75 страница4555 сим.

Увечары ён адвёз яе ў інтэрнат да званоў пад моцнай навальніцай. Да гэтага яны схадзілі на лялечнае прадстаўленне ў парку і паабедалі ля кіёскаў над хвалярэзамі, дзе пакаштавалі смажанай рыбы. Затым глядзелі на драпежнікаў у клетках цырку, які толькі-толькі з’явіўся ў горадзе. Каля брамы набылі ўсялякія прысмакі, каб яна ўзяла іх з сабой у інтэрнат. Праехалі некалькі разоў па горадзе ў аўто з апушчаным верхам, каб яна прызвычаілася да думкі, што ён яе апякун, а не каханак. У нядзелю ён накіраваў ёй аўто — раптам яна пажадае пакатацца з сяброўкамі, але сам не захацеў яе бачыць, бо з мінулага тыдня цалкам усвядоміў розніцу ва ўзросце. Уначы ён вырашыў напісаць Фэрміне Дасе ліст і прасіць прабачэння хоць бы дзеля таго, каб не капітуляваць, але, падумаўшы, пакінуў мерапрыемства на наступны дзень. У паня­дзелак, да зыходу трэцяга тыдня пакут, ён увайшоў у дом, мок­ры ад дажджу, і за парогам знайшоў ліст.

Гэта было а восьмай вечара. Служанкі ўжо адпачывалі, пакінуўшы ў калідоры, як заўсёды, лямпу, якая дазваляла Флярэнтына Арысу дайсці да спальні. Ён ведаў, што сціплая вячэра чакае яго на стале ў ядальні, што было вельмі дарэчы пасля выпадковай ежы апошніх дзён, але голад адступіў перад хваляваннем ад ліста. Флярэнтына Арыса ледзьве запа­ліў агульнае святло ў спальні, — так дрыжэлі ягоныя рукі. Ён паклаў мокры ліст на ложак, уключыў начнік на століку і, прыкідваючыся спакойным, што было яго асабістым спосабам не трывожыцца, зняў мокрую камізэльку і павесіў яе на спінку крэсла. Затым зняў пінжак і склаў яго акуратна паверх камізэлькі, зняў стужку з чорнага шоўку і цэлулоідны каўнерык, які здаўна выйшаў з моды ва ўсім свеце, расшпіліў кашулю да пояса, каб лягчэй дыхалася, і, на­рэшце, павесіў сушыць капялюш ля акна. Раптам ён спужаўся, бо забыў, куды паклаў ліст, ён быў настолькі знерваваны, што вельмі здзівіўся, знайшоўшы яго на ложку, але пры гэтым не памятаў, як яго туды паклаў. Перад тым як распячатаць, ён абсушыў канверт сваёй насоўкай, імкнучыся не размазаць атрамант, якім яна напісала ягонае імя. Пакуль Флярэнтына Арыса рабіў гэта, ён здагадаўся, што ўжо не існуе таямніцы двух людзей. Прынамсі, цяпер гэта была таямніца траіх. Хто б ні прынёс ліст, ён абавязкова звярнуў увагу, што ўдава Урбіна напісала чалавеку яе свету, ледзьве мінулі тры тыдні пасля смерці мужа. Напісала ў такой спешцы, што не накіравала ліст поштай, а паслала з кімсьці. Прычым, відаць, загадала засцерагацца і не аддаваць ліст у рукі, лепш пакінуць пад дзвярыма, як ананімку. Яму не давялося распячатаць канверт — клейстар распусціўся дажджом, але ліст захаваўся сухі: тры шчыльна спісаныя старонкі, без загалоўка, падпісаныя шлюбным прозвішчам.

Флярэнтына Арыса прачытаў ліст шпарка, седзячы на ложку, заінтрыгаваны, хутчэй, тонам, чым зместам, і перад тым, як пачаць чытанне зноў, ён ужо ведаў, — гэта быў той абразлівы ліст, якога ён чакаў. Ён паклаў разгорнутыя старонкі на начным століку пад святлом начніка, сцягнуў мокрыя чаравікі і шкарпэткі, падышоў да выключальніка каля дзвярэй і патушыў агульнае святло, затым насунуў замшавыя тапачкі і прылёг у штанах і кашулі — дзве вялізныя падушкі дазвалялі чытаць у вельмі зручным становішчы. Ён перачытваў ліст слова за словам, разглядваючы кожную літару, каб пранікнуць у тое, што было за радкамі, потым прачытаў ад пачатку і да канца яшчэ чатыры разы, ды так пранікнёна, што словы паслання пачалі страчваць сэнс. Нарэшце паклаў ліст у скрыню начнога століка, лёг на спіну, сашчапіў рукі пад галавой, і на працягу чатырох гадзін безупынна глядзеў, стаіўшы дыханне, на прастору вялікага люстэрка, у якім калісьці пабывала яна. Роўна апоўначы схадзіў на кухню, згатаваў каву, густую, як сырая нафта, і пераліў яе ў тэрмас. Потым вярнуўся ў спальню і кінуў зубны пратэз у шклянку з растворам борнае кіслаты, якая заўсёды была напагатове ля ложка. Зноў прылёг і ляжаў у позе мармуровай скульптуры, час ад часу адпіваючы каву, пакуль служанка не ўвайшла да яго а шостай раніцы з другім, поўным тэрмасам.

У тую гадзіну Флярэнтына Арыса ўжо ведаў, якія будуць яго наступныя крокі. Насамрэч яе абразы не прынеслі болю, ён і не думаў аспрэчваць незаслужаныя абвінавачанні, яны маглі быць больш жорсткімі, калі ўлічыць характар Фэрміны Дасы і істотнасць матыву. Ліст зацікавіў яго тым, што сам па сабе дапускаў мажлівасць, прызнаваў ягонае права на адказ. Больш за тое, ліст патрабаваў адказу. Так што жыццё ўваходзіла ў рэчышча, у якое ён і хацеў яго ўвесці. Астатняе залежала ад яго, і ён быў абсалютна ўпэўнены, што пекла на паўстагоддзя яшчэ рыхтуе яму шмат смяротных выпрабаванняў, і быў гатовы супрацьстаяць ім з большай жарсцю, болем і каханнем, чым папярэднім іспытам, бо гэтыя будуць апошнія.

Праз пяць дзён пасля атрымання ліста ад Фэрміны Дасы Флярэнтына Арыса прыйшоў у кантору і адчуў, нібыта лунае ў нязвыклай пустэчы друкарак, гук якіх, падобны да гуку дажджу, быў менш прыкметны за іхнае маўчанне. Адбылася кароткая паўза. Калі пошум усчаўся зноў, Флярэнтына Арыса зазірнуў у кабінет Леоны Касіяні, яна сядзела за персанальнай друкаркай, якая слухалася падушачак яе пальцаў, нібыта жывая. Яна адчула ягоны погляд, павярнулася да дзвярэй, усміхнулася яму гожай сонечнай усмешкай, але не дадрукавала абзац да канца.

— Скажы мне, ільвіца маёй душы, — пачаў Флярэнтына Арыса, — як бы ты паставілася да любоўнага ліста, надрукаванага на гэным ламаччы?

75 страница4555 сим.