Абедаў ён амаль заўжды дома, пасля праводзіў сіесту хвілін на дзесяць, седзячы на тэрасе, што выходзіла ва ўнутраны дворык. Скрозь сон ён чуў спевы прыслужніц у ценю мангавых дрэў, воклічы вулічных гандляроў, шыпенне алею і трэск матораў з бухты, смурод з якой лунаў у доме ў гадзіны дзённай спякоты, бы анёл, асуджаны на гніенне. Пасля ён з гадзіну чытаў новыя кніжкі, перадусім раманы і гістарычныя доследы, вучыў французскай мове і песням хатняга папугая, які здаўна стаў мясцовай славутасцю. А чацвёртай выпіваў вялікі збан ліманаду з ільдом і выходзіў на візіты да хворых. Нягледзячы на паважны век, ён адмаўляўся прымаць пацыентаў у хатнім кабінеце і працягваў наведваць іх сам: горад усё ж заставаўся такім утульным, што можна было куды заўгодна зайсці пехатою.
Вярнуўшыся першы раз з Еўропы, ён стаў ездзіць у фамільным ландо з парай светла-гнядых коней, але ландо з гадамі стала непрыгодным, і ён замяніў яго на аднаконную пралётку, карыстаўся ёю ўвесь час, не зважаючы на моду, нават калі экіпажы пачалі знікаць з ужытку, а на тых, што засталіся, каталі турыстаў або вазілі развітальныя вянкі на пахаваннях.
Хаця ён адмаўляўся сыходзіць на адпачынак, ён разумеў, што яго выклікаюць толькі да безнадзейных пацыентаў, і лічыў гэта пэўнай формай спецыялізацыі. Ён мог вызначыць з першага погляду, што з хворым, і ўсё меней давяраў патэнтаваным лекам, а распаўсюджанне хірургіі непакоіла яго. «Скальпель — слушны доказ паразы медыцыны», — казаў ён. Доктар уважаў, што, па вялікім рахунку, любыя лекі ёсць атрутай, а семдзесят адсоткаў з паўсядзённых прадуктаў харчавання набліжаюць смерць. «Наогул, — казаў ён студэнтам, — тое нямногае, што вядома медыцыне, ведаюць толькі лічаныя лекары». Ад свайго маладога энтузіязму ён перайшоў да пазіцыі, якую сам вызначыў як фаталістычны гуманізм: «Кожны чалавек — гаспадар сваёй смерці, і калі надыходзіць час, мы здольныя толькі дапамагчы памерці без страху і болю». Але, не зважаючы на гэтыя скрайнасці, якія сталіся часткай мясцовага медыцынскага фальклору, ягоныя былыя студэнты, ужо дактары са стажам, працягвалі кансультавацца з Хувэналем Урбіна, бо прызнавалі за ім тое, што завецца «вокам клініцыста». Як бы тое ні было, ён заўсёды быў лекарам дарагім і элітарным, ягоная кліентура жыла ў радавых сядзібах квартала Віцэ-каралёў.
Дзень быў так скрупулёзна распісаны, што ў тэрміновым выпадку жонка магла накіраваць яму цыдулку менавіта ў той дом, дзе ён у гэты час знаходзіўся з візітам. У маладосці, бывала, затрымліваўся ў прыходскай кавярні пасля абыходу пацыентаў і там удасканальваў шахматнае майстэрства з цесцевымі знаёмцамі ды карыбскімі ўцекачамі. Але на пачатку новага стагоддзя ён кінуў хадзіць у кавярню і паспрабаваў арганізаваць нацыянальныя турніры пад эгідай мясцовага клуба. Якраз тады з’явіўся Ерэмія дэ Сэнт-Амур, ужо са змярцвелымі каленямі, але яшчэ без рамяства дзіцячага фатографа, і праз тры месяцы яго ведалі нават тыя, хто ледзь навучыўся рушыць слана па дошцы, бо ніхто не здолеў выйграць у яго ніводнай партыі. Для доктара Хувэналя Урбіна сустрэча тая была нібыта цуд, шахматы сталі яго неўтаймаванай жарсцю, і амаль не было спаборнікаў, якія б спатолілі яе.
Дзякуючы яму Ерэмія дэ Сэнт-Амур стаў тым, кім быў сярод нас. Доктар Урбіна апекаваўся ім без якойсьці ўмовы, зрабіўся ягоным асабістым і бясспрэчным крэдыторам, нават не паспрабаваўшы дазнацца, што гэта за чалавек, чым займаўся раней, якія зняслаўленыя войны прывялі яго да інваліднасці і выгнання. Нарэшце доктар пазычыў яму грошай на абсталяванне майстэрні, і з тае пары, як Ерэмія дэ Сэнт-Амур зрабіў першы здымак спуджанага ад успышкі магнія немаўляці, ён вяртаў пазыку з дакладнасцю пазументніка, усё да апошняга шэлега.
А ўсё шахматы. Спачатку гулялі а сёмай пасля вячэры, са справядлівымі саступкамі для доктара, бо перавага ўцекача была відавочнай, але з кожным днём саступкі рабіліся ўсё меншымі, пакуль яны не пачалі гуляць нароўні. Пазней, калі дон Галілеа Даконтэ заснаваў першы ў горадзе кінематограф пад адкрытым небам, Ерэмія стаў найвярнейшым з яго кліентаў, і шахматныя партыі гуляліся толькі тады, калі не было кінапрэм’еры. Уцякач так пасябраваў з доктарам, што апошні хадзіў з ім у кіно, але заўжды без жонкі, бо, з аднаго боку, ёй бракавала цярплівасці адсочваць нітку складанага сюжэта, а з другога, Урбіна нібы падсвядома адчуваў, што Ерэмія дэ Сэнт-Амур нікому б не мог скласці належнай кампаніі.