18 страница1984 сим.

— Чаму ж ён адразу не ўцёк?

Жанчына не адказала. I так усё зразумела, што і адказваць няма чаго. He ўцёк, бо не змог уцячы... Прычына, ведама, толькі гэта.

— А апрача яго?

— Ага... на самым пачатку года быў тут студэнт, ён, здаецца, прадаваў кнігі.

— Карабейнік, ці што?

— Нейкія танюсенькія кніжачкі, усяго па дзесяць іен. У іх проці некага было напісана...

— Студэнт — удзельнік руху за вяртанне на радзіму... Яго таксама злавілі?

— Ён і цяпер, напэўна, жыве ў трэцяй ад нас хаце.

— I вераўчаныя лескі таксама знялі?

— Моладзь ніяк у нас не прыжываецца... Што ж зробіш, у горадзе лепей плацяць, дый кіно і рэстараны кожны дзень адчынены...

— Але ж не можа быць, каб ніводнаму чалавеку яшчэ не ўдалося адсюль уцячы!

— Чаму ж не, быў адзін малады хлопец, якога збілі з тропу сябры, і ён уцёк у горад... Некага ён там нажом парнуў — нават у газетах пра гэта пісалі... Засудзілі яго, а потым зноў сюды вярнулі, жыве, напэўна, спакойна, у бацькавай хаце...

— He пра гэта я пытаюся! Я пытаюся пра тых, якія ўцяклі адсюль і не вярнуліся!

— Гэта даўно было... Помню, цэлая сям’я спрытна ўцякла ўночы... Хата доўга пуставала, і гэта стала вялікаю небяспекаю, але ўжо нічога не зробіш... праўда, вялікаю небяспекаю... Калі хоць адно гнездзішча тут разваліцца — гэта ўсё роўна што трэшчына ў плаціне...

— I пасля гэтага, кажаце, не было?

— Думаю, што не...

— Абсурд нейкі! — Жылы ў яго на шыі надзьмуліся, стала цяжка дыхаць.

Раптам жанчына перагнулася папалам, быццам аса, што кладзе яйцы.

— Што такое?.. Баліць?

— Баліць...

Ён дакрануўся да яе пабялелай рукі. Потым падсунуў пальцы пад вузел і памацаў пульс.

— Чуеце? Пульс нармальны... Па-мойму, нічога сур’ёзнага. Разумею, што раблю нядобра, але мне трэба, каб вы паскардзіліся тым, з вёскі, якія ва ўсім вінаватыя.

— Прабачце, вы не пачухаеце мне шыю, там за вухам?

Заспеты знянацку, ён не мог адмовіцца. Паміж скураю і накарэлым пяском быў слой густога поту, які нагадваў разліты алей. Было адчуванне, што пазногці пралазяць скрозь персікавую скурку.

— Даруйце... Але праўда, адсюль яшчэ ніхто не выбраўся?..

Раптоўна абрысы дзвярэй ператварыліся ў бясколерную невыразную лінію і сплылі. Гэта быў месяц. Асколкі бляклага святла — быццам мурашыныя крылцы. I, чым болей вочы прывыкалі, тым болей дно пясчанай ямы набывала вільготную глянцавасць, якая бывае на сакаўным маладым лісці...

— Ну што ж, у такім выпадку я буду першы!

18 страница1984 сим.