Дагэтуль Флярэнтына Арыса ніколі не выязджаў са свайго горада. Ён узяў бляшаны куфар з вопраткай для ўмоў высакагор’я, раманы з ілюстрацыямі, што выходзілі з працягам штомесяц, і ён іх сам пераплятаў у цвёрдую вокладку, а таксама зборнікі вершаў пра каханне. Гэтыя зборнікі былі настолькі зачытаныя, што вось-вось маглі рассыпацца ў пыл. Ён пакінуў скрыпку, бо яна надта атаясамлівалася з ягоным горам. Маці змусіла яго ўзяць з сабою ношу са спальнымі рэчамі, што ўлучала падушку, прасціну, ацынкаваны тазік і вязаны полаг ад маскітаў, і ўсё гэта было загорнутае ў цыноўку з дзвюма вяроўкамі, каб павесіць, як гамак, у непрадбачаным выпадку. Флярэнтына Арыса не хацеў вазіцца з ношкай: думаў, што ўсё гэта ніяк не спатрэбіцца ў каюце з нармальным ложкам, аднак у першую ж ноч у думках падзякаваў маці за дзівосную інтуіцыю. Насамрэч у апошнюю хвіліну на борт карабля ўзняўся пасажыр у фраку, які прыбыў на золку з Еўропы, і яго суправаджаў асабіста губернатар правінцыі. Пасажыр пажадаў, не адкладваючы, працягнуць вандроўку з жонкай, дачкой, лёкаем у ліўрэі ды сямю куфрамі з залачонай абіўкай, якія з цяжкасцю праходзілі па вузкіх карабельных лесвіцах. Капітан, волат з Курасао, здолеў закрануць патрыятычныя пачуцці крэолаў, каб уладкаваць нечаканых гасцей. Флярэнтына Арысу ён патлумачыў на сумесі іспанскай і піджыну пап’ямэнта, што чалавек у фраку — новы паўнамоцны амбасадар з Англіі, які накіроўваецца ў сталіцу рэспублікі. Капітан нагадаў яму пра вырашальную ролю Злучанага Каралеўства ў справе здабычы незалежнасці ад іспанскага прыгнёту, і было відавочна, што ўсялякая ахвяра з боку патрыётаў будзе нішчымнай, толькі б годнае сямейства адчувала сябе ў нашым доме лепш, чым ва ўласным. Флярэнтына Арыса, вядома ж, адмовіўся ад свайго спальнага месца ў каюце.
Напачатку ён не шкадаваў пра гэта, бо рака пад тую пару года была шматводная, і карабель плыў без перашкодаў на працягу першых дзвюх начэй. Пасля вячэры, а шостай, матросы раздавалі пасажырам брызентавыя раскладушкі, і кожны ставіў сваю, дзе ўдавалася, слаў тое, што захапіў з дому, і ратаваўся полагам ад маскітаў. Раскладушак на ўсіх не хапала. У каго быў гамак, той вешаў яго ў салоне, а тыя, у каго нічога не было, начавалі на сталах у агульнай ядальні, ахінаючыся абрусамі, што мяняліся не больш, чым два разы за вандроўку. Флярэнтына Арыса большую частку ночы не спаў. Ён чуў пругкі пошум свежага рачнога брызу, і яму мроіўся голас Фэрміны Дасы, ён сілкаваў самоту ўспамінамі, чуў яе спевы ў подыху карабля, што рушыў скрозь туман крокамі вялізнага драпежніка, пакуль не з’яўляліся першыя ружовыя палосы на даляглядзе, і новы дзень раптам не выбухаў святлом над пустэльнымі пашамі і затуманенымі багнамі. Тады вандроўка здавалася яму яшчэ адным доказам мудрасці маці, ён адчуваў прыліў сіл і гатоўнасць неяк забыць мінулае.
Глыбакаводдзя хапіла на тры дні, далей навігацыя стала цяжкой праз пясчаныя мелі і ліхія віры, што ўзнікалі раптоўна. Рака замуцілася, усё больш звужалася, яе цясніла густая сэльва з вялізнымі дрэвамі, дзе толькі час ад часу трапляўся саламяны будан са складзенымі побач дровамі для карабельных катлоў. Тарабаршчына папугаяў і віскат нябачных малпаў нібы яшчэ больш павялічвалі паўдзённую спякоту. Але ўначы, калі трэба было спаць, карабель спынілі, і тады само жыццё здавалася нясцерпным катаваннем. Да спякоты і амерыканскіх маскітаў дадавалася выпрабаванне смуродам ад салёнага мяса, якое сушылася на парэнчах палубы. Бальшыня пасажыраў, і перадусім еўрапейцы, пакідалі смуродныя каюты і начамі шпацыравалі па адкрытай палубе, адганяючы розных інсектаў тымі ж ручнікамі, якімі выціралі няспынны пот, і на золку былі стомленыя ды апухлыя ад укусаў.
Апрача таго, у той год распачаўся яшчэ адзін эпізод бясконцай грамадзянскае вайны паміж лібераламі і кансерватарамі, і капітан прыняў суворыя меры засцярогі дзеля аховы парадку і бяспекі пасажыраў на караблі. Каб пазбегнуць памылак і правакацый, ён забараніў любімую ў вандроўках таго часу забаўку — стральбу па кайманах, што грэліся на сонцы на берагах ракі. Пазней, калі частка пасажыраў у выніку агульнай дыскусіі раздзялілася на два варожыя бакі, ён адабраў зброю ўва ўсіх і даў слова вярнуць яе напрыканцы вандроўкі. Ён быў непахісным нават у дачыненні да брытанскага амбасадара, які на золку другога дня з’явіўся на палубе ў вопратцы паляўнічага, узброены карабінам з аптычным прыцэлам і дубальтоўкай для палявання на тыграў. Абмежаванні сталі больш жорсткімі за портам Тэнэрыфэ, калі яны размінуліся з караблём пад жоўтым сцягам, які азначаў, што на борце былі хворыя на халеру. Капітан не атрымаў ніякай дадатковай інфармацыі, бо сустрэчны карабель не адказаў на ягоныя сігнальныя запыты. Але ў той жа дзень сустрэлі іншы карабель з грузам быдла для Ямайкі, і ягоны капітан перадаў, што на караблі пад халерным сцягам везлі двух хворых, а эпідэмія лютавала на ўчастку ракі, у які яны толькі ўвайшлі. Тады пасажырам забаранілі сыходзіць на бераг не толькі ў партах, але і ў бязлюдных мясцінах, куды яны падыходзілі загружацца дровамі. Так што за астатнія шэсць дзён вандроўкі пасажыры набылі турэмныя звычкі. Сярод іх — такую брыдкую, як разгляданне пакунка галандскіх парнаграфічных паштовак, што перадаваўся з рук у рукі. Ніхто не падазраваў нават, адкуль яны ўзяліся, хоць усе ветэраны навігацыі ведалі, што гэта была мізэрная частка з капітанавай калекцыі. Аднак гэтая забаўка, зрэшты, толькі падкрэслівала нуду.
Флярэнтына Арыса трываў цяжкасці вандроўкі з каменнай цярплівасцю, якая зазвычай прыводзіла ў адчай ягоную маці і раздражняла сяброў. За ўвесь шлях ён ні з кім не пагутарыў. Ён не нудзіўся, днямі седзячы каля парэнчаў палубы, скуль глядзеў на нерухомых кайманаў пад сонцам на беразе ракі, якія адкрывалі пашчу, каб лавіць матылькоў, бачыў чароды чапляў, якія раптам узляталі, зляканыя, над багнай, ламанцінаў, што кармілі сваіх малых вялізнымі цыцкамі і пужалі пасажыраў жаночым лямантам. За адзін дзень міма праплылі распухлыя і ззелянелыя рэшткі трох нябожчыкаў, на якіх сядзелі грыфы. Напачатку праплылі целы двух мужчынаў, адзін — без галавы, а пасля — рэшткі малое дзяўчынкі, ейныя валасы, бы медуза, калыхаліся ў кільватэрным струмені карабля. Як заўсёды, ніхто не ведаў, чые гэта ахвяры, халеры альбо вайны, але агідны смурод засціў нават Флярэнтынавы згадкі пра Фэрміну Дасу.