85 страница3855 сим.

Прагучаў апошні сігнал. Доктар Урбіна Даса з жонкай развіталіся з Фэрмінай Дасай без драматызму, і Флярэнтына Арыса праводзіў іх да сходаў. Доктар Урбіна Даса хацеў прапусціць яго следам за жонкай і толькі тут здагадаўся, што Флярэнтына Арыса таксама ўдзельнічае ў вандроўцы. Доктар не здолеў схаваць занепакоенасці.

— Але ж мы так не дамаўляліся, — сказаў ён збянтэжана.

Флярэнтына Арыса шматзначна паказаў яму ключ ад сваёй шараговай каюты, якая месцілася на палубе агульнага класа. Але гэта не падалося доктару Урбіна Дасу дастатковым доказам цнатлівасці ягоных намераў. Ён паглядзеў на жонку по­г­лядам чалавека, які перажывае крушэнне карабля ў адкрытым моры, ён шукаў хоць якісьці пункт апоры, але сутыкнуўся з яе ледзянымі вачыма. Жонка сказала яму ціха-ціха, суво­рым голасам: «Ты таксама?» Так, ён таксама, як і ягоная сястра Афэлія, думаў, што ў вельмі сталым узросце каханне мяжуе з непрыстойнасцю. Аднак доктар праявіў своечасовую рэакцыю і на развітанне паціснуў руку Флярэнтына Арысу, хутчэй, з замірэннем, чым з удзячнасцю.

Флярэнтына Арыса бачыў, што яны ўжо на беразе, з веранды салона. Як ён чакаў і жадаў, доктар Урбіна Даса з жонкай павярнуліся для развітальнага пагляду, адчыняючы дзверцы аўто, і ён махнуў ім рукой на развітанне. Яны адказалі яму тым самым. Ён заставаўся на верандзе, пакуль аўто не знікла ў пыле грузавога двара, і затым накіраваўся ў каюту, каб пераапрануцца ў больш адпаведную вопратку для першай вя­чэры на борце ў прыватнай гасцёўні капітана.

Капітан Дыега Самарытана прыправіў знамянальную ноч цікавымі аповедамі пра ягоныя сорак гадоў на рацэ, але Фэрміне Дасе давялося прыкласці немалыя намаганні, каб выглядаць вясёлай. Нягледзячы на тое, што апошні сігнал да адплыцця быў дадзены а восьмай вечара, калі тыя, хто суправаджаў пасажыраў, сышлі на бераг і трап быў падняты, карабель не зрушыўся з месца, пакуль капітан не павячэраў і не ўзняўся на мосцік, адкуль кіраваў манеўрам. Фэрміна Даса і Флярэнтына Арыса засталіся на верандзе агульнага салона сярод шумных пасажыраў, якія спрабавалі пазнаць месцы горада паводле агнёў, што паступова аддаляліся. Потым карабель пакінуў бухту, увайшоў у нябачнае рэчышча ракі, мінаючы мелі і агні рыбацкіх лодак, што гойдаліся на хвалях, і задыхаў на поўныя грудзі на вольным паветры вялізнай ракі Магдалены. Тады духавы аркестр грымнуў моднай народнай песняй, і пасля выбуху радасці пасажыраў пачаліся скокі.

Фэрміна Даса сказала, што хацела б застацца адна. За вечар яна не вымавіла ні слова. Флярэнтына Арыса дазволіў ёй заглыбіцца ў роздум і перарваў яго толькі дзеля таго, каб развітацца каля ўвахода ў яе каюту. Але яна не жадала спаць, ёй проста было холадна, і яна прапанавала пасядзець крыху на адкрытай верандзе каюты і палюбавацца ракой. Фля­рэн­тына Арыса выкаціў на веранду два лазовыя крэслы, патушыў святло, накінуў ёй на плечы плед з воўны і прысеў побач. Яна скруціла цыгарку з тытуню, які ён ёй падараваў, прычым зрабіла гэта дужа спрытна, запаліла з расцяжкай і моўчкі, нібыта дым быў надта гарачы, затым скруціла яшчэ дзве і паліла іх без перапынку. Флярэнтына Арыса паступова выпіў два тэрмасы горкай кавы.

Агні горада зніклі за гарызонтам. З цёмнай веранды пя­шчотная ды ціхая рака, а таксама пашы ўздоўж берагоў пад поўняй ператварыліся ў даліну, якая свяцілася сама па са­бе. Час ад часу паказваўся саламяны будан каля вогнішча, там прадавалі дровы для параходных катлоў. Флярэнтына Арыса захоўваў цьмяныя ўспаміны пра вандроўку ў маладыя гады, і вобразы ракі ажывалі ў ім асляпляльнымі парывамі памяці, нібыта гэта было толькі ўчора. Ён сёе-тое прыгадваў услых, спрабуючы ўплываць на настрой Фэрміны Дасы. Яна адстаронена паліла з такім выглядам, нібыта жыла ў іншым вымярэнні. Флярэнтына Арыса спыніў успаміны і пакінуў Фэрміну Да­су сам-насам з сабой. Яна запальвала цыгарэты адну ад адной, пакуль тыя не скончыліся. Музыка спынілася апоўначы, шум на танцавальнай пляцоўцы сціх, распаў­ся, перайшоў у паўсонны шэпт, і два сэрцы засталіся ў цем­ры ве­ранды, адлічваючы ўдары ў такт уздыхам карабельнай машыны.

Праз пэўны час Флярэнтына Арыса зірнуў на Фэрміну Дасу і праз ззянне ракі ўбачыў яе прывіднай, профілем падобнай да статуі, якая сама выпраменьвала ледзь заўважнае блакітнае святло. Ён здагадаўся, што яна бязгучна плача. Але замест таго, каб вымавіць суцяшальныя словы альбо чакаць, пакуль яна выплача ўсе слёзы, паддаўся паніцы.

— Хочаш, каб я пайшоў? — спытаў ён.

— Калі б я гэтага хацела, то не запрасіла б цябе, — ціха адказала Фэрміна Даса.

85 страница3855 сим.