Фрэнк варажыў над лялькай не паднімаючы галавы, але калі на стале вырасла груда чыстых талерак, ён моўчкі падняўся, узяў ручнік і пачаў іх выціраць. У тым, як ён спрытна круціўся між кухонным сталом і пасуднай шафкай, угадвалася даўняя звычка. Для яго з маці гэта была тайная і не зусім бяспечная гульня, бо найстражэйшым правілам, якое ўстанавіў у сям’і Пэдзі, было належнае размеркаванне абавязкаў. Хатняя праца — справа жаночая, вось і ўсё. Ніхто з членаў сям’і мужчынскага полу не павінен быў прыкладаць руку да чаго-небудзь, што ўваходзіла ў абавязак жанчыны. Але кожны вечар пасля таго, як Пэдзі ішоў спаць, Фрэнк дапамагаў маці. I Фія, быццам уступаючы з ім у змову, знарок адкладала мыццё пасуды да таго моманту, калі са спальні пачуецца, як пляснуцца на падлогу мужавы пантофлі. Раз Пэдзі скінуў пантофлі, яго да раніцы на кухні ўжо не ўбачыш.
Фія з пяшчотай глянула на Фрэнка:
— He ведаю, што б я рабіла без цябе. Але табе хопіць ужо. A то да раніцы як след не адпачнеш.
— Што ты, мама. He памру ж я ад таго, што вытру яшчэ дзве-тры талеркі. А табе хоць крышачку лягчэй.
— Гэта мая работа. Я не скарджуся.
— Так і хочацца раптам разбагацець, каб ты магла наняць прыслугу.
— Пустыя мары! — Фія выцерла кухонным ручніком пачырванелыя мыльныя рукі, узялася за паясніцу і перавяла дух. Са смутнай трывогай паглядзела на сына — адчула ў яго словах горкую крыўду на лёс, а не звычайную незадаволенасць рабочага чалавека сваёй цяжкай доляй. — Ты, Фрэнк, так высока ў думках не забірайся. Да дабра гэта не давядзе. Мы людзі рабочыя і, значыць, разбагацець ці мець прыслугу не можам. Задаволься тым, хто ты ёсць і што маеш. Гаворачы так, ты абражаеш тату. Сам ведаеш. Ён не п’е, у карты не гуляе, да сёмага поту працуе на нас. Ніводзін грош, які зарабляе, не хавае ад. нас у кішэні. Усё да апошняга аддае нам.
Мускулістыя плечы Фрэнка нецярпліва перасмыкнуліся, смуглы твар пасуравеў.
— А што тут благога — хацець ад жыцця нечага лепшага, чым нудная цяжкая праца? He разумею, што тут няправільнага, чаму нельга хацець, каб у цябе была прыслуга?
— Нельга таму, што такога быць не можа! Ты ж ведаеш, у нас няма грошай, каб плаціць за цябе ў школе, а раз ты не маеш магчымасці вучыцца, як ты можаш стаць кімсьці большым за простага рабочага? Па тваёй мове, вопратцы, тваіх руках відаць, што ты зарабляеш сабе на хлеб працай. Але мазалі на руках не ганьба. Як кажа тата: у каго рукі ў мазалях, у таго чыстае сумленне.
Фрэнк моўчкі паціснуў плячамі. Пасуду ўсю прыбралі; Фія дастала свой кошык з шытвом і села ў мужава крэсла каля агню, а Фрэнк зноў заняўся лялькай.
— Бедная Мэгі! — раптам сказаў ён.
— Чаму?
— Сёння, калі гэтыя лайдакі калечылі яе ляльку, яна стаяла і так плакала, быццам увесь свет вакол яе разляцеўся на кавалкі. — Ён зірнуў на ляльку, у якой былі ўжо прыклеены валасы. —Агнеса! Дзе яна толькі выкапала такое імя?
— Відаць, чула, як я неяк расказвала пра Агнесу Фортэск’ю-Смайс.
— Калі я аддаў ёй ляльку, яна зазірнула ў пустую галаву і ледзь не памерла ад жаху. Нешта ў вачах у лялькі здалося ёй страшным, не ведаю што.
— Мэгі заўсёды бачыць тое, чаго няма.