20 страница3183 сим.

— Месца — самы раз для цябе, дружа, — паведаміў ён Пэдзі. — Гасцініца для рабочага чалавека, гаспадараць там кабеты з Арміі выратавання.

На вуліцах было цесна ад машын — здавалася, яны імчацца без разбору ва ўсе бакі. З акенцаў таксі седакі з захапленнем пазіралі на высокія цагляныя будынкі, на вузкія звілістыя вуліцы, на людскія натоўпы, якія то ўзнікалі, то рассейваліся, быццам удзельнікі нейкага дзіўнага гарадскога абраду. Велінгтан выклікаў у падарожнікаў пачуццё глыбокай пашаны, але ў параўнанні з Сіднеем ён цяпер здаўся ім правінцыяльным гарадком.

Пакуль Фія адпачывала ў адным з незлічоных нумароў гіганцкага мурашніка, які Армія выратавання з любасці назвала Народным палацам, Пэдзі выправіўся на цэнтральны вакзал даведацца, калі ідзе поезд на Джыланбаўн. Хлопчыкі зусім ужо акрыялі і пачалі прыставаць да бацькі, каб ён узяў іх з сабой, — ад некага пачулі, што шлях недалёкі і на ім поўна магазінаў і крам і ў адной прадаюць марскую цыбулю ў цукры. Зайздросцячы іхняй хлапечай бадзёрасці, Пэдзі паддаўся іх просьбам, бо пасля трох дзён марской хваробы сам ён ледзь трымаўся на нагах, Фрэнк і Мэгі засталіся з Фіёнай і малым, хоць іх таксама адольвала жаданне пайсці, але яшчэ мацней хацелася, каб палягчэла маці. Зрэшты, як толькі Фію знялі з парахода, сілы пачалі хутка вяртацца да яе; яна выпіла кубак булёну і пагрызла скібачку падсмажанага хлеба, якія прынёс анёл-ахоўнік у каптуры.

Вярнуўся Пэдзі, сказаў:

— Калі мы, Фія, не паедзем сёння, наступнага прамога поезда давядзецца чакаць цэлы тыдзень. Як адчуваеш, па сіле табе пусціцца ў дарогу сёння вечарам?

Трасучыся ад слабасці, Фія села на ложку.

— Як-небудзь спраўлюся.

— А я думаю, трэба пачакаць, — рашуча сказаў Фрэнк. — Мама не зусім яшчэ здаровая, каб ехаць.

— Ты, Фрэнк, не разумееш: калі мы прапусцім сённяшні поезд, прыйдзецца цэлы тыдзень жыць у Сіднеі, а на гэта ў мяне кішэнь бедная. Заўтра мы, праўда, маглі б на адным з трох цягнікоў адправіцца ў Даба, але там давядзецца чакаць мясцовага, і мне сказалі, што так мы больш намучымся і лепш паехаць сёння вячэрнім экспрэсам.

— Я спраўлюся, Пэдзі, — зноў сказала Фія. — Са мной Фрэнк і Мэгі, усё будзе добра. — Вачамі яна прасіла Фрэнка прамаўчаць.

— Тады я пашлю тэлеграму Мэры, каб нас сустракалі заўтра вечарам.

У такім вялікім будынку, як Цэнтральны вакзал, сям’я Кліры яшчэ ніколі не была — велізарны шкляны цыліндр, які, здавалася, адначасова абзываўся рэхам і паглынаў тлум галасоў тысяч людзей, што чакалі каля сваіх пашарпаных, перавязаных рамянямі чамаданаў, утаропіўшыся на вялікае інфармацыйнае табло, на якім работнікі вакзала з дапамогай доўгіх жэрдак час ад часу мянялі звесткі. У прыцемку, што ўсё гусцеў, нашы падарожнікі зліліся з натоўпам і не зводзілі вачэй са складных драцяных варотцаў пятай платформы; палавінкі былі яшчэ ссунутыя разам, але на іх вісела шырокая дошка, і на ёй ад рукі было выведзена: «ДЖЫЛАНБАЎНСКІ ПАШТОВЫ». На першай і другой платформах узнялася мітусня — прадвесце блізкага адпраўлення вячэрніх скорых на Брысбен і Мельбурн, пасажыры валам павалілі ў праходы. Неўзабаве надышла і чарга сям’і Кліры — створкі варотцаў пятай платформы склаліся, і народ заспяшаўся да вагонаў.

Пэдзі знайшоў пустое купэ другога класа, рассадзіў хлопчыкаў каля вокнаў, а Фію і Мэгі з малым пасадзіў каля засовачных дзвярэй, што адчыняліся ў калідор, які злучаў усе купэ. Да іх зазіралі пасажыры ў пошуках месца і адразу шарахаліся і знікалі, убачыўшы такую плойму дзяцей. Іншы раз няблага мець вялікую сям’ю.

Ноч была даволі халодная, і давялося зняць з чамаданаў прывязаныя збоку рамянямі шатландскія пледы; вагон не ацяпляўся, але ад жалезных скрынак з гарачым вуголлем, што стаялі на падлозе, ішло цяпло, а наогул ацяплення ў поездзе ніхто не чакаў, бо ні ў Аўстраліі, ні ў Новай Зеландыі яго ніколі не было.

20 страница3183 сим.