12 страница4140 сим.

— Толькі Бог ведае, як я цябе кахаў!

Гэтая смерць засталася ў памяці люду, і небеспадстаўна. Толькі скончыўшы сваю спецыялізацыю ў Францыі, доктар Хувэналь Урбіна стаў вядомым у краіне тым, што своечасова спыніў апошнюю эпідэмію халеры, якая ўспыхнула ў правінцыі, спыніў новымі і рашучымі метадамі. Папярэдняя эпідэ­мія, якая надарылася, калі ён яшчэ быў у Еўропе, скасіла чвэрць гарадскога насельніцтва менш чым за тры месяцы, смерць забрала нават ягонага бацьку, таксама вельмі паважанага лекара. Карыстаючыся набытай павагай і тым, што ён удала ўклаў сямейныя сродкі, доктар заснаваў Медыцынскае таварыства, першае і адзінае ў прыбярэжных правінцыях на працягу многіх гадоў, і стаўся ягоным пажыццёвым старшынёй. Ён дамогся, каб збудавалі першы водаправод, першую каналізацыйную сістэму і крыты гарадскі рынак, што дазволіла палепшыць стан смуроднае бухты Прывідаў. Апрача таго, ён быў прэзідэнтам Моўнай і Гістарычнай акадэмій. Рымска-каталіцкі патрыярх Ерусаліма ўганараваў яго тытулам кавалера Ордэна Труны Гасподняй за ягоныя заслугі перад касцёлам, а ўрад Францыі надаў яму Ордэн Ганаровага Легіёна і прысвоіў ступень камандора. Ён быў душою ўсіх рэлігійных і грамадскіх таварыстваў, якія існавалі ў гора­дзе, і асабліва — Патрыятычнага аб’яднання, куды ўваходзілі ўплывовыя грамадзяне без пэўных палітычных інтарэсаў, якія рабілі ціск на ўрад і на мясцовых камерсантаў прагрэсіўнымі ініцыятывамі, вельмі смелымі для тых часоў. Сярод іх яшчэ сёння прыгадваюць спробу выкарыстаць для горада паветраны шар, які ў першым сваім урачыстым палёце павёз ліст у Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенага, нашмат раней, чым людзі пачалі думаць пра рэальныя перавагі авіяпошты. Іншымі ініцыятывамі сталіся стварэнне Цэнтра мастацтваў, які пазней арганізаваў Школу мастацтваў у тым будынку, дзе яна існуе і сёння, і ладжанне штогадовых красавіцкіх паэтычных чытанняў.

Толькі ён дасягнуў таго, што здавалася немагчымым на пра­цягу стагоддзя: рэстаўрацыі Тэатра камедыі, які з часоў калоніі ператварыўся ў арэну пеўневых баёў і гадавальнік для байцовых пеўняў. Гэта была кульмінацыя каласальнай грамадскай кампаніі, у шэрагі якой былі ўцягнутыя ўсе пласты насельніцтва без выключэння. Удзельнікаў кампаніі было дужа багата, і многія ўважалі, што ейная мэта мелася б быць больш годнай. Але ўсё ж новы Тэатр камедыі быў адкрыты, хоць яшчэ не было ні крэслаў, ні лямпаў, і гледачы мусілі прыносіць самі, на чым сядзець і чым асвятляць залу ў антрактах. Быў уведзены этыкет, уласцівы вялікім прэм’ерам Еўропы, — дамы дэманстравалі пад карыбскай спякотай доўгія вечаровыя строі і футры ад найлепшых кушняроў. Праўда, спатрэбіўся дазвол на ўваход прыслузе: хтосьці ж мусіў несці крэслы, лямпы і ўсялякую ежу, інакш як вытрываць бяс­концыя п’есы — аднойчы праграма зацягнулася да ранішняе імшы. Сезон адкрыла французская оперная трупа, якая здзівіла публіку навінкай у аркестры — арфай. Слыннасць трупы трымалася на бездакорна чыстым сапрана і драматычным таленце турчанкі, якая спявала басанож, і на кожным пальцы ейных ног ззялі пярсцёнкі з каштоўнымі камянямі. Ужо ў першым акце сцэну было ледзь відаць, а ў спевакоў прападаў голас з-за дыму ад шматлікіх лямпаў на алеі дзікае пальмы кароса. Але гарадскія хранікёры ніякім чынам не згадалі гэтай дробнай непрыемнасці, затое дэталёва распісалі самае векапомнае. Безумоўна, тое была самая заразлівая ініцыятыва доктара Урбіна, бо на оперную ліхаманку нечакана захва­рэлі самыя шырокія пласты насельнікаў горада — так узнікла цэлае пакаленне Ізольдаў і Атэлаў, Аідаў і Зігфрыдаў. Аднак ніколі не даходзіла да скрайнасцяў, пра якія марыў доктар Урбіна: яму так і не давялося ўбачыць, як прыхільнікі італьянскай опернай традыцыі біліся б кіямі ў антрактах з аматарамі вагнераўскага стылю.

Доктар Хувэналь Урбіна ніколі не займаў афіцыйных пасад, якія прапаноўвалі яму даволі часта і без якіх-кольвек умоў, і бязлітасна крытыкаваў лекараў, што выкарыстоўвалі свой аўтарытэт дзеля палітычнай кар’еры. Хоць яго лічылі лібералам, і на выбарах ён галасаваў за іх партыю, рабіў ён гэта, хутчэй, па звычцы, чым з перакананняў, і, верагодна, быў адзіным нашчадкам вялікага роду, які дасюль кленчыў, калі бачыў парадную карэту арцыбіскупа. Ён лічыў сябе прыроджаным пацыфістам, прыхільнікам канчатковага замірэння лібералаў і кансерватараў на карысць радзіме. Але ягоная грама­дзянская пазіцыя была такой незалежнай, што ніхто не прымаў яго за паплечніка: лібералы запісалі доктара Урбіна да пячорных арыстакратаў, кансерватары казалі, што яму і да масона недалёка, а масоны пагарджалі ім як патаемным клерыкалам, які перадусім служыў Святому Прастолу. Менш крыважэрныя крытыкі меркавалі, што ён усяго толькі зачараваны Паэтычнымі спаборніцтвамі арыстакрат, які не заўважае, што нацыя патанае ў крыві бясконцай грамадзянскай вайны.

12 страница4140 сим.