2 страница4051 сим.

Дарога станавілася ўсё круцейшая, і навокал не было ўжо нічога, апрача пяску.

Але дзіўна, тая мясціна, дзе стаялі хаты, ані не павышалася. Толькі дарога ішла ўгору, сама ж вёсачка ўвесь час аставалася нібыта ў нізіне. Зрэшты, угору ішла не толькі дарога. Разам з ёю вышэлі прамежкі між хатамі. Таму здавалася, быццам уся вёска ідзе ўгору і толькі хаты астаюцца на адным узроўні. Гэтае ўражанне мацнела пры руху наперад, да вяршыні дзюны, і неўзабаве яму здалося, што хаты стаяць у вялізазных ямах, выкапаных у пяску. Нарэшце дарога, па якой ён ішоў, і прамежкі між хатамі апынуліся вышэй стрэх. А хаты ўсё глыбей апускаліся ў пясчаныя ямы.

Схіл нечакана стаў амаль стромы. Цяпер ад яго да грываў стрэх было метраў дваццаць, не меней. «Ну што там можа быць за жыццё?» — падумаў ён, зазіраючы, ажно бралі дрыжыкі, у глыбокую яму. Раптам шалёны парыў ветру перахапіў дыханне, і мужчына паспяшаўся адысціся ад краю ямы. Нечакана далёка ўнізе ён убачыў мутнае пеністае мора, якое лізала прыбярэжны пясок. Чалавек стаяў на грыве дзюны — якраз там, куды імкнуўся.

Схіл дзюны, павернуты да мора, адкуль дзьмуць мусоны, як звычайна, быў стромкі і голы. Але на пакатых мясцінах прабіваліся кусцікі вузкалістай травы. Азірнуўшыся, ён убачыў, што вялізныя ямы, усё глыбейшыя, чым бліжэй да грэбеня дзюны, некалькімі ярусамі сходзяцца да цэнтра вёсачкі, нагадваючы пчаліны вулей у разрэзе. Вёска, здавалася, узлазіла на дзюну. А можа, дзюна ўзлазіла на вёску? Ва ўсякім разе, выгляд вёскі раздражняў, прыгнятаў чалавека.

Ну, добра, да жаданых дзюнаў дайшоў, і ўсё ў парадку. Ён раз глынуў вады з біклагі, глыбока ўздыхнуў, але паветра, нібыта вельмі чыстае, апякло горла, як наждак.

Чалавек хацеў папоўніць сваю калекцыю насякомымі, якія водзяцца ў пяску.

Пясчаныя насякомыя невялікія, цьмяна афарбаваныя, але чалавека, апанаванага маніяй калекцыяніравання, не вабяць яркакрылыя матылькі ці стракозы. Ён не імкнецца ўпрыгожыць свае калекцыі нейкімі экзатычнымі ўзорамі, не выяўляе асаблівай цікавасці да сістэматызацыі, не шукае сыравіны для прыгатавання лекаў, якімі карыстаецца кітайская медыцына. У энтамолага ёсць свая простая і непасрэдная радасць — выяўленне новага віду. Удасца гэта — і ў энтамалагічным атласе побач з доўгаю навуковаю лацінскаю назваю знойдзенага насякомага паявіцца і тваё імя, і не выключана, што яно астанецца там на вякі. А калі тваё імя, хай сабе нават дзякуючы насякомаму, надоўга зберажэцца ў памяці людзей, — значыць, старанне не прапала дарам.

Велізарная колькасць відаў насякомых, якія амаль не адрозніваюцца на вока, дае вялікія магчымасці для ўсё новых адкрыццяў. Вось і ён таксама шмат часу аддаў двухкрылым і нават звычайным мухам, якіх ненавідзяць людзі. Відаў мух, надзіва, шмат. Але вывучэнне большасці гэтых відаў амаль закончана, уключаючы і самы рэдкі восьмы мутант, выяўлены ў Японіі, бо думка ўсіх энтамолагаў развіваецца прыкладна ў адным кірунку. Гэта, можа, абумоўлена тым, што жыццё людзей цесна пераплецена з жыццём мух.

Найперш варта засяродзіць увагу іменна на гэтым асяроддзі. Шматлікасць відаў мух, магчыма, тлумачыцца тым, што яны вельмі ўмеюць прыстасоўвацца. Ён проста падскочыў ад радасці, зрабіўшы гэтае адкрыццё. Думка мая не такая ўжо бязглуздая. Найвялікшаю здольнасцю мух прыстасоўвацца якраз і тлумачыцца тое, што яны лёгка пераносяць самыя неспрыяльныя ўмовы, у якіх іншыя насякомыя не могуць існаваць. Яны прызвычаіліся, напрыклад, да жыцця нават у пустыні, дзе гіне ўсё жывое...

Прыйшоўшы да такое высновы, ён стаў выяўляць асаблівую цікавасць да пяску. А неўзабаве меўся і вынік. Аднойчы ў высахлым рэчышчы непадалёку ад хаты ён убачыў малюсенькае жаўтаватае насякомае накшталт шпанскай мушкі з сям’і цвердакрылых (Сісіndela Japonica, Motschulsky). Як вядома, шпанскія мушкі бываюць самых розных колераў і памераў. А пярэднія лапкі ў іх адрозніваюцца вельмі мала. Яны і служаць важным крытэрыем для класіфікацыі, бо адрозненне формы пярэдніх лапак абазначае і відавое адрозненне. Другі сустаў пярэдняй лапкі ў насякомага, што трапілася яму на вочы, сапраўды быў адметны.

Пярэднія лапкі ў насякомых з роду шпанскіх мушак звычайна тонкія, чорныя і вельмі рухавыя, а ў гэтай мухі былі круглыя, тоўстыя, нібыта ў моцным панцыры, і ярка-жоўтага колеру. Можа, на іх наліп пылок. А можа, у насякомага было нават адмысловае прыстасаванне — накшталт валаскоў, — каб збіраць пылок. Калі пры аглядзе ён не дапусціў памылкі, дык, павінна быць, зрабіў важнае адкрыццё.

На жаль, злавіць гэтае насякомае не ўдалося. Ён быў задужа расхваляваны, дый муха лятала неяк вельмі незвычайна. Яна паляцела. Потым вярнулася і стала чакаць яго, нібыта хацела сказаць: «Паспрабуй злаві мяне». Калі ён даверліва падышоў, яна паляцела, пасля вярнулася і зноў стала чакаць. Яна быццам дражніла яго, а потым зусім знікла ў траве.

2 страница4051 сим.