20 страница3172 сим.

— Ну што ж, калі дошкі не гадзяцца, паспрабуем бэлькі.

— Няможна! He чапайце, калі ласка!

— Чаго бедаваць, пясок яе ўсё роўна вось-вось раздушыць.

Не звяртаючы на яе ўвагі, ён размахнуўся, каб стукнуць па бервяне, але жанчына з крыкам кінулася наперад і павісла ў яго на руцэ. Ён вырваў локаць і крутнуўся, каб скінуць яе. Але, мабыць, не разлічыў, бо паваліўся сам. Адразу ж ускочыў і накінуўся на яе, але яна з усяе сілы ўчапілася за рыдлёўку. Што такое... Сілаю адолець яна яго не павінна... Яны некалькі разоў перакаціліся на таку, і ў той кароткі момант, калі яму ўжо здавалася, што ён яе адужаў і прыціснуў да току, жанчына, арудуючы рыдлёўкаю, як шчытом, лёгка скінула яго з сябе. Што ты будзеш рабіць!.. Напэўна, праз тое, што гарэлкі выпіў... I, ужо не лічачыся з тым, што яго праціўнік — жанчына, ён з усяе сілы стукнуў сагнутым каленам ёй у жывот.

Жанчына закрычала і адразу абмякла. Не трацячы ні хвіліны, ён ускочыў на яе і прыціснуў зверху. Грудзі ў яе агаліліся, і рукі мужчыны слізгаліся па спацелым голым целе.

Раптам яны замерлі, як бывае ў кіно, калі сапсуецца кінапраектар. Яшчэ хвіліна — і бойка за рыдлёўку магла перакінуцца ў нешта зусім іншае. Але тут яна раптам сказала хрыпла:

— А вось гарадскія жанчыны ўсе прыгожыя, праўда?

— Гарадскія жанчыны?.. — Ён раптам сумеўся... I патух... Небяспека як быццам мінула... Ён нават не мог падумаць, што меладрама можа быць і тут, у гэтым пяску. Але, відаць, няма такое жанчыны, якая, нават растульваючы калені, не была б перакананая, што мужчына ацэніць яе з годнасцю, толькі калі будзе разыграна меладрама. Гэта чуллівая і наіўная ілюзія якраз і робіць жанчыну ахвяраю аднабаковага духоўнага гвалту... Наіўнасць жанчыны ператварае мужчыну ў яе ворага.

20

Лубяны, быццам накрухмалены, твар, дыханне, якое вырываецца з хуткасцю урагана, сліна на смак — як палены цукар... Жахлівая затрата энергіі. Потам выйшла не меней за шклянку вільгаці. Жанчына паволі паднялася, апусціўшы галаву. Яе засыпаны пяском твар быў упоравень з яго вачыма. Нечакана яна высмаркалася і выцерла руку пяском. Потым нахілілася, і шаравары саслізнулі ўніз. Мужчына з раздражненнем адвёў вочы. Хоць сказаць «з раздражненнем» было б не зусім правільна. На языку асталося нейкае дзіўнае адчуванне, але не смага — другое...

Ён невыразна адчуваў, што ёсць два віды полавай цягі. Напрыклад, людзі, накшталт «Стужкі Мёбіуса», заляцаючыся да дзяўчыны, пачынаюць звычайна з лекцый пра яду і смак. Калі ўзяць галоднага чалавека, разважаюць яны, ён разумее толькі яду наогул, яму ўсё на адзін смак — і ялавічына з Кобэ, і хірасімскія вустрыцы... Але варта яму наесціся, як ён пачынае адрозніваць смак яды... Тое самае і ў полавай цязе: ёсць полавая цяга ўвогуле, і ўжо потым узнікае полавая цяга ў прыватнасці... Секс таксама нельга разглядаць увогуле. Усё залежыць ад месца і часу: іншы раз патрэбны вітаміны, у другіх выпадках — вугор з рысам. Гэта была дасканалая, глыбока прадуманая тэорыя, але, як ні шкада, пакуль не знайшлося ніводнае дзяўчыны, якая б аддалася яму, каб адчуць, паводле гэтай тэорыі, полавую цягу ўвогуле або ў прыватнасці. I зусім натуральна. Hi мужчыну, ні жанчыну нельга завабіць з дапамогаю аднае тэорыі. Дый гэты да дурнаты шчыры «Мёбіус» добра ўсё разумеў, і толькі таму, што яму быў агідны духоўны гвалт, ён прадаўжаў званіць пад дзвярыма пустых хат.

Ён і сам не быў, ведама, такі рамантычны, каб марыць пра чыстыя полавыя адносіны. Яны магчымыя, толькі калі ўжо стаіш адною нагою ў магіле... Бамбук, які пачынае сохнуць, спяшаецца даць плады... Мышы, якія паміраюць ад голаду, у час міграцыі нястрымна спароўваюцца... Хворыя на сухоты ўсе, як адзін, маюць павышаную ўзбудлівасць. Кароль ці правіцель, які жыве ў вежы і здольны толькі на тое, каб спускацца па лесках, усяго сябе аддае будаўніцтву гарэма...

20 страница3172 сим.