Флярэнтына Арыса ведаў сябе: нягледзячы на запоры ад нараджэння, чэрава здраджвала яму публічна тройчы альбо і болей за доўгае жыццё, і кожнага разу ён мусіў ратавацца ўцёкамі. Менавіта гэты выпадак ды яшчэ некалькі іншых, не менш ганебных, вымусілі Флярэнтына зразумець глыбінны сэнс фразы, якую ён раней паўтараў не інакш, як жартам: «Не веру ў Бога, але баюся Яго». Ён стаў ліхаманкава шукаць у памяці любую малітву, каб памаліцца, але нічога не згадвалася. У маленстве нейкі хлапчук навучыў яго чарадзейным словам, каб дакладна трапіць каменем у птушку: «Цінаціна, натраплю альбо стрэльну міма». Ён спрабаваў дзейнасць гэтых слоў пры першым паходзе ў горы з новенькай рагаткай, і птушка ўпала, нібыта яе паразіла бліскавіца. Ён зачапіўся за гэтую саломінку і паўтарыў формулу, як малітву, але — ніякага эфекту. Кішкі так закруціла ў спіраль, што ён змушаны быў прыўстаць. Пена ў вантробах, усё больш густая, выдала балючы стогн, ён адчуў сцюдзёны пот па целе. Служанка прынесла каву і спужалася, пабачыўшы перад сабою твар мерцвяка. Ён уздыхнуў: «Гэта ад спякоты». Яна адчыніла акно, але сонца біла ў твар, і акно давялося тут жа зачыніць. Ён уцяміў, што не вытрывае больш ніводнае хвілі, і тут з’явілася Фэрміна Даса, амаль нябачная ў паўзмроку зацемненага пакоя, і таксама спужалася, пабачыўшы яго ў такім стане.
— Можаце зняць пінжак.
Флярэнтына Арысу не так страшыў смяротны боль, колькі тое, што яна магла пачуць здрадніцкае буркатанне. Аднак ён знайшоў у сабе сілы сказаць слабым голасам, што не, дзякуй, ён толькі прыйшоў спытаць, калі яна можа прыняць яго. Агаломшаная, яна адказала: «Але вы ўжо тут!» І прапанавала яму прайсці на тэрасу над патыё, дзе было не так спякотна. Ён адмовіўся такім слабым голасам, што ёй здалося, нібы гэта быў уздых шкадавання:
— Я вас малю... заўтра...
Яна згадала, што заўтра будзе чацвер, дзень візіту пунктуальнай Люкрэсіі дэль Рэаль дэль Абіспа, таму вырашыла са звычайнай цвёрдасцю: «Паслязаўтра а пятай». Флярэнтына Арыса падзякаваў, тут жа развітаўся, прыціснуўшы капялюш да сэрца, і пайшоў, пакінуўшы нечапаны кубак кавы. Яна здзіўлена стаяла пасярод залы, не разумеючы, што ж усё-ткі здарылася, пакуль гудзенне аўто не растала на тым канцы вуліцы.
Між тым Флярэнтына Арыса знайшоў найменш балючую позу на заднім сядзенні, заплюшчыў вочы, расслабіўся і аддаўся на волю цела. Боль адразу адпусціў. Кіроўца, які працаваў з ім шмат гадоў і ўжо нічому не здзіўляўся, сядзеў непарушна. Але калі адчыніў дзверцы каля парога ягонага дома, усё ж сказаў:
— Асцярожна, дон Флярэнтына, гэта падобна да халеры.
Аднак халерай тут, зразумела, і не пахла. Флярэнтына Арыса падзякаваў Богу ў пятніцу а пятай, калі служанка правяла яго цераз паўзмрок залы на тэрасу над патыё і там ён пабачыў Фэрміну Дасу за столікам на дзве персоны. Яна прапанавала гарбату, шакалад альбо каву. Флярэнтына Арыса папрасіў гарачую і вельмі моцную каву, і яна загадала служанцы: «Мне як заўсёды». Фэрміна Даса піла густы напой з розных усходніх траў, які ўздымаў тонус пасля сіесты. Пакуль яна скончыла сваю гарбату, а ён — свой кубак кавы, абое паспелі закрануць нязначныя тэмы, тактоўна абыходзячы галоўнае, пра што не наважваліся загаварыць. Абое былі крыху засмучаныя, не разумелі, што яны робяць так далёка ад юнацтва на шахматнай дошцы тэрасы нічыйнага дома, які дасюль хаваў пах жалобных кветак. Яны сядзелі так, што маглі б дацягнуцца адно да аднаго, і ў іх быў час на тое, каб спакойна пагаманіць упершыню за паўстагоддзя. Абое бачылі сябе такімі, якімі яны былі: старымі, якіх высочвае смерць, яны не захавалі нічога агульнага, калі не лічыць памяці пра мінулае, што належала ўжо не ім, а дваім маладым, якія маглі быць іхнымі ўнукамі. Яна падумала, што Флярэнтына Арыса нарэшце зразумее ўсю бязглуздасць ягонай мары і гэтым выкупіць сваю недаравальную дзёрзкасць.