Дом быў ва ўладзе смерці. Каштоўныя рэчы прыбралі ў надзейнае месца, і на голых сценах можна было ўбачыць сляды ад знятых карцін. Крэслы — свае і пазычаныя ад суседзяў — стаялі ўздоўж сцен ад залы да спальні, і пустыя месцы здаваліся велізарнымі, а галасы гучалі прывідна, бо грувасткую мэблю таксама павыносілі, толькі раяль застаўся ў сваім куце пад белым покрывам. У цэнтры кабінета-бібліятэкі, на бацькоўскім пісьмовым стале, яшчэ без труны, ляжала цела таго, хто яшчэ нядаўна быў Хувэналем Урбіна дэ ля Калье, з застылым выразам апошняга жаху на твары, у чорным плашчы і з баявой шпагай кавалера Ордэна Труны Гасподняй. Побач, у глыбокай жалобе, трапяткая, але цалкам валодаючы сабой, Фэрміна Даса прымала спачуванні без драматызму, нават без лішніх рухаў да адзінаццатай раніцы наступнага дня, калі развіталася з мужам, махнуўшы з порціку хусткай.
Няпроста было ёй узяць сябе ў рукі з таго моманту, як яна пачула кліч Дыгны Парда ў двары, і ўбачыла так любага ёй старога чалавека пры смерці ў мешаніне ліпкае гразі. Першай рэакцыяй была надзея, бо ягоныя вочы былі расплюшчанымі і выпраменьвалі такое святло, як ніколі ў жыцці. Яна прасіла Бога даць ёй хоць імгненне, каб ён не сышоў без упэўненасці ў тым, што яна кахала яго, нягледзячы на прыкрыя сумневы, і адчула нястрымнае жаданне наладзіць сумеснае жыццё наноў, каб яны маглі сказаць тое, чаго не здолелі сказаць адзін аднаму, і каб маглі перарабіць тое, што не атрымалася раней. Аднак ёй давялося скарыцца перад непазбежнасцю смерці. Ейнае гора ператварылася ў сляпую злосць да ўсяго свету і нават да сябе, і гэта надало ёй сілу і мужнасць для сустрэчы з адзінотай сам-насам. З таго моманту яна не ведала ні хвілі спакою, але засцерагалася, каб які-кольвечы жэст не зразумелі як праяву паказнога гора. Толькі аднойчы, далібог міжволі, дапусціла яна патэтычную ноту, і гэта здарылася ў нядзелю аб адзінаццатай ночы, калі прывезлі біскупскую труну, якая пахла гонкім кедрам, з меднымі ручкамі і шаўковай, сцёганай абіўкай. Доктар Урбіна Даса адразу загадаў зачыніць труну, бо ў доме не было чым дыхаць з-за водару безлічы кветак у невыноснай спякоце, да таго ж яму падалося, што на бацькавай шыі праступілі першыя цёмна-лілейныя плямы. Хтосьці разгублена сказаў у цішы: «У такім веку чалавек і жывы напалову згнівае». І вось тады, перад тым, як зачынілі труну, Фэрміна Даса зняла шлюбны пярсцёнак і надзела яго нябожчыку мужу, затым прыкрыла яго руку сваёй, як рабіла заўсёды, калі бачыла, што ён паглыбляецца ў летуценні на людзях.
— Хутка пабачымся, — вымавіла яна.
Флярэнтына Арыса, нябачны ў натоўпе выбітных асоб, адчуў, нібыта яму працялі бок шпагаю. Фэрміна Даса не заўважыла яго ў мітусні першых спачуванняў, хоць ніхто так, як ён, не заставаўся ў доме практычна да канца і не быў гэтак карысным у клопатах цяжкой ночы. Менавіта ён навёў парадак на кухні, каб кавы хапала ўсім. Ён дастаў крэслы, калі не стала хапаць нават суседскіх, і падказаў ставіць да сцяны двара вянкі, бо ў доме яны ўжо не змяшчаліся. Дзякуючы яму хапіла брэндзі для гасцей доктара Лясыдэса Алівэллі, якія, даведаўшыся пра трагедыю падчас яго срэбнага юбілею, адразу прыехалі, так бы мовіць, на працяг, пасеўшы ўкола мангавага дрэва. Ён адзіны своечасова зрэагаваў, калі папугай-уцякач з’явіўся апоўначы ў ядальні з узнятай галавой і раскінутымі крыламі, ад чаго ўсе прысутныя здранцвелі, бо з’яўленне папугая нагадвала абрад пакаяння. Флярэнтына Арыса схапіў яго за глотку, не даўшы яму часу выкрыкнуць якое глупства, і ў клетцы пад покрывам вынес у стайню. Ён усё зрабіў настолькі дыхтоўна і талкова, што нікому не прыйшло да галавы падумаць, нібыта гэта ўмяшальніцтва ў чужыя справы, — наадварот, людзі ўспрынялі яго паводзіны як бясцэнную дапамогу ў гадзіну сямейнага гора.
Флярэнтына Арыса быў такім, якім здаваўся: сур’ёзным і паслужлівым старым. Ён быў хударлявы, але не ссутулены, са скурай смуглявай і безвалосай, прагныя вочы пазіралі скрозь круглыя акуляры ў асадзе з белага металу, а рамантычныя вусы з напамаджанымі канцамі здаваліся трохі старамоднымі. Апошнія пасмы валасоў ён прычэсваў ззаду і ўкладваў лакам пасярэдзіне бліскучага чэрапа — адзінае мажлівае вырашэнне пры поўнай аблыселасці. Яго прыроджаная ветлівасць і разняволеныя манеры скаралі адразу, але, як у заўзятага халасцяка, адначасова выглядалі падазрона. Ён выдаткаваў шмат грошай, хітрамудрасці і сілы волі, каб не так заўважаліся ягоныя семдзесят шэсць гадоў, якія ён адзначыў у сакавіку, і быў упэўнены ў тым, што сам-насам са сваёй душою ён кахаў моўчкі і нашмат мацней, чым хто-кольвек на белым свеце.