8 страница2576 сим.

Наўрад ці хто спаў прыгажэй за яе — яна ляжала ў позе грацыёзнага танца, прыціснуўшы далонь да ілба, — але таксама наўрад ці хто-кольвек быў больш раз’юшаным, калі ёй заміналі адчуваць сябе ў сне, хоць яна ўжо не спала. Доктар Урбіна ведаў, што яна нервуецца праз ледзь чутны шоргат і нават цешыцца, што можна на кагосьці ўзваліць віну за бяссонне ад пятай рання. Даходзіла да таго, што зрэдчас, калі яму насамрэч даводзілася шукаць пантофлі навобмацак, бо іх не было на месцы, яна раптам гаварыла нібы скрозь сон: «Учора ты пакінуў іх у ваннай». І тут жа злосна бадзёрым голасам дадавала:

— І самае горшае, што ў гэтым доме ніколі не даюць паспаць.

У такіх выпадках яна раптоўна варочалася ў ложку і, ужо не шкадуючы сябе, запальвала святло, задаволеная перамогай на пачатку дня. Па сутнасці, гэта была іхная гульня, злая містыфікацыя, але менавіта яна прыносіла задавальненне: гэта была небяспечная асалода ўтаймаванага кахання. Але аднойчы такая трывіяльная гульня ледзь не паклала канец трыццацігадоваму шлюбу, бо ў ваннай не аказалася мыла.

Пачалося, як заўжды, будзённа і проста. Доктар Хувэналь Урбіна вярнуўся ў спальню, а гэта былі яшчэ тыя часы, калі ён прымаў ванну без дапамогі, і стаў апранацца ў цемры. Яна, як вялося ў той час, знаходзілася ў цеплыні эмбрыянальнага стану: вочы заплюшчаныя, подых лёгкі, а рука паднятая над галавой, як у рытуальных скоках. Але ўсё ж яна драмала, так было заўжды, і ён гэта ведаў. Ладна пашоргаўшы ў цемры накрухмаленай ільняной вопраткай, доктар Урбіна сказаў нібыта сабе самому:

— Пэўна, ужо цэлы тыдзень мыюся без мыла, — так ён сказаў.

Вось тады яна прачнулася канчаткова, успомніла і задрыжэла ад злосці на ўвесь белы свет, бо сапраўды забылася пакласці мыла ў ваннай. Што мыла няма, яна заўважыла тры дні назад, калі ўжо стаяла пад душам, і вырашыла прынесці кавалак пазней, але потым забылася да наступнага дня. Тое ж здарылася і назаўтра. Насамрэч мінуў не тыдзень, як ён гэта сказаў, каб падкрэсліць яе вінаватасць, але тры недаравальныя дні — так, і злосць узнікла, бо яе выкрылі ў няўважлівасці, і гэта вывела яе з сябе. Як звычайна, яна пачала абараняцца на­падаючы:

— Але я мылася ўсе гэтыя дні, — закрычала яна, ужо не стрым­ліваючы сябе, — і мыла заўсёды было на месцы.

Хоць ён і ведаў ужо ейныя метады вядзення вайны, на гэты раз не змог стрымацца. Прыдумаўшы падставу, штосьці накшталт таго, што трэба, маўляў, паназіраць за станам хворых, доктар перабраўся жыць у інтэрнат пры шпіталі Міласэрнасці, дзе былі пакоі для персаналу, а дома з’яўляўся толькі пад вечар, каб пераапрануцца для візітаў. Толькі пачуўшы, што ён прыехаў, яна тут жа сыходзіла на кухню, прыкідвалася занятай, і заставалася там, пакуль з вуліцы не далятаў тупат капытоў, і мужава пралётка не аддалялася. Усе спробы пакончыць з разладам за тры месяцы толькі раздзьмулі полымя злосці. Ён не збіраўся вяртацца, пакуль жонка не прызнае, што мыла ў ваннай не было, а яна адмаўлялася прымаць яго, пакуль ён не пацвердзіць, што свядома схлусіў, каб насаліць ёй.

8 страница2576 сим.