Ёсць і драпежныя звяры: лютыя, крыважэрныя дзікі, якія нікога і нічога не баяцца, чорныя, валасатыя, ростам з карову; дзікія аўстралійскія сабакі дзінга — прыпаўшы ледзь не да самай зямлі, крадуцца ў траве, зліваюцца з ёю колерам; сотні варон нудліва каркаюць, абляпіўшы збялелыя шкілеты высахлых, мёртвых дрэў; знерухомеўшы, лунаюць у паветраных патоках арлы і ястрабы.
Ад некаторых звяроў трэба было аберагаць авечак і кароў, асабліва калі ў іх паяўлялася патомства. Кенгуру і трусы з’ядалі каштоўную траву; дзікія кабаны і сабакі дзінга зжыралі ягнят, цялят і хворую жывёлу, вароны выклёўвалі ім вочы. Дзецям Кліры прыйшлося навучыцца страляць, і на ўсякі выпадак яны сталі ездзіць са стрэльбамі: іншы раз даводзілася прыстрэліць падраную зверам жывёліну, каб не мучылася, a то і самога звера падстрэліць — дзіка ці дзінга.
Вось гэта жыццё! — у захапленні думалі хлопчыкі. Ніхто з іх не сумаваў па Новай Зеландыі; машкара ліпла да куткоў вачэй, як патака, забівалася ў ноздры, лезла ў рот, у вушы, але хлопчыкі перанялі адну чыста аўстралійскую хітрасць — падвесілі да палёў сваіх капелюшоў, наўкруг, кавалачкі корка на вяровачках. А каб мурашкі і іншыя паўзучкі не запаўзалі ў штаны, дзеці перавязвалі мехаватыя калашыны ніжэй калена раменьчыкамі з кенгуровай скуры, так званымі «цецявілкамі» — хоць і смешнавата яны называліся, а службу служылі добрую. У параўнанні з усім гэтым Новая Зеландыя здавалася ім цяпер нейкай прэснай і нецікавай, а тут вось — жыццё!
Заўсёды прывязаным да дому Фіёне і Мэгі тут намнога менш падабалася, чым на старым месцы, бо ў іх не было ні вольнага часу, ні прычын для верхавых паездак і нішто не магло прыкрасіць аднастайнасці іх жыцця і працы. Тыя самыя клопаты, што заўсёды выпадаюць на долю жанчыны, толькі ўсё тут цяжэй — гатаваць, прыбіраць, мыць бялізну, прасаваць, няньчыць малога. Гарачыня, пыл, мухі, крутыя сходы, мутная вада, амаль вечна няма мужчын дома, і няма каму накалоць і прынесці дроў, напампаваць вады, зарэзаць курыцу... Асабліва пакутавалі ад гарачыні, хоць быў толькі самы пачатак вясны; але тэрмометр на зацененай верандзе паказваў сто па Фарэнгейту. А на кухні, калі тапілася пліта, спіртавы слупок паднімаўся да ста дваццаці.
Кліры апраналіся так, як і ў Новай Зеландыі, дзе дома ў іх заўсёды быў халадок, — некалькі апратак адна на адну, і ўсе шчыльна прылягалі да цела. Аднаго дня Мэры Карсан у час шпацыру завітала да братавай і пагардлівым вокам акінула яе доўгую, да самай падлогі, міткалёвую сукенку з высокім каўняром. Сама яна была апранутая па новай модзе — кароткая, да палавіны лытак, шаўковая сукенка крэмавага колеру, непрыталеная, свабодная, з глыбокім выразам і шырокім рукавом да локця.
— Далібог, Фіёна, вы безнадзейна старамодная, — сказала госця, азіраючы свежаафарбаваную ў крэмавы колер гасціную, персідскія дываны і тонкую стыльную мэблю.
— У мяне на моду няма часу, — адрэзала Фія; раней з гасцямі яна так ніколі не гаварыла.
— Цяпер у вас будзе больш вольнага часу — мужчыны вашы вечна ў раз’ездзе, не трэба так многа гатаваць. Падрэжце сукенкі, кіньце насіць ніжнія спадніцы і карсет, a то летам памраце ад гарачыні. Майце на ўвазе, тэмпература паднімецца яшчэ градусаў на пятнаццаць — дваццаць. — Позірк старой спыніўся на партрэце бялявай прыгажуні ў крыналіне часоў імператрыцы Яўгеніі. — Хто гэта? — папыталася, паказаўшы пальцам.
— Мая бабка.
— Сапраўды? А мэбля, дываны чые?
— Mae, перайшлі ад бабкі.
— Ах, так! Значыць, Фіёна, вы апусціліся ніжэй па грамадскай лесвіцы, ці ж не праўда?
Фіёна ніколі не губляла самавалодання і цяпер таксама стрымалася, толькі тонкія губы яе зрабіліся яшчэ танчэйшыя.
— He думаю, Мэры. У мяне добры муж, і вы павінны гэта ведаць.
— Толькі кішэня пустая. Як ваша дзявочае прозвішча?
— Армстронг.