое Сёмухі, яшчэ за пяць хвілін да вечаровага звону, яны думалі заставацца разам да яе вяртання ў інтэрнат, але звон па нябожчыку нагадаў Флярэнтына Арысу, што ён абяцаў прысутнічаць на пахаванні Ерэміі дэ Сэнт-Амура, і ён апрануўся шпарчэй звычайнага. Але перад тым, як заўсёды, заплёў дзяўчынцы касу, якую ён сам распускаў перад любоўнымі ўцехамі, пасадзіў яе на стол і завязаў ёй матузкі форменных чаравікаў, што яна заўжды рабіла кепска. Ён дапамагаў ёй без хітрыкаў, а яна прымала гэта як належнае: абое страцілі ўсведамленне свайго ўзросту з першых сустрэч і ставіліся адно да аднаго з даверлівасцю шлюбнае пары, якая столькі адкрыла ў жыцці, што амаль не заставалася слоў.