Інтарэсы гэтай жанчыны надзвычай абмежаваныя. Але як толькі яна ўваходзіць у сферу свайго жыцця, дык адразу ажыўляецца да непазнавальнасці. Тут, напэўна, і ляжыць дарога да яе сэрца. I хоць гэтая дарога не асабліва яго прываблівала, у інтанацыях жанчыны была нейкая напружанасць, якая абуджала ў ім жаданне адчуць яе цела, схаванае пад грубым рабочым адзеннем.
Мужчына з усяе сілы раз за разам пачаў утыкаць зазубраную рыдлёўку ў пясок.
6
Калі ён адцягнуў бітоны з-пад газы другі раз, пачуліся галасы, і ўгары на сцежцы загайдаўся ліхтар.
Тонам, які мог здацца нават рэзкім, жанчына сказала:
— Кашы! Тут хопіць, памажыце мне там!
Мужчына толькі цяпер зразумеў, нашто тыя мяшкі з пяском каля лесак наверсе. Па іх хадзіла вяроўка, калі падымалі і апускалі кашы. З кожным кашом упраўляліся чатыры чалавекі, і такіх груп было, відаць, дзве ці тры. Пераважна гэта была, як яму здалося, моладзь, якая працавала дружна і спорна. Пакуль насыпалі адзін кош, другі чакаў ужо свае чаргі. За шэсць заходаў куча пяску ў яме без следу знікала.
— He хлопцы — агонь!
Рукавом рубашкі ён выціраў пот, тон голасу яго быў лагодны. Мужчына адчуў сімпатыю да гэтых хлопцаў, якія, здавалася, цалкам аддаліся сваёй працы і не кінулі ніводнага насмешлівага слова пра яго дапамогу.
— Праўда, у вас строга трымаюцца запаведзі: «Будзь верны духу любові да радзімы».
— А што гэта за дух?
— Дух любові да тае мясціны, дзе ты жывеш.
— Гэта вельмі добра!
Мужчына засмяяўся. За ім засмяялася і жанчына. Але яна, мабыць, і сама толкам не ведала, чаго смяецца.
Пачулася тарахценне — ад’язджаў пікап.
— Ну што, перакурым?
— Нельга, калі яны аб’едуць усіх, адразу вернуцца са сваімі кашамі.
— Нічога, астатняе можна і заўтра...
Ён махнуў рукою, устаў і выправіўся да хаты, але жанчына і не думала ісці ўслед за ім.
— Так не гадзіцца. Трэба хоць раз прайсціся з рыдлёўкаю вакол хаты.
— Вакол хаты?
— А як жа. Хіба можна дапусціць, каб хата абвалілася?.. Пясок жа сыплецца з усіх бакоў...
Жанчына, нібыта кідаючы выклік, рэзка павярнулася і пабегла. Хоча, напэўна, вярнуцца да абрыву і зноў узяцца за работу. Усё роўна як шпанская мушка. Усё зразумела, цяпер яго гэтым не возьмеш.
— Жах! I гэтак кожную ноч?