88 страница2350 сим.

— Калі ўжо дурэць, дык давай, — сказала яна, — але ўсё ж як дарослыя людзі.

Яна павяла яго ў спальню без фальшывага сораму, пры святле стала распранацца.

Флярэнтына Арыса лёг на ложак, разглядаючы столь, спрабуючы ўзяць сябе ў рукі, зноў не ведаючы, што рабіць са шкурай тыгрыцы, якую ён толькі што дабіў. Яна сказала: «Не падглядай». Ён спытаў: «Чаму?» — не адрываючы вачэй ад столі.

— Таму што табе не спадабаецца ўбачанае, — адказала яна.

Потым усё ж павярнуў галаву, убачыў яе, аголеную да таліі, і ўпэўніўся: яна была менавіта такой, якой ён яе ўяўляў. Плечы ў зморшчынках, грудзі — вялыя, бледная скура аддавала жабіным холадам. Яна прыхавала грудзі блузкай і патушыла святло. Тады і ён устаў і распрануўся ў цемры, шпурляючы ў яе адзеннем, што здымаў з сябе, і яна ўсё яму вяртала, ціхенька смеючыся.

Яны ляжалі доўга: ён адчуваў сябе аглушаным па меры таго, як да яго вярталася цвярозасць, яна была спакойна разняволеная, але малілася Богу, каб не засмяяцца нават у думках, што здаралася з ёю часта пад уздзеяннем анісаўкі. Яны цягнулі час. Пагаманілі пра сябе, пра тое, наколькі па-рознаму склалася іхнае жыццё. Пра неверагодную выпадковасць таго, што яны ляжалі, у чым маці іх нарадзіла, у цемры каюты караб­ля, што стаяў на якары, і думалі бог ведае пра што, калі час быў падумаць пра смерць. Раней яна ніколі не чула, каб у яго была жанчына, хоць адна, і гэта ў горадзе, дзе ўсё было вядома нават раней, чым адбывалася ў сапраўднасці. Яна сказала пра гэта знянацку, і тут жа ён адказаў, не міргнуўшы вокам:

— Я захоўваў цнатлівасць для цябе.

Яна б яму не паверыла, нават калі б гэта было чыстай праўдай: ягоныя любоўныя лісты цаніліся ёй не за сэнс, не за спрытнасць спляцення выразаў, а за моц асляпляльнай шчырасці. Аднак ёй падабалася смеласць, з якой ён гэта сцвер­дзіў. Са свайго боку, Флярэнтына Арыса раптам злавіў сябе на тым, што ніколі б не адважыўся спытаць, ці была ў яе патаемная сувязь па-за шлюбам. Здзівіць яго было немажліва, ён ведаў, што жанчыны і мужчыны аднолькавыя ў сваіх патаемных прыгодах: тыя ж хітрыкі, тое ж нечаканае натхненне, тая ж здрада без згрызотаў сумлення. Але ён зрабіў слушна, не задаўшы пытання. У даўнія часы, калі яе адносіны з касцёлам былі ўжо даволі сапсаваныя, святара на споведзі раптоў­на спытаў яе, ці здраджвала яна калі-небудзь мужу, і яна ўстала моўчкі, пайшла, нават не развіталася, і больш ніколі не спавядалася перад тым духоўнікам. Стрыманасць Флярэнтына Арысы нечакана была ўшанаваная: яна працягнула ў цемры руку, ласкава прайшлася па ягоным жываце, амаль безвалосым лабку і шапнула: «У цябе скура, як у немаўляці». Потым яна зрабіла апошні крок: пацягнулася ніжэй, пашаравала там і, развітваючыся з ілюзіямі, знайшла тое, што шукала, без прыкметаў жыцця.

88 страница2350 сим.