Флярэнтына Арыса дазнаўся пра гэта шмат дзён пазней, калі схапілі мужа, што кінуўся наўцёкі, і той распавёў журналістам аб прычынах і спосабе забойства. Цягам многіх гадоў Флярэнтына Арыса з жахам думаў пра лісты з подпісам, ведучы рахунак гадам зняволення забойцы, які добра ведаў яго па справах, бо ён жа карыстаўся караблямі кампаніі. Ён не так баяўся ўдару лязом па шыі альбо публічнага скандалу, як фатальнасці таго, што Фэрміна Даса можа дазнацца пра ягоную нявернасць. Адным з тых дзён прыдушанага чакання жанчына, якая даглядала Трансыту Арысу, затрымалася на рынку даўжэй, чым заўсёды, праз раптоўную навальніцу, і калі вярнулася дамоў, знайшла Трансыту Арысу мёртвай. Яна сядзела на гушкалцы з вянком з папяровых кветак на галаве, нафарбаваная, як заўжды, але з вачыма такімі жывымі і з такой хітраватай усмешкай на вуснах, што жанчына толькі праз дзве гадзіны заўважыла, што Трансыта была нежывая. Незадоўга да смерці Трансыта Арыса раздала суседскім дзецям каштоўныя камяні і залатыя рэчы са збаноў, што датуль перахоўваліся пад ложкам, прыгаворваючы, што гэта цукеркі, іх можна есці, і некаторыя найкаштоўнейшыя рэчы вярнуць не ўдалося. Флярэнтына Арыса пахаваў маці ў старажытным маёнтку Ля-Мана-дэ-Д’ёс, які быў вядомы як Халерныя могілкі, і над магілкай пасадзіў ружовы куст.
У часе самых першых наведванняў могілак Флярэнтына Арыса выявіў, што непадалёк пахаваная і Алімпія Сулета, без помніка, але імя і дата былі выведзеныя пальцам па свежым бетоне надмагільнай пліты, і Флярэнтына Арыса ў жаху падумаў, што тое была крывавая кпіна ейнага мужа. Калі ружовы куст квітнеў, ён употай пакідаў адну ружу на магілцы Алімпіі Сулеты, а пазней пасадзіў чаранок ад матчынага куста. Кусты так забуялі, што Флярэнтына Арыса мусіў браць з сабою садовыя нажніцы ды іншыя інструменты, каб іх парадкаваць. Але гэта было вышэй за ягоныя сілы, — праз пару гадоў кусты распаўзліся, як пустазелле, сярод магіл, і людзі перайменавалі былыя Халерныя могілкі ў Ружовыя, пакуль нейкі алькальд, які сваім здаровым сэнсам саступаў народнай мудрасці, не загадаў выкарчаваць за ноч усе ружы і павесіць на ўваходнай арцы новую назву ў рэспубліканскім стылі: Універсальныя могілкі.
Матчына смерць зноўку прысудзіла Флярэнтына Арысу да суворага распарадку: кантора, сустрэчы з чарговымі каханкамі па жорсткім графіку, партыі даміно ў Камерцыйным клубе, тыя ж кніжкі пра каханне, нядзельныя наведванні могілак. Гэта была іржа руціны, ганебная і страшная, якая, аднак, ратавала яго ад усведамлення свайго веку. Але неяк нядзельным снежаньскім днём, калі садовыя нажніцы ўжо не дапамагалі ў барацьбе супраць ружовага кустоўя, ён заўважыў, што ластаўкі сядзяць на толькі што працягнутых электрычных лініях. Ён раптоўна ўцяміў, колькі часу мінула пасля матчынай смерці, і колькі — з дня забойства Алімпіі Сулеты, а яшчэ колькі — з іншага, далёкага снежаньскага вечара, калі Фэрміна Даса даслала яму ліст, у якім пісала, што так, што будзе кахаць яго вечна. Да гэтага дня ён жыў так, нібы час мінае толькі для іншых. А вось на мінулым тыдні ён сустрэў на вуліцы адну са шматлікіх параў, якія злучыліся дзякуючы напісаным ім лістам, і не пазнаў першынца, свайго хрэсніка. Ён выйшаў з няёмкага становішча пры дапамозе гучнай дзяжурнай фразы: «О, дык ён ужо сапраўдны мужчына!» Флярэнтына Арыса застаўся, якім быў раней, і пасля першых сігналаў трывогі ягонага цела, бо датуль здароўе ў яго было бы каменным, як ва ўсіх знешне хваравітых людзей. Трансыта Арыса часта казала: «Мой сын хварэў толькі на халеру». Яна блытала халеру з каханнем, зразумела, яшчэ задоўга да таго, як страціла памяць. Але так ці інакш, яна памылялася, бо яе сын патаемна перажыў шэсць трыпераў, хоць лекар сцвярджаў, што іх было не шэсць, а адзін — усё той самы, які чапляўся зноў пасля кожнага прайгранага двубою. Апрача таго, у яго быў аднойчы бубон, чатыры разы чыры і шэсць разоў экзэмы, аднак ні яму, ні якому-кольвек іншаму мужчыну не прыйшло б да галавы лічыць гэта нечым іншым, чым баявымі трафеямі.
Толькі-толькі адзначыўшы саракагоддзе, яму давялося звярнуцца да лекара са скаргай на незразумелы боль у розных частках цела. Пасля некалькіх аглядаў лекар зрабіў выснову: «Гэта праблемы веку». Ён заўсёды вяртаўся дамоў і нават не пытаўся ў сябе, ці сапраўды ўсё гэта мае дачыненне да яго. Адзіная кропка адліку яго мінулага была ў каханні да Фэрміны Дасы, і толькі тое, што адносілася да яе, тычылася і пражытага жыцця. Так што ў дзень, калі Флярэнтына Арыса бачыў ластавак на электрычных лініях, ён перабіраў мінулае з самага далёкага ўспаміну. Ён прыгадваў выпадковых каханак, незлічоныя рыфы, якія абыходзіў, каб здабыць пасаду загадчыка кампаніі. На памяць прыйшло мноства інцыдэнтаў, справакаваных бязлітасным рашэннем пра тое, што Фэрміна Даса будзе з ім і ён з ёю, што б ні здарылася, насуперак перашкодам. І толькі тады ён уцяміў, што жыццё мінае. Яго ўсхваляваў глыбінны жар, які ішоў з нетраў цела, у вачах сцямнела, і яму давялося кінуць на зямлю садовыя інструменты і абаперціся аб глухую сцяну могілак, каб яго не кінуў на зямлю першы ўдар драпежнай лапы смерці.