Здзіўлены трывожным голасам кліента, рамізнік спрабаваў узняць кабылу, не расперазаўшы яе, і колавы стрыжань экіпажа трэснуў. Флярэнтына Арыса выйшаў, як мог, церпячы сорам пад моцным дажджом, і людзі з іншых экіпажаў прапаноўвалі адвезці яго дамоў. Пакуль ён чакаў, пакаёўка сям’і Урбіна ўгледзела чалавека ў мокрай вопратцы, які боўтаўся па калена ў вадзе, і вынесла яму парасон, каб ён перачакаў на тэрасе. Флярэнтына Арыса не мог і марыць пра такую ўдачу ў сваіх неўтаймаваных мроях, аднак тады лепш было б памерці, чым паказацца Фэрміне Дасе ў гэткім выглядзе.
Калі яны жылі ў старой частцы горада, кожную нядзелю Хувэналь Урбіна з сям’ёю хадзілі пешшу ў кафедральны сабор на ранішнюю імшу а восьмай. Гэта была, хутчэй, свецкая, чым рэлігійная звычка. Пазней, калі яны пераехалі ў новы дом, то ездзілі на экіпажы некалькі гадоў запар, і часам затрымліваліся з сябрамі пад пальмамі парку. Але праз нейкі час у межах квартала Ля-Манга семінарыя збудавала храм з закрытым пляжам і ўласнымі могілкамі, і сям’я ўжо ездзіла ў кафедральны сабор толькі ў асабліва ўрачыстых выпадках. Не ведаючы пра гэта, Флярэнтына Арыса чакаў некалькі нядзеляў на тэрасе Прыходскай кавярні і назіраў за выхадам паствы з кожнай імшы. Урэшце ён зразумеў сваю памылку і з’ездзіў у новы касцёл, які доўга заставаўся ў модзе, і там знайшоў доктара Хувэналя Урбіна з дзецьмі, яны прыходзілі дакладна а восьмай усе чатыры нядзелі жніўня, але Фэрміны Дасы з імі не было. У адну з нядзеляў ён наведаў новыя могілкі, якія месціліся побач, дзе жыхары Ля-Мангі будавалі свае шыкоўныя пантэоны, і ягонае сэрца здрыганулася, калі ён угледзеў найлепшы з пантэонаў пад раскідзістымі сейбамі, ужо завершаны. Флярэнтына Арыса бачыў гатычныя вітражы і мармуровых анёлаў, надмагільныя камяні ўсёй сям’і з надпісамі золатам. Сярод іх, зразумела, было і надмагілле донны Фэрміны Дасы дэ Урбіна дэ ля Калле, а затым і ейнага мужа, але з агульнай эпітафіяй: «Разам і ў Божым спачыне».
Да канца года Фэрміна Даса не з’явілася ні на адной з грамадскіх урачыстасцяў. Не з’явілася і на калядных святкаваннях, на якіх яна разам са сваім мужам зазвычай былі ганаровымі галоўнымі ўдзельнікамі. Але асабліва заўважнай стала яе адсутнасць на інаўгурацыі опернага сезона. Падчас антракту Флярэнтына Арыса заспеў людзей, якія, безумоўна, гаварылі пра Фэрміну Дасу, не называючы яе. Гаварылі, што хтосьці бачыў, як апоўначы аднаго з дзён чэрвеня мінулага года яна паднялася на борт трансатлантычнага карабля фірмы Кунард, які накіроўваўся ў Панаму, што на ёй быў цёмны вэлюм, каб ніхто не заўважыў псоты ад саромнае хваробы, што жэрла яе. Другі спытаў, якая страшная хвароба асмелілася прыстаць да жанчыны з такой уладай, на што атрымаў злосны адказ:
— Слынная дама здольная захварэць толькі на сухоты.
Флярэнтына Арыса ведаў, што багацеі ягонай зямлі не хварэлі па дробязях. Яны альбо раптоўна паміралі, амаль заўсёды напярэдадні вялікага свята, якое адмянялася з прычыны жалобы, альбо згасалі ад доўгіх і мярзотных захворванняў, інтымныя падрабязнасці якіх, зрэшты, даходзілі да публікі. Зняволенне ў Панаме было амаль абавязковым пакаяннем у жыцці багацеяў. Яны скараліся Божай волі ў Адвентысцкай лякарні, у вялізным белым бараку, забытым сярод дагістарычных навальніц Дар’ена, дзе хворыя гублялі лік дням рэшты жыцця; у самотных пакоях з зацягнутымі фіранкамі ніхто не мог ведаць пэўна, сімвалам чаго з’яўляецца пах карболавае кіслаты — жыцця альбо смерці. Тыя, хто паправіўся, вярталіся з цяжарам выдатных падарункаў і раздавалі іх шчодра, нават з адчаем, нібыта перапрашаючы за тое, што засталіся жывыя. Некаторыя вярталіся з жахлівымі шрамамі на жываце, нібыта іх зашыў шавец. У гасцях яны ўздымалі кашулі, паказвалі швы на целе, параўновалі са шнарамі тых, хто памёр у тумане наркозу, стойваючы подых ад шчасця. І да смерці бясконца распавядалі пра з’яўленні анёлаў, якіх яны ўгледзелі пад уздзеяннем хлараформу. Аднак ніхто ніколі не апавядаў пра бачанне тых, хто не вярнуўся, хто памёр выгнаннікам у аддзяленнях для сухотнікаў, хутчэй ад суму, што наганяў дождж, чым ад непрыемнасцяў хваробы.