9 страница3252 сим.

У нядзелю на Сёмуху, калі доктар Урбіна прыўзняў коўдру і ўбачыў цела Ерэміі дэ Сэнт-Амура, яму адкрылася штосьці, чаго ён не мог знайсці ў часе сваіх вандраванняў па самых ясных сферах медыцыны і веры. Нібыта пасля доўгіх гадоў блізкіх стасункаў са смерцю — не дарэмна ж ён змагаўся і ўступаў у сутычкі з ёю — тое быў першы выпадак, калі ён наважыўся глянуць смерці ў твар, і яна, смерць, таксама на яго пазірала. Гэта не быў жах перад смерцю. Не, жах жыў у ім ужо шмат гадоў, суіснаваў з ім, быў ценем ягонага ценю. І гэта пачалося аднойчы ўначы, калі ён прачнуўся, спужаны дурным сном, і ўсвядоміў, што смерць — не толькі сталая верагоднасць, як ён уважаў раней, але яшчэ й неад’емная рэальнасць. Але ж у той дзень ён адчуў фізічную ўвасобленасць таго, што да тае пары адчувалася як уяўная сапраўднасць. Ён сумна ўсміхнуўся, — пасярэднікам нябёсаў для страшнага адкрыцця быў Ерэмія дэ Сэнт-Амур, якога ён заўсёды ўважаў за святога, што не ведае пра сваю святасць. Але ліст выявіў праўду пра ягоную асобу, жудаснае мінулае, неверагодную здольнасць Ерэміі да прытворства, і доктар адчуў: штосьці незваротнае і канчатковае здарылася ў ягоным жыцці.

Тым не менш, Фэрміна Даса не заразілася ягоным змрочным настроем. Ён спрабаваў, безумоўна, завесці яе, пакуль яна дапамагала трапіць нагамі ў калашыну штаноў і зашпільвала чараду гузікаў на кашулі. Аднак доктару гэта не ўдалося, бо Фэрміна Даса не была ўразлівай, да таго ж, размова ішла не пра смерць любага ёй чалавека. Яна толькі ведала, што Ерэмія дэ Сэнт-­Амур — інвалід на мыліцах, якога яна ніколі не бачыла. Ён уратаваўся ўцёкамі ад карнага аддзела, пазбег расстрэлу падчас аднаго з мноства паўстанняў на адной са шматлікіх Антыльскіх выспаў. Пасля ён стаў дзіцячым фатографам, бо трэба было неяк жыць, карыстаўся найвялікшым попытам ва ўсёй правінцыі і яшчэ выйграў шахматную партыю ў кагосьці, каго яна згадвала як Торэмалінаса, хоць насамрэч гэта быў Капаблянка[7].

— Ён быў толькі ўцекачом з Каены, яму вынеслі пажыццёвы прысуд за страшэннае злачынства! — усклікнуў доктар Урбіна. — Уяві сабе, ён нават еў чалавечыну.

Доктар Урбіна ўручыў ёй ліст з таямніцамі Ерэміі дэ Сэнт-­Амура, якія ўцякач думаў знесці ў іншы свет, але жонка, не пра­чы­таўшы, паклала складзеныя старонкі ў шуфлядку туалетнага століка і замкнула на ключ. Яна прызвычаілася да яго бяздоннай здольнасці здзіўляцца, да перабольшванняў у думках, якія з цягам часу рабіліся ўсё больш заблытанымі, да вузкасці крытэрыяў, якія не адпавядалі ягонай рэпутацыі ў грамадзе. Але тым разам ён перасягнуў сам сябе. Яна думала, што ейны муж паважаў Ерэмію дэ Сэнт-Амура не за яго мінулае, а за тое, кім ён стаў, прыехаўшы без маёмасці, калі не лічыць незаменнага для ўцекачоў заплечніка, і цяпер не магла зразумець, чаму муж так разгубіўся ад запозненага адкрыцця наконт сапраўднай асобы Ерэміі дэ Сэнт-Амура. Яна таксама не магла ўразумець, чаму мужу непрыемна, што ў таго была патаемная сувязь з жанчынай, хоць гэта было традыцыйным атавізмам у ягоным асяродку, нават у яго ў свой час была каханка, апрача таго, ёй здавалася кранальным доказам кахання тое, што жанчына дапамагла ажыццявіць рашэнне пайсці з жыцця. І Фэрміна Даса сказала мужу: «Калі б ты таксама рашыўся на такі крок, ды з такіх сур’ёзных прычын, як ён, маім абавязкам было б учыніць так сама, як яна». Доктар Урбіна нанава адчуў сябе на ростанях звычайнага непаразумення, якое ўжо паўстагоддзя раздражняла яго.

— Нічога ты не разумееш, — адказаў ён. — Мяне абурыла не тое, кім ён быў і што ён зрабіў, а падман, няведанне, у якім ён трымаў нас усіх столькі гадоў запар.

Ягоныя вочы засцілі раптам набеглыя слёзы, але яна прыкінулася, быццам нічога не заўважае.

— Ён учыніў слушна, — дадала яна. — Скажы вам праўду, і ні ты, ні тая бедная жанчына, словам, ніхто ў гэтым горадзе не палюбіў бы яго, як яго любілі.

9 страница3252 сим.