Ён стаўся яе ахвярай у апошняй каюце, але яна спалучалася з перадапошняй праходнымі дзвярыма, так што каюты ператвараліся ў сямейную спальню з чатырма ложкамі. Займалі каюты дзве маладыя кабеты і трэцяя, што выглядала выдатна, але была старэйшая за іх, а таксама немаўля, якому было некалькі месяцаў. Яны селі на карабель у Баранка-дэ-Лёбе, мясцовы порт абслугоўваў грузы і пасажыраў з Мампоксу[15] ад тае пары, як гэты горад застаўся ўбаку ад параходных маршрутаў з-за капрызаў ракі, і Флярэнтына Арыса тады звярнуў увагу на іх толькі таму, што яны неслі соннае немаўля ў вялізнай птушынай клетцы.
Яны былі апранутыя, як на наймаднейшых трансатлантычных караблях, з турнюрамі пад шаўковымі спадніцамі і карункавымі каўнярамі на старажытны лад. Насілі яны шырокаполыя капелюшы, аздобленыя крыналінавымі кветкамі, а маладыя кабеты пераапраналіся з ног да галавы колькі разоў на дзень, так што яны выпраменьвалі вясновую свежасць, калі астатнія пасажыры задыхаліся ад спякоты. Усе тры спрытна карысталіся парасонамі і веерамі з пёраў, аднак мелі нейкія загадкавыя намеры, як усе жыхаркі Мампоксу тых часоў. Флярэнтына Арысу не ўдалося высветліць нават сваяцкіх сувязяў паміж імі, хоць, без сумневу, яны належалі да адной сям’і. Напачатку ён падумаў, што старэйшая магла б быць маці маладых, але потым здагадаўся, што розніца ў гадах была не такой і вялікай. Апрача таго, яна яшчэ насіла адзнакі жалобы, якой не падзялялі астатнія. Ён не ўяўляў, каб адна з іх магла наважыцца на такі адчайны ўчынак, калі астатнія спалі на суседніх ложках; адзіна лагічнае меркаванне таілася ў тым, што яна выкарыстала выпадковы альбо дамоўлены з імі момант і засталася адна ў каюце. Ён праверыў: часцяком дзве з іх дыхалі свежым паветрам на палубе да ночы, пакуль трэцяя прыглядала за дзіцём у каюце, але аднойчы ўначы пры невыноснай спякоце яны выйшлі разам, нават узялі соннае немаўля ў клетцы, ахінутай лёгкім полагам.
Нягледзячы на поўную нявызначанасць прыкмет, Флярэнтына Арыса паспяшаўся адкінуць меркаванне, што аўтаркай нападу была старэйшая з іх, і адразу зняў таксама віну з малодшай, самай гожай і, напэўна, дзёрзкай. Ён думаў так беспадстаўна, толькі таму, што пільнае віжаванне за імі падвяло яго да жарснага жадання, а не да ісціны, і ён вырашыў, што яго маланкавай палюбоўніцай была маці немаўляткі. Гэтая версія была такой прынаднай, што ён стаў думаць пра яе часцей, чым пра Фэрміну Дасу. Яго не турбаваў відавочны факт — маладая маці жыла толькі дзеля дзіцяці. Ёй было не больш за дваццаць пяць гадоў, і яна была ладнай ды светлай, даўгія партугальскія вейкі рабілі яе яшчэ больш далёкай, і ўсялякі мужчына быў бы шчаслівы нават ад драбніцы тае пяшчоты, з якой яна лашчыла сына. Ад самага сняданку да ночы яна займалася дзіцём у салоне, пакуль астатнія гулялі ў кітайскія шашкі, і як толькі ўдавалася ўлюляць яго, яна вешала клетку каля парэнчаў, на самым свежым месцы. Але яна не пакідала дзіця, нават калі яно спала, а гушкала клетку, ціха спяваючы дзявочыя песні, і яе думкі луналі ў аблоках. Флярэнтына Арыса ўхапіўся за саломінку ілюзорнае думкі, маўляў, рана ці позна яна мусіла выдаць сябе хоць бы адным жэстам. Ён сачыў за яе дыханнем па рухах медальёна над батыставай блузкай, разглядваў яе з-за стосу кніжак, якія нібыта збіраўся чытаць, і адважыўся перасесці ў ядальні на іншае месца, каб апынуцца насупраць яе. Аднак ён нічога не высветліў, не дазнаўся, ці валодае яна другою паловай ягонае таямніцы. Ад яе засталося толькі імя, і тое таму, што маладзейшая дзяўчына звярнулася да яе: Расальба.
Ішоў восьмы дзень падарожжа. Карабель з цяжкасцю прасоўваўся па вузкай ды мутнай цясніне паміж мармуровымі ўступамі і да абеду прышвартаваўся ў Пуэрта-Нарэ. Там мусілі высадзіцца пасажыры, якія накіроўваліся ўглыб Антыёцкай правінцыі, што найбольш пакутавала ад новай грамадзянскай вайны. Порт складаўся з паўтузіна пальмавых хацін і харчовага склада з цынкавым дахам, а ахоўвалі яго некалькі патрулёў — босыя і кепска ўзброеныя салдаты, — бо прасачылася вестка пра намер паўстанцаў рабаваць мінаючыя караблі. За хаткамі да самых нябёсаў уздымаўся неадольны горны ланцуг з падковападобным карнізам, выбітым каля краю бездані. Ніхто на борце карабля не здолеў заснуць, аднак уначы нападу не было, і на золку людзі пачалі збірацца на нядзельны кірмаш — індзейцы гандлявалі амулетамі з какосавых пладоў і эліксірам кахання, вокал стаялі нагружаныя мулы, падрыхтаваныя да шасцідзённага пад’ёму ў архідэйныя сельвы цэнтральнага горнага ланцуга.
Флярэнтына Арыса глядзеў, як мурыны разгружалі карабель — яны выносілі на бераг кашы з кітайскаю парцалянай, раялі для старых дзевак з Энвігада, — і надта позна заўважыў, што сярод пасажыраў, што заставаліся, былі Расальба і яе спадарожніцы. Ён убачыў іх, калі жанчыны ўжо ад’язджалі ад порта верхам, седзячы ў сёдлах на адзін бок, у амазонскіх ботах і з парасонамі экватарыяльных колераў. Тады ён пайшоў на ўчынак, на які не асмельваўся ў папярэднія дні: памахаў Расальбе рукой на развітанне, і раптам усе тры жанчыны адказалі яму тым жа, прычым нейк па-свойску, і ў душы зашчыміла за надта познюю адвагу. Ён убачыў, як яны паварочвалі за складам, за імі ішлі мулы, нагружаныя куфрамі, скрынямі для капелюшоў, тамсама была і клетка немаўляці, а крыху пазней ён угледзеў, як яны караскаліся чародкай мурашак па краі бездані і знікалі з ягонага жыцця. Тады ён адчуў нясцерпную самоту, і ўспамін пра Фэрміну Дасу, які стаіўся апошнімі днямі, намёртва ўчапіўся ў яго.