5
Калі паехалі стрыгалі і ва ўсёй акрузе ўсталявалася адноснае зімовае зацішша, настаў час штогодняй Джыланбаўнскай выстаўкі і скачак. У жыцці мясцовага грамадства гэта галоўнае свята, і гулялася яно два дні. Фія не вельмі добра сябе адчувала, і калі Пэдзі павёз Мэры Карсан у горад на яе «ролс-ройсе», з ім не было жонкі, і не было каму яго падтрымаць і не даць Мэры распускаць свой язык. Ён даўно прыкмеціў, што пры Фіі яго сястра неяк нікне, губляе самаўпэўненасць.
Астатнія ўсе паехалі. Прыгразіўшы ўсімі смяротнымі карамі, хлопчыкам наказалі паводзіць сябе прыстойна і разам з Пітам Піўной Бочкай, Джымам, Томам, місіс Сміт і дзвюма служанкамі адправілі ў грузавіку, а Фрэнк яшчэ на світанку паехаў адзін на адкрытым легкавым «фордзіку». Дарослая частка ўсёй гэтай кампаніі аставалася і на другі дзень, на скачкі; па прычынах, вядомых толькі ёй адной, Мэры Карсан адмовілася ад запрашэння айца Ральфа ў яго дом пры царкве, але настаяла, каб Пэдзі прыняў прапанову і разам з Фрэнкам пераначаваў там. Дзе знойдуць сабе прытулак два аўчары і садоўнік Том, нікога не цікавіла, а місіс Сміт, Міні і Кэт мелі ў Джылі сябровак, у іх і спыніліся.
Гадзіннік паказваў дзесяць, калі Пэдзі праводзіў сястру ў лепшы нумар гасцініцы «Імперыял»; спусціўшыся ў бар, ён каля стойкі ўбачыў Фрэнка з ёмістым куфлем піва ў руцэ.
— Цяпер частую я, старызна, — весела сказаў Пэдзі сыну. — Мне давядзецца адвесці цётачку Мэры на святочнае сняданне на іпадроме і быць там пры ёй, дык трэба маральна падмацавацца, інакш без мамы мне з такім цяжкім выпрабаваннем не справіцца.
Прывітую звычаем пакорлівасць цяжэй адолець, чым здаецца, і толькі тады гэта робіцца ясна, калі нарэшце спрабуеш скінуць з сябе яе шматгадовыя путы; Фрэнк не адважыўся зрабіць тое, што яму раптам так страшна захацелася — выплюхнуць бацьку ў твар рэштку піва ды яшчэ пры ўсіх гэтых людзях. I ён адным духам апаражніў куфаль, квола ўсміхнуўся, сказаў:
— Прабач, тата, я дамовіўся з прыяцелямі сустрэцца на выстаўцы.
— Дык ідзі ж. На вось, вазьмі на расходы. Жадаю весела прабавіць час, а як нап’ешся, глядзі, каб маці не дазналася.
Фрэнк утаропіўся на новенькую, хрусткую паперку, якая аказалася ў яго ў руцэ, — з якой радасцю парваў бы яе на шматкі і кінуў Пэдзі ў твар, але прывычка ўзяла сваё, ён склаў паперку, засунуў у нагрудную кішэню, падзякаваў бацьку. I кінуўся прэч з бара.
А Пэдзі — сіні святочны гарнітур, зашпіленая на ўсе гузікі камізэлька, залаты гадзіннік у кішэньцы на масіўным залатым ланцужку з важкай бірулькай, самародкам з прыіскаў Лорэнса, — паправіў пальцамі цэлулоідны каўнерык і азірнуў бар, ці няма каго знаёмага. За дзевяць месяцаў з дня прыезду ў Драгеду ён не шмат разоў наведваўся ў Джылі, але ўсе ведалі ў твар брата і верагоднага наследніка Мэры Карсан, і кожны раз у горадзе яго сустракалі ветліва і гасцінна. Некалькі чалавек радасна яму ўсміхнуліся, некалькі прапанавалі пачаставаць яго півам, і вельмі хутка вакол Пэдзі сабралася невялікая прыемная кампанія; ён забыўся пра Фрэнка.
Мэгі цяпер валасы заплятала — ніхто з манашак не браўся (нягледзячы на грошы Мэры Карсан) завіваць ёй валасы, і на плечы ёй спадалі дзве тугія касы з цёмна-сінімі бантамі. Апранутую ў сціплую цёмна-сінюю форменную сукенку вучаніцы школы кляштара Святога крыжа, яе ўрачыста праводзіла цераз поплаў у дом айца Ральфа якая-небудзь манашка і перадавала з рук у рукі аканомцы, якая душы не чула ў дзяўчынцы.
— Ох, валасы ў гэтай дзяўчынкі — якраз як у нашай шатландскай красуні Хілан, — растлумачыла яна свяшчэнніку, калі той неяк раз пацікавіўся, чаму яна так прывязалася да Мэгі; яго гэта нямала забаўляла, бо наогул у старой душа не ляжала да дзяўчатак, і яна не раз скардзілася на суседства са школай.
— Годзе вам, Эні! Валасы ж не жывыя, нельга палюбіць каго-небудзь толькі за колер валасоў, — падражніў ён яе.
— Але ж яна міленькая бедненькая малявачка, ведама ж — скегі[1].
Аднак айцу Ральфу не было «ведама», і ён не спытаўся, што гэта за слова такое, і толькі пра сябе падумаў, што яно добра рыфмуе з «Мэгі». Іншы раз лепш не дабірацца да сэнсу слоў Эні, не заахвочваць залішняй увагай гаваркую бабулю: яна ж называе сябе вяшчункай, і яму зусім не хацелася пачуць, што яна шкадуе дзяўчынку не так за мінулае, як за тое, што яе чакае ў будучым.