2 страница2901 сим.

— Вось тады і звярніце ўвагу, — дадаў ён, — у іх зазвычай пясок у сэрцы.

Потым доктар Урбіна загаварыў з камісарам, нібыта з падначаленым. Ён загадаў абысці ўсялякія фармальнасці з тым, каб пахаванне адбылося сёння ж увечары і цалкам патаемна. І падкрэсліў: «Я пагутару з алькальдам[1] пазней». Доктар Урбіна ведаў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур жыў надзвычай аскетычна, у найвышэйшай ступені сціпла, але сваім мастацтвам зараб­ляў шмат болей, чымся трэба для пражыцця, таму ў якой-­небудзь шуфлядзе мусяць быць грошы, на хаўтурныя выдаткі будзе досыць.

— А калі і не знойдзеце, не бяда, — удакладніў ён, — я бяру ўсё на сябе.

Ён загадаў сказаць журналістам, што фатограф памёр натуральнай смерцю, хоць і падумаў: навіна не зацікавіць іх ні з якога боку. І падкрэсліў: «Калі трэба, я пагутару з губернатарам». Камісар быў чыноўнікам сур’ёзным ды нешматслоўным, ён ведаў, што мэтр сваім грамадзянскім сумленнем раздражняў нават самых блізкіх і цярплівых сяброў, таму яго здзіўляла лёгкасць, з якой доктар, каб паскорыць пахаванне, абыходзіў законныя працэдуры. Камісар адно што не пагадзіўся на размову з арцыбіскупам, каб той дазволіў пахаваць Ерэмію дэ Сэнт-Амура ў святой зямлі гарадскіх могілак. Праўда, ён тут жа засмуціўся з-за сваёй дзёрзкасці і паспрабаваў неяк згладзіць няёмкую сітуацыю.

— Я так разумею, гэта быў святы чалавек, — сказаў ён.

— Не тое слова, — адказаў доктар Урбіна, — гэта быў святы атэіст. Але ў гэтых справах толькі Бог суддзя.

Здалёк, з іншага краю каланіяльнага горада, пачуліся званы кафедральнага сабора, якія склікалі да ўрачыстага набажэнства на Святую Сёмуху. Доктар Урбіна надзеў пенснэ са шкельцамі-палавінкамі ў залатой асадзе і зірнуў на гадзіннік, квадратны і тонкі, з вечкам на спружыне: яшчэ трошкі, і ён прапусціў бы святочную імшу.

У пакоі стаяла вялізная фотакамера на маленькіх колах, такая, як у парках; насупраць вісеў заднік з намаляваным самаробнымі фарбамі захадам сонца над морам. Сцены ж былі ўвешаныя дзіцячымі партрэтамі: першая камунія, першы карнавал, шчаслівы дзень нараджэння. Доктар Урбіна год за годам назіраў, як паступова пад фотапаперай знікалі сцены, меркаваў аб гэтым падчас засяроджаных вечаровых роздумаў і не раз думаў з адчаем прадчування, што ў гэтай галерэі выпадковых партрэтаў крыецца зародак будучага гора­да, якім будуць кіраваць, давядуць яго да распусты гэтыя незнаёмыя дзеці, і ў якім не застанецца і попелу ад ягонай, доктара Урбіна, славы.

На пісьмовым стале, каля шклянкі з курыльнымі люлькамі старога марскога ваўка, засталася шахматная дошка з незавершанай партыяй. Нягледзячы на спешку й змрочны настрой, доктар Урбіна не ўтрымаўся ад спакусы прааналізаваць партыю. Ён дакладна ведаў, што гэта была партыя мінулага вечара, бо Ерэмія дэ Сэнт-Амур гуляў штовечар і як мінімум з трыма рознымі партнёрамі, але заўжды, завяршаючы гульню, клаў фігуркі ў скрыню, а скрыню — у шуфлядку стала. Ведаў ён і тое, што нябожчык гуляў толькі белымі, і ў гэтай партыі, увачавідкі, яго чакала немінучая параза праз чатыры хады. «Калі б размова ішла пра забойства, вось дзе была б зачэпка, — сказаў ён сабе. — Толькі адзін чалавек у гора­дзе здолеў бы падвесці да такой геніяльнай пасткі». Для доктара Урбіна жыццё сталася б невыносным, калі б пазней ён не дазнаўся, чаму непакорлівы салдат, які звычайна змагаўся да апошняй кроплі крыві, пакінуў поле апошняй у жыцці бітвы дачасна.

2 страница2901 сим.