Вёскі і гарады ў няспынным руху — безліч гэтых караблёў...
Ён і не заўважыў, як задрамаў.
7
Мужчыну разбудзіла кукарэканне, падобнае на скрып заржавелае гушкалкі. Трывожнае, непрыемнае абуджэнне. Здавалася, толькі што развіднелася але стрэлкі гадзінніка паказвалі адзінаццаць гадзін шаснаццаць мінут. Напраўду, сонца свеціць, як у поўдзень. А змрочна тут таму, што гэта дно ў яме і сонечныя промні яшчэ не дайшлі сюды.
Ён падхапіўся. З твару, з галавы, з грудзей, шастаючы, пасыпаўся пясок. Ён наліп і зацвярдзеў ад поту вакол губ і носа. Абціраючы яго тыльным бокам рукі, мужчына збянтэжана маргаў. З чырвоных вачэй цяклі слёзы, быццам цярнулі па павеках нечым шорсткім, ды адных слёз было мала, каб змыць пясок, што накарэў у вільготных кутках вачэй.
Ён пайшоў да бачка, што стаяў на таку, зачэрпнуць хоць крыху вады і раптам убачыў жанчыну, якая спала каля агнішча. Забыўшыся пра рэзь у вачах, ён затаіў дыханне.
Жанчына была зусім голая.
Скрозь пялёнку слёз, што засцілала вочы, яна здалася яму невыразным, расплывістым ценем. Яна ляжала на цыноўцы без ніякай падсцілкі, дагары, усё яе цела, апрача галавы, было нібыта выстаўлена напаказ, левая рука крыху прыкрывала ніз пруткага жывата. Куточкі цела, якія людзі звычайна хаваюць, — на віду, і толькі твар, якога ніхто не саромеецца паказваць, захінуты ручніком. Гэта, ведама, дзеля таго, каб засланіць вочы, рот, нос ад пяску, ды такі кантраст яшчэ болей падкрэсліваў яе галізну.
Усё цела ўкрыта лёгкім, тонкім налётам пяску. Пясок прыхаваў дэталі і падкрэсліў жаноцкасць ліній. Яна здавалася скульптурнаю, пазалочанаю пяском. Нечакана з-пад языка ў яго пабегла ліпкая сліна. Але ён не мог праглынуць яе. Пясок, што набіўся між губамі і зубамі, увабраў сліну і распоўзся па ўсім роце. Ён нагнуўся, каб выплюнуць сліну, змяшаную з пяском. Але колькі ні сплёўваў, у роце было шорстка. Як ён ні вычышчаў рот, пясок там усё роўна аставаўся. Здавалася, між зубамі няспынна ўтвараецца ўсё новы пясок.
На шчасце, бак быў зноў поўненькі вады. Апаласкаўшы рот і вымыўшы твар, мужчына адчуў, што вяртаецца да жыцця. Ніколі яшчэ ён не зведваў так востра цудадзейнасці вады. Вада, як і пясок, — мінерал, але гэта такое чыстае, празрыстае неарганічнае рэчыва, што яно злучаецца з целам намнога лягчэй, чым любы жывы арганізм... Даючы вадзе магчымасць паволі ўлівацца ў горла, ён уявіў сабе адчуванне жывёліны, якая корміцца камянямі...
Мужчына зноў павярнуўся і паглядзеў на жанчыну. Але падысці бліжэй да яе яму не захацелася. На жанчыну, прыцярушаную пяском, прыемна глядзець, але датыкацца да яе наўрад ці прыемна.
Узбуджанасць і злосць, што зведаў ён уночы, цяпер, белым днём, здаваліся яму няпраўдаю. Будзе што расказаць. Нібыта дзеля таго, каб замацаваць у памяці ўсё ўбачанае, ён яшчэ раз паглядзеў навокал і стаў хутка збірацца. Рубашку і штаны не падняць — гэтулькі ў іх набілася пяску. З-за такой дробязі няма чаго хвалявацца. Але вытрасці пясок з адзення аказалася цяжэй, чым вычасаць перхаць з галавы.
Чаравікі таксама былі засыпаны пяском.
Да таго, як пайсці, трэба, напэўна, нешта сказаць жанчыне?.. Але, з другога боку, калі пабудзіць яе, ёй будзе сорамна. Добра, але як жа быць з платаю за начлег?.. А можа, лепей па дарозе назад зайсці ў праўленне арцелі і перадаць грошы дзеду, які ўчора прывёў яго сюды.
Ціхенька ён выйшаў з хаты.
Сонца, нібы кіпучая ртуць, пацякло цераз край пясчанай сцяны і паступова разлілося па дне ямы. Нечакана разанула яму ў твар яркае святло — і ён здрыгануўся і прыплюшчыў вочы. Ды праз імгненне забыўся пра ўсё, гледзячы на пясчаную сцяну, якая высілася перад ім.
Дзіва! Вераўчаныя лескі, што віселі тут уночы, зніклі.