Фэрміна Даса трымалася за мужа. Тым часам і муж усё больш адчуваў патрэбу ў ёй, бо апярэджваў яе ў веку на дзесяць гадоў, хістаючыся самотна ў тумане старасці і слабеючы як мужчына. Зрэшты яны настолькі спазналі адно аднаго, што, дасягнуўшы трыццацігоддзя сумеснага жыцця, сталіся нібыта адной істотай з двума тварамі і пачуваліся няёмка, калі часта ненаўмысна ўгадвалі думкі адно аднаго альбо калі прылюдна незнарок вымаўлялі тое, што мусіў сказаць другі. Яны разам пераадолелі будзённыя непаразуменні, раптоўныя пыханні гневу на ўзаемныя гідоты і казачныя бліскавіцы шлюбнае блізкасці. Пад той час яны кахалі адно аднаго без спеху, не перагінаючы палкі, і абое былі свядома ўдзячныя адно аднаму за невераемныя перамогі над злыбедамі. Жыццё, зразумела, гатавала ім і іншыя смяротныя выпрабаванні, але гэта ўжо не было такім важным: яны былі на другім беразе жыцця.
З прычыны наступлення новага стагоддзя была падрыхтаваная незвычайная праграма ўрачыстасцяў, сярод якіх самай незабыўнай сталася першая вандроўка на паветраным шары, плён невычэрпнай ініцыятывы доктара Урбіна. Паўгорада сабралася на Арсенальным пляцы, каб палюбавацца вялізным шарам з тафты колераў нацыянальнага сцяга, які павёз першую паветраную пошту ў Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагу — трыццаць ліг на паўночны ўсход напрасткі. Доктар Хувэналь Урбіна з жонкаю, якія зведалі хваляванні палёту на Сусветнай выставе ў Парыжы, першымі ўзняліся ў лазовую гандолу, за імі рушыў бартавы інжынер і шэсць ганаровых гасцей. Яны везлі муніцыпальным уладам Сан-Хуан-дэ-ля-Сіенагі ліст губернатара правінцыі, у якім фіксаваўся гістарычны факт першай перасылкі пошты паветраным шляхам. Рэпарцёр з «Камерцыйнай газеты» спытаў у доктара Хувэналя Урбіна, якія былі б ягоныя развітальныя словы ў выпадку, калі ён загіне ў палёце, і доктар, не задумваючыся, выдаў адказ, за які пасля многія яго лаялі. “На мой погляд, — сказаў ён, — XIX стагоддзе скончылася для ўсяго свету, але толькі не для нас”.
Згублены сярод наіўнага натоўпу, які заспяваў нацыянальны гімн, калі паветраны шар пачаў набіраць вышыню, Флярэнтына Арыса пагадзіўся з чалавекам, які каментаваў у натоўпе, што падобная авантура не пасуе жанчыне, тым больш, у веку Фэрміны Дасы. Дарэчы, вандроўка выявілася не такой ужо небяспечнай. Прынамсі, было болей прыгнечанасці, чым небяспекі. Паветраны шар даляцеў да пункту прызначэння без перашкодаў, палёт быў спакойным, неба — неверагодна сінім. Яны ляцелі добра і вельмі нізка з прыемным спадарожным ветрам, спачатку над заснежанымі вяршынямі ўзгор’я, а пасля над бясконцаю багнай Сіенагі-Грандэ.
З нябёсаў яны бачылі, як бачыць іх Бог, руіны старажытнага і гераічнага горада Картахэна-дэ-Інд’яс; гэта быў найпрыгажэйшы горад у свеце, пакінуты жыхарамі ў паніцы перад халерай, хоць да таго яны цягам трох стагоддзяў трывалі блакады ангельцаў ды флібусцьерскія набегі. Яны бачылі некранутыя муры фартэцыі, пустазелле на вуліцах, умацаванні, ахінутыя дываном з братак, мармуровыя палацы і залатыя алтары, віцэ-каралёў, што згнілі жыўцом ад халеры ў сваіх даспехах.
Яны ляцелі над старажытнымі забудовамі на палях Трохас-дэ-Катакі, пафарбаванымі ў вар’яцкія колеры, угледзелі фермы, дзе разводзілі ігуанаў на мяса, гронкі бальзаміну і вадзяныя астры ў садовых сажалках. Сотні голых дзяцей кідаліся ў ваду. Яны былі радасна ўзбуджаныя ад азартных выклікаў і скакалі з вокнаў, ляцелі ў ваду з дахаў дамоў, а таксама з лодак, якімі яны кіравалі з дзівосным спрытам. Яны сноўдалі ў вадзе, нібыта рыбіны-шалёнкі, каб злавіць торбу з вопраткай, флакон з пілюлямі ад кашлю, харчы — гожая жанчына ў капелюшы з плюмажам кідала ім усё гэта з гандолы паветранага шара.
Яны ляцелі, пакідаючы за сабой бананавыя плантацыі, падобныя да акіяна, поўнага таямніцаў і ценяў, і ціша ўздымалася да іх выпарэннямі смерці. Фэрміна Даса прыгадала сябе малой дзяўчынкай — ёй было тры, сама больш чатыры гады, калі яна шпацыравала па змрочным лясным гушчары за руку з маці. Маці таксама выглядала зусім маладой сярод дам у муслінавых строях, як і яна, у газавых капелюшах і з белымі парасончыкамі. Аэранаўт, які кіраваў паветраным шарам, праз бінокль разглядаў наваколле. «Яны як мёртвыя», — раптам сказаў ён. І перадаў бінокль доктару Хувэналю Урбіна, і той убачыў калёсы сярод раллі з упрэжанымі валамі, межавыя слупы ўздоўж чыгункі, застылыя ірыгацыйныя каналы, і паўсюль, дзе толькі спыняўся позірк, ён бачыў раскінутыя целы людзей. Хтосьці сказаў, што зноў халера спусташае паселішчы ў раёне Сіенагі-Грандэ. Доктар Урбіна адказаў, не адводзячы вачэй ад бінокля:
— Гэта мусіць быць вельмі спецыфічны від халеры, бо ў кожнага чалавека ў патыліцы — след ад «кулі міласэрнасці».