Тады Лярэнса Даса, у якога імгненна пачырванелі вільготныя павекі, адкінуўся на спінку крэсла, пры гэтым левае вока нейк крутанулася і ледзь не выскачыла з арбіты. Ён таксама панізіў голас.
— Не прымушайце мяне застрэліць вас, — дадаў ён.
Юнак адчуў, як ягоныя кішкі напоўніліся сцюдзёнай пенай. Аднак голас не задрыжэў з перапуду, больш за тое, ён адчуў, што яго натхняе Святы Дух.
— Застрэльце, — сказаў ён, кладучы руку на сэрца, — няма большага гонару, чым памерці за каханне.
Лярэнса Даса быў змушаны глядзець на яго бокам, бы папугай, каб засяродзіць на ім сваё касое вока. Ён не вымавіў, а быццам бы выплюнуў словы склад за складам:
— Су-чын-ты-сын!
На тым самым тыдні ён павёз дачку ў вандроўку, каб расстанне дапамагло ёй забыць Флярэнтына. Бацька нічога не тлумачыў, а раптам заляцеў у спальню з бруднымі ад жаванага тытуню і раз’юшанасці вусамі і загадаў ёй збірацца. Яна спытала, куды яны едуць, на што ён адказаў: «Па смерць». Яна спужалася, бо адказ быў дужа падобны на праўду, і паспрабавала супраціўляцца рашуча, як мінулымі днямі, але ён зняў дзягу з вялікай меднай спражкай, наматаў яе на руку і так ляснуў па стале, што гук працяў дом, бы вінтовачны стрэл. Фэрміна Даса добра суразмервала ўласныя сілы, так што паспяшалася сабраць торбу — дзве цыноўкі і гамак — і дзве валізы з усёй вопраткай, упэўненая ў тым, што гэтае падарожжа будзе без вяртання. Перад тым, як апрануцца ў дарогу, яна зачынілася ў прыбіральні і паспела напісаць каханаму кароткі развітальны ліст на шматку туалетнай паперы. Затым садовымі нажніцамі адрэзала касу, уклада яе ў футарал з расшытага залатымі ніткамі аксаміту і паслала яму ўсё разам з лістом.
Вандроўка была вар’яцтвам. Толькі першы этап з караванам андыйскіх паганятых доўжыўся адзінаццаць дзён — вершнікі ехалі на мулах па стромкіх сцежках Сьера-Нэвады, мазгі варыліся ад пякельнага сонца ці размякалі пад жудаснымі кастрычніцкімі навальніцамі, ледзь прытомныя ад жаху перад ледзяным подыхам бездані ўнізе. На трэці дзень шляху адзін мул, ашалеўшы ад аваднёў, кінуўся ў бездань разам з вершнікам і пацягнуў за сабою цэлую звязку жывёлін: лямант чалавека і гронка з сямі звязаных міжсобку мулаў біліся аб звонкія стромы ўступаў і шчылінаў некалькі гадзін запар, і рэха тое гучала доўгія гады ў памяці Фэрміны Дасы. Увесь ейны багаж грымнуўся ў бездань разам з муламі, але ў момант здарэння, што доўжыўся стагоддзямі, пакуль дзесь далёка ўнізе не заглух крык жаху, яна не думала пра беднага паганятага альбо пра звязку сканалых мулаў — яна кляла лёс за тое, што ейны мул не быў у той звязцы. Яна ехала верхам упершыню, аднак жах і мноства цяжкасцяў вандроўкі не здаваліся б ёй гэтак горкімі, калі б не ўпэўненасць у тым, што яна больш ніколі не пабачыць каханага і назаўсёды пазбаўленая таго, што магло яе суцешыць, — ягоных лістоў. З самага пачатку шляху яна ні разу не звярнулася да бацькі, і ён быў такім засмучаным, што гаварыў з ёю толькі ў непазбежных выпадках альбо перадаваў, што трэба, праз паганятых. Калі шанцавала, ім траплялася прыдарожная таверна з горскай кухняй, ад якой яна адмаўлялася, і давалі напракат брызентавыя ложкі, прапітаныя потам і мачою. Часцей за ўсё, аднак, яны праводзілі ноч у індзейскіх паселішчах, дарожных начлежках пад адкрытым небам, якія былі абсталяваныя наўзбоч шляху і выглядалі, як шэрагі падпорак, крытых лісцем горкае пальмы, дзе кожны вандроўнік меў права прыпыніцца да золку. Фэрміне Дасе не ўдалося паспаць ніводнай ночы, яе прабіваў пот, калі яна чула ў цемры мітусню таямнічых вандроўнікаў, якія прывязвалі сваіх мулаў да падпорак і вешалі гамак, дзе было вольнае месца.