13 страница1753 сим.

— Тата, я таксама пайду ваяваць! — сказаў ён і асцярожна, як рэліквію, паклаў газету на стол.

Фія рэзка павярнулася да яго, расплюхаўшы па ўсёй пліце соус з тушанага мяса, а Пэдзі аслупянеў у сваёй качалцы, забыўшыся пра кнігу.

— Ты занадта яшчэ малады, Фрэнк, — вымавіў ён.

— He, тата, не! Мне ўжо семнаццаць, я дарослы! Германцы і туркі рэжуць нашых, як скаціну на бойні, а мне тут адседжвацца? Пара ўжо хоць каму-небудзь з Кліры выканаць свой абавязак.

— Ты непаўналетні, Фрэнк, цябе ў салдаты не возьмуць.

— Возьмуць, калі ты не будзеш супраць, — паспешліва запярэчыў Фрэнк і ва ўпор паглядзеў сваімі чорнымі вачамі на Пэдзі.

— Але я вельмі нават супраць. Ты ў нас цяпер яшчэ толькі адзін працуеш, і без тых грошай, якія ты зарабляеш, нам не абысціся, ты ж ведаеш.

— А мне ў арміі будуць плаціць!

Пэдзі засмяяўся:

— «Салдацкія грошы», га? Кавалю ў Вэгайне куды больш плацяць, чым салдату ў Еўропе.

— Але там мне, можа, выпадзе шанц стаць кім-небудзь вышэйшым за каваля! Другой надзеі ў мяне няма, тата!

— Лухта! Далібог, хлопец, ты сам не ведаеш, што гаворыш. Вайна страшная штука. Я родам з краіны, якая ваявала тысячу гадоў, і таму ведаю, што кажу. Ты што, хіба не чуў, што расказваюць удзельнікі бурскай вайны? Ты часцяком ездзіш у Вэгайн, дык наступны раз паслухай.

I, акрамя таго, мяне абурае, што для подлых англічан нашы салдаты проста гарматнае мяса — іх пасылаюць у самае пекла, а свае дарагія войскі берагуць. Глянь, як гэты бравы ваяка Чэрчыль пагнаў нашых салдат на нікому не патрэбны Галіпалі! З пяцідзесяці тысяч салдат дзесяць тысяч забітых! Удвая горш, чым расстраляць кожнага дзесятага! I з якой ласкі ты пойдзеш біцца за гэту старую маці-Англію на яе войнах? Што яна табе добрага зрабіла? Толькі і ведае, што смокча кроў са сваіх калоній. У Англіі на цябе ўсе пазіраць будуць звысоку, бо ты ўраджэнец калоніі. Новай Зеландыі гэтая вайна нічым не пагражае, і Аўстраліі таксама. Старой маці-Англіі толькі на карысць пайшло б, каб яе разграмілі. Даўно ўжо час расплаціцца ёй за тое гора, што яна прычыніла Ірландыі. Нават калі кайзер і прамаршыруе па Стрэндзе, я слязы не пралью.

13 страница1753 сим.