— I напраўду, ёсць жа на свеце бесталковыя людзі...
— Але калі падумаць, дык гэтага хлопца зразумець можна. Ну што такое селянін? Працуючы з усяе сілы і шырачы свой кавалак, ён толькі прыбаўляе сабе працы... Мяжы яго цяжкай працы няма, і адно, што ён нажывае, — гэта яшчэ цяжэйшую працу... Праўда, да селяніна яго праца вяртаецца — ураджай рысу і бульбы. Што ж яшчэ яму трэба? З сялянскаю працаю нашу важданіну з пяском і параўноўваць нельга. Гэта ўсё роўна, што будаваць запруду з камянёў на рэчцы ў апраметнай — чэрці ўсё роўна раскідаюць камяні.
— А чым канчаецца гэтая гісторыя з ракою ў апраметнай?
— Ды нічым... іменна ў гэтым і ёсць пакаранне за грахі!
— А што потым было з гэтым хлопцам, які павінен быў стаць наследнікам?
— Ён усё загадзя абдумаў і, напэўна, яшчэ да таго, як пайсці з дому, уладкаваўся на працу.
— Ну і?..
— Ну і стаў працаваць.
— А далей што?
— Далей? У дні зарплаты атрымліваў, напэўна, свае грошы, а ў нядзелю надзяваў чыстую кашулю і ішоў у кіно.
— Потым?
— Цяжка сказаць, пакуль не папытаешся ў самога хлопца.
— Ды калі ён сабраў грошай, дык напэўна ўжо купіў сабе радыё...
...Ну вось, ускараскаўся нарэшце. Хоць, мабыць, гэта толькі паўдарогі... He, памыліўся... Тут ужо роўная мясціна... Але дзе дзеліся агні?.. Ён ішоў наперад без ніякае веры... Здавалася, гэта вяршыня велізарнай дзюны... Чаму ж адсюль не відаць агнёў? Ад думкі, што здарылася бяда, у яго падкасіліся ногі. Паленаваўся — вось і расплата. З’ехаў па крутым схіле, не ведаючы дакладнага кірунку. Лагчына аказалася большая, чым ён меркаваў. Яна была не толькі глыбокая, але і шырокая. Дый шмат’ярусныя хвалі пяску на дне былі нагрувашчаны бязладна і мяшалі выбраць правільны кірунак. Але ўсё роўна ніяк не дадумацца, чаму не відаць агнёў... Калі збіўся з дарогі, дык не болей, чым на паўкіламетра ў адзін ці ў другі бок. Яго ўвесь час цягнула налева, — можа, таму, што ён баяўся вёскі. Ён адчуваў, што для таго, каб падысці бліжэй да агнёў, трэба адважыцца пайсці направа... Хутка туман рассеецца, вызірнуць зоркі... Увогуле, што б ні было, найлепшы і найхутчэйшы спосаб агледзець усё навокал — падняцца на дзюну, не важна на якую, каб толькі вышэйшую за астатнія.
Усё-такі незразумела... Ані незразумела, чаму жанчына гэтак прывязана да гэтай ракі ў апраметнай... Гаворка пра любоў да радзімы, пра абавязак мае сэнс толькі тады, калі, адмаўляючыся ад іх, нешта траціш. А што траціць гэтай жанчыне?