Цыклон прамінуў раптоўна, як і прыйшоў, але за пятнаццаць хвілін паўночна-заходнія парывы спляжылі цэлыя кварталы каля багнаў і зруйнавалі паўгорада. Доктар Хувэналь Урбіна, задаволены не першы раз шчодрасцю дзядзькі Леона XII, не дачакаўся поўнага праяснення і няўцям знёс парасон Флярэнтына Арысы, які той даў яму, каб дайсці да пралёткі. Але Флярэнтына не шкадаваў. Наадварот, яго ўзрадавала думка: Фэрміна Даса мусіць задумацца, калі дазнаецца, чый гэта парасон. Ён яшчэ быў усхваляваны, узрушаны сустрэчай, калі Леона Касіяні праходзіла каля яго кабінета, і, натуральна, вырашыў, што вось ён — чаканы выпадак; ён адкрые ёй таямніцу, нібы разаб’е гняздо ластавак, што не давалі жыць, — зараз альбо ніколі. Ён спыніў яе і напачатку спытаў, што яна думае пра доктара Хувэналя Урбіна. Яна адказала адразу ж: «Чалавек, заклапочаны мноствам спраў, мажліва, надта заклапочаны, але, хутчэй за ўсё, ніхто не ведае, пра што ён думае». Затым пагрызла ласцік алоўка вострымі, буйнымі зубамі вялікае мурынкі і нарэшце паціснула плячыма, нібыта закрываючы пытанне, якое яе не хвалявала.
— Мажліва, ён выдумляе сабе заняткі, — сказала яна, — каб не думаць.
Флярэнтына Арыса паспрабаваў затрымаць Леону.
— Мне баліць, што ён мусіць памерці, — выказаў ён.
— Усім наканавана памерці, — адказала яна.
— Зразумела, але яму больш, як каму, — настойваў Флярэнтына.
Яна нічога не ўцяміла, зноўку паціснула плячыма ды моўчкі пайшла. Тады Флярэнтына Арыса на перспектыву вырашыў, што аднойчы ў будучыні, уначы, ён распавядзе Фэрміне Дасе ў шчаслівым ложку, што нікому не адкрыў таямніцы іх кахання, нават адзінаму чалавеку, які заслугоўваў права ведаць пра гэта. Не, ён не адкрыецца ніколі, нават самой Леоне Касіяні, і не таму, што не хацеў ёй адчыніць куфар, дзе так надзейна хаваў таямніцу на працягу паўжыцця. Рэч у іншым: толькі тады ён здагадаўся, што сам згубіў ключ.