23 страница3917 сим.

Тады яна даведалася пра ўсё. Да пачатку вандроўкі Лярэнса Даса зрабіў памылку, тэлеграфам паведаміўшы пра свае намеры швагру Лісымака Санчасу, а той перадаў вестку шырокай і заблытанай чарадзе сваякоў, раскіданай па розных вёсках і хутарах правінцыі. Так што Флярэнтына Арыса не толькі даведаўся пра дакладны маршрут вандроўкі, але яшчэ й скарыстаўся з пачуцця братэрства тэлеграфістаў, якія трымалі след Фэрміны Дасы крок за крокам да апошняга хутара на яе шляху каля мыса Вала. Гэта дазволіла закаханаму Флярэнтына падтрымліваць з ёю інтэнсіўнае ліставанне з моманту яе прыезду ў Вальедупар, дзе яна гасцявала тры месяцы, і да канца вандроўкі ў горадзе Рыёача паўтара года пазней, калі Лярэнса Даса вырашыў, што дачка пра ўсё забылася, і разважыў вярнуцца дадому. Мажліва, ён сам не ўсвядоміў, як паслабіў пільнаванне за дачкою, яму заміналі ганаровыя прыёмы, якія ла­дзілі сваякі па лініі нябожчыцы жонкі, якія пасля доўгіх гадоў варожасці адкінулі ў бок свае кланавыя прымхі і прынялі яго з адкрытым сэрцам, як свайго. Візіт прынёс позняе замірэнне, хоць не дзеля гэтага ладзілася вандроўка. Насамрэч, сям’я нябожчыцы жонкі, Фэрміны Санчас, была катэгарычна супраць яе шлюбу з гаманкім, грубым і бязродным імігрантам, які заўжды быў у раз’ездах, гандлюючы звычайнымі муламі, — такі бізнэс здаваўся ім занадта простым, каб уважаць яго чыстым. Лярэнса Даса ставіў на карту ўсё, бо ён хацеў ажаніцца з самай віднай нявестай тыповага для тых краёў роду, да якога належалі гожыя жанчыны і лёгкія на руку, у сэнсе пусціць у справу зброю, мужчыны з пяшчотным сэрцам і да шаленства развітым пачуццём годнасці. Аднак нябожчыца Фэрміна Санчас, слепа верачы ў прадвызначэнне кахання, якому заміналі ажыццявіцца, капрызна настаяла на сваім і пайшла за яго замуж насуперак сям’і гэтак паспешліва і патаемна, што, здавалася, пайшла не па любові, а таму што нібыта трэба было схаваць пад шлюбным покрывам дачасную незасцярогу.

Праз дваццаць пяць гадоў Лярэнса Даса нават і не падумаў, што ягоная ўпартасць у дачыненні да кахання дачкі была грэшным паўторам яго ўласнай гісторыі, і скардзіўся на сваю бяду ўсім шваграм, якія калісьці не прымалі яго і гэтаксама скардзіліся на яго. Але час, які ён марнаваў на скаргі, дачка выкарыстоўвала дзеля свайго кахання. Так, пакуль бацька лягчаў бычкоў і аб’езджваў мустангаў на ўрадлівых землях сваіх шваграў, дачка вольна гуляла з чародкай сясцёр, на чале якіх стаяла Ільдэбранда Санчас, самая гожая і спрытная з іх, чыё палкае і пазбаўленае будучыні каханне да чалавека, які быў старэйшы за яе на дваццаць гадоў, жанаты і шматдзетны, задавальнялася адно што патаемнымі позіркамі.

Пасля доўгага перабывання ў Вальедупары яны працягнулі шлях прыгор’ем, па квітнеючых далінах і казачных плато, і ўва ўсіх паселішчах іх прымалі, як у першым, — з музыкай і феерверкамі, з новымі кузінамі-саўдзельніцамі і пунктуальнымі тэлеграфнымі пасланнямі. Неўзабаве Фэрміна Даса зразумела, што дзень прыезду ў Вальедупар не быў чымсьці выключ­ным, — у гэтай багатай правінцыі жылі так, нібыта кожны дзень тыдня быў святам. Госці спалі, дзе заспявала іх ноч, і елі, калі было патрэбна, бо дамы ніколі не зачыняліся, заўсёды можна было знайсці павешаны для госця гамак і зборную, з трыма відамі мяса, поліўку на выпадак, калі хто з’яўляўся без папярэдняй тэлеграмы, як здаралася амаль заўжды. Ільдэбранда Санчас суправаджала кузіну да канца вандроўкі, весела ведучы яе скрозь гушчар крэўных сваякоў да каранёў радавога дрэва. Фэрміна Даса ўсвядоміла сябе, упершыню адчула, што яна сама сабе гаспадыня, якую паўсюль суправа­джаюць сябры і якую шануюць, і напоўніцу дыхала паветрам свабоды, якое вярнула ёй супакой і волю да жыцця. Нават у старасці яна прыгадвала гэтую вандроўку, якая з гадамі ўсё больш праяснялася ў памяці ў бліскучым ззянні настальгіі.

Аднойчы ўвечары Фэрміна Даса вярнулася пасля традыцыйнага шпацыру, агаломшаная адкрыццём: усё-такі можна быць шчаслівай без кахання і нават насуперак каханню. Адкрыццё збянтэжыла яе; менавіта тады нейкая чарговая кузіна выпадкова пачула гамонку сваіх бацькоў з Лярэнса Дасам, у якой апошні выказаў ідэю аддаць дачку за адзінага спадкаемца казачнага багацця Клеафаса Маскотэ. Фэрміна Даса ведала яго. Бачыла яго на пляцы, калі той гарцаваў на гожым кані з выдатнымі гунямі, падобнымі на царкоўныя аздабленні; ён быў элегантным і спрытным, ад яго рамантычных веек млелі нават камяні, але яна параўнала яго ў памяці з Флярэнтына Арысам пад мігдалавымі дрэвамі скверыка, бледным і хударлявым, з кніжкаю вершаў на каленках, і не знайшла ў сваім сэрцы ні ценю сумневу.

23 страница3917 сим.