21 страница3576 сим.

Прысеўшы на адно калена, жанчына скручаным ручніком змятала пясок з шыі. Нечакана сарвалася яшчэ адна лавіна. Хата здрыганулася і заскрыпела. Прыкрая перашкода!.. Галаву жанчыне абсыпала белая пудра. Пясок плаваў у паветры, быццам туман. Плечы і рукі таксама ўкрыліся тонкім слоем пяску. Абняўшыся, яны чакалі, калі кончыцца абвал.

Наліплы пясок змочваўся потам, а зверху сыпаўся яшчэ і яшчэ... Плечы ў жанчыны дрыжалі, мужчына таксама распаліўся — вось-вось закіпіць... I ўсё ж незразумела, чаму яго з такою сілаю вабяць да сябе яе сцёгны?.. Гэтак, што ён гатовы выцягваць з сябе нерв за нервам і абвіваць вакол яе сцёгнаў... Гэта нагадала пражэрлівасць драпежнага звера. Ён увесь быў наліты сілаю, быццам скручаная спружына... З тою ні разу ён такога не адчуваў...

Абвал спыніўся. Мужчына, быццам гэтага толькі і чакаў, пачаў памагаць жанчыне змятаць пясок з цела. Яна хрыпла смяялася. Ад грудзей да падпах, a адтуль да сцёгнаў — рукі ў мужчыны станавіліся ўсё болей настойлівыя. Жанчына з сілаю ўпілася пальцамі яму ў шыю; часам яна ціха войкала.

Калі ён кончыў, настала жанчыніна чарга счышчаць пясок з яго. Ён прыплюшчыў вочы і чакаў, перабіраючы яе валасы. Яны былі густыя і цвёрдыя.

Сутарга... Паўтараецца тое самае... Яна заўсёды прыходзіць, калі ён, аддаўшыся марам пра нешта, займаецца іншаю справаю: есць, ходзіць, спіць, ікае, крычыць, злучаецца з жанчынаю...

21

Мабыць, задрамаў ён ненадоўга, неспакойна варочаючыся, увесь у поце і слізі, якая нагадвала прагорклы рыбін тлушч. Ён бачыў сон. Яму снілася разбітая шклянка, доўгі калідор, у якім раз’ехалася падлога, прыбіральня з унітазам, даверху поўным спаражненняў, ванна, якую ён ніяк не мог знайсці, хоць шум вады ўвесь час быў чуцён. Нейкі мужчына прабег з пляшкаю. Ён папрасіў глыточак вады, але той злосна паглядзеў на яго і, як конік, паскакаў.

Мужчына прачнуўся. Нешта клейкае і гарачае пякло язык. З двайною сілаю вярнулася смага... Піць!.. Іскрыстая крыштальная вада... Серабрыстыя пухіркі паветра, што падымаюцца з дна шклянкі... А сам ён — водаправодная труба ў занядбаным, разваленым доме, запыленая, аблытаная павуцінаю, якая затхнулася, як выкінутая з вады рыба...

Ён устаў. Рукі і ногі цяжкія, як гумовыя падушкі, поўныя вады... Ён падняў з току кацялок, перакуліў яго над ротам. Секунд праз трыццаць на кончык языка ўпала дзве-тры кроплі. Але язык усмактаў іх, як прамакатка. А горла, якое так чакала гэтых кропель, канвульсіўна сціскалася, стараючыся праглынуць іх.

Шукаючы вады, мужчына перагледзеў каля ўмывальніка ўсё, што траплялася пад руку. Сярод усіх хімічных злучэнняў вада самае простае. Нельга не знайсці яе, як нельга не знайсці дзесяцііенавай манеты, якая закінулася ў стале ў шуфлядзе. Ага, запахла вадою. Напраўду, пахне вадою. Мужчына згроб з дна ў баку вільготны пясок і напхаў яго ў рот. Стала млосна. Ён нагнуўся, жывот сціснула спазма. Яго вырвала жоўцю, пацяклі слёзы.

Боль галавы быццам свінцовым лістом прыдушыў вочы... Фізічная блізкасць, урэшце, толькі скараціла дарогу да гібелі. Раптам мужчына, стаўшы на карачкі, пачаў, як сабака, разграбаць пясок на таку. Выграбшы яму да локця, ён убачыў, што пясок стаў цёмны і сыры. Апусціўшы туды галаву, прыціснуўся да яго гарачым ілбом і стаў глыбока ўдыхаць пах пяску. Калі доўга падыхаць гэтак, дык у страўніку кісларод і вадарод абавязкова злучацца.

— Ліха на яго, рукі такія брудныя! — Ён учапіўся пазногцямі ў далонь і павярнуўся да жанчыны. — Ну што рабіць?! Вады праўда болей нідзе няма?!

Нацягнуўшы на ногі кімано і скурчыўшыся, жанчына прашаптала:

— Няма, зусім няма...

— Няма? Дык што, з гэтым «няма» ты так і збіраешся аставацца?! Тут і ногі выцягнуць нядоўга... Г.... сабачае! Хутчэй дастань дзе хочаш!.. Прашу цябе... Чуеш? Я пакуль кажу «прашу».

— Але варта нам толькі пачаць работу, і адразу...

— Добра, здаюся!.. Нікуды не дзенешся, здаюся!.. He хачу стаць вяленым селядцом... Гэтак здыхаць — ні за што. Гэта ж капітуляцыя не ад шчырага сэрца. Каб здабыць вады, можна нават малпаю танец выканаць — хай глядзяць. Здаюся, напраўду... Але чакаць таго часу, калі звычайна прывозяць ваду, — не ўжо, дзякуй... Па-першае, такія высушаныя мы і працаваць не зможам. Праўда? Любым спосабам неадкладна звяжыся з імі... У самой, напэўна, таксама ў роце перасохла?

21 страница3576 сим.