48 страница3292 сим.

Аднойчы ўвечары ён застаўся працаваць запозна, як рабіў усё часцей пасля смерці маці, і, сыходзячы, заўважыў, што ў кабінеце Леоны Касіяні гарыць святло. Ён адчыніў дзверы без стуку, — яна была там, засяроджаная, сур’ёзная, у новых акулярах, якія надавалі яе твару выгляд прафесаркі. Флярэнтына Арыса здагадаўся з трапяткой радасцю, што яны ў канторы адны, прычалы былі пустыя, спрадвечная ноч ахінала змрочнае мора, сумны рык карабля чуўся здалёк, да ягонага прыбыцця міне больш за гадзіну. Флярэнтына Арыса абапёрся рукамі на парасон, як зрабіў тады ў Ліхтарным завулку, загарадзіўшы ёй дарогу, толькі цяпер ён зрабіў так, каб схаваць дрыжыкі ў каленях.

— Скажы мне, ільвіца маёй душы, — сказаў ён, — калі ж мы выйдзем з гэтага становішча?

Яна зняла акуляры без здзіўлення, не збянтэжылася і асляпіла яго сваім сонечным смехам. Яна ніколі не была з ім на «ты».

— Ай, Флярэнтына Арыса, — усклікнула яна, — я дзесяць гадоў сяджу тут і чакаю гэтага пытання.

Так, ён безнадзейна спазніўся: мажлівасць збліжэння была ў трамваі, потым у тым жа кабінеце, дзе яна сядзела, але цяпер усё мінулася без следу. Прайшлі незлічоныя і прытоеныя спрэчкі, жорсткія гнюснасці, да якіх яна прыбягала дзеля яго, узмацнілася адчуванне дваццацігадовае розніцы ў гадах, і Лео­на таксама састарылася. Яна так яго кахала, што вырашыла не падманваць, а сказаць праўду, няхай і жорсткую.

— Не, — дадала яна. — Гэта было б, нібыта я пераспала з уласным сынам, якога Бог мне не даў.

Флярэнтына Арыса застаўся са стрэмкаю ў душы, бо не ягонае слова было апошнім. Ён думаў, што калі жанчына кажа «не», дык чакае, каб настойвалі, і толькі потым прымае канчатковае рашэнне, але з ёю было інакш: ён не мог рызыкаваць, каб не памыліцца другі раз. Так і сышоў, нібыта нават у добрым гуморы, што далося яму нялёгка. З тае ночы ўсялякі цень, які пралягаў паміж імі, адразу рассейваўся без горычы, і Флярэнтына Арыса, нарэшце, уцяміў, што можна быць сяб­рам жанчыны без фізічнае блізкасці.

Леона Касіяні была адзіным чалавекам у свеце, якому Флярэнтына Арысу карцела адкрыць таямніцу пра Фэрміну Дасу. Малое кола людзей, якія ўсё ведалі, за прамінулы час паспелі на тое забыцца. Трое з іх знеслі таямніцу ў магілу: маці, якая задоўга да смерці страціла памяць; Гала Плясыдыя, якая сканала ў глыбокай старасці на службе ў Фэрміны Дасы, што была для яе амаль дачкою, дый незабыўная Эскалястыка Даса, якая занесла яму ў малітоўніку першы любоўны ліст, наўрад ці была жывой, бо прайшло зашмат гадоў. Лярэнса Даса, пра якога ён здаўна нічога не чуў, мог распавесці ўсё манашцы Францы дэ ля Люс, спрабуючы ўратаваць дачку ад выключэння са школы, але далейшае распаўсюджанне таямніцы было малаверагодным. Заставалася ў спісе адзінаццаць тэлеграфістаў далёкае правінцыі, дзе жыла Ільдэбранда Санчас, якія ў тэлеграмах пазначалі іхныя імёны цалкам і дакладныя адрасы кожнага, і, зрэшты, сама Ільдэбранда Санчас са сваім картэжам няўрымслівых кузін.

Чаго не ведаў Флярэнтына Арыса, дык гэта таго, што доктара Хувэналя Урбіна таксама трэба было ўключыць у спіс. Ільдэбранда Санчас адкрыла яму таямніцу падчас аднаго з пер­шых візітаў у горад. Але яна зрабіла гэта так выпадкова і недарэчна, што доктару Урбіна нават не тое, каб заляцела ў адно вуха, а ў другое вылецела, як яна думала, а проста не заляцела ў ніводнае. Ільдэбранда насамрэч назвала Флярэнтына Арысу невядомым паэтам, які, на яе погляд, меў шанец стацца лаўрэатам Паэтычных гульняў. Доктар Урбіна з цяжкасцю прыгадаў, пра каго ішла размова, і яна дадала яму без усялякай неабходнасці, але й без злога намеру, што гэта быў адзіны кавалер Фэрміны Дасы да яго. Яна была ўпэўненая ў тым, што наіўны, імгненны сказ мог выклікаць адно што замілаванне. Доктар Урбіна адказаў, не гледзячы на яе: «Я не ведаў, што гэты тып — паэт». І сцёр яго з памяці. Між іншым, праз прафесійную здольнасць забывацца на многае дзеля этыкі.

48 страница3292 сим.