27 страница3836 сим.

Да ўчарашняга дня яго проста ванітавала ад аднае думкі пра гэты пейзаж. I ён думаў са злосцю, што яма і напраўду вельмі падыходзіць такой шэльме, як гэты паштовачнік.

Але навошта, думаючы пра жыццё ў той яме і пра пейзаж, проціставіць адно аднаму? Прыгожы пейзаж не абавязкова павінен быць велікадушны да чалавека.

Нарэшце і яго галоўная ідэя разглядаць пясок як адмаўленне стабільнасці не такая ўжо неразумная. Рух аднае восьмай міліметра. Свет, дзе існаванне — ланцуг станаў... Іншымі словамі, краса яго належыць смерці. Краса смерці, якая праходзіць цераз хараство яго велізарнай разбуральнай сілы, пакінутых ім руінаў... Не, пачакай. Так можа трапіць у няёмкае становішча, калі яму скажуць, што іменна таму ён схапіў і не выпускае з рук білета ў абодва канцы. Фільмы пра звяроў, пра вайну такія праўдзівыя, што могуць нават давесці да сардэчнага прыступу, але выходзіш з кіно — і цябе зноў чакае сённяшні дзень, прадаўжэнне ўчарашняга. У гэтым іх хараство... Дзе знойдзецца дурань, які пойдзе ў кіно, прыхапіўшы стрэльбу, зараджаную сапраўднымі патронамі?.. Хто можа прыстасавацца да жыцця ў пустыні? Некаторыя віды мышэй, якія замест вады п’юць сваю мачу, насякомыя, што кормяцца тухлым мясам, ды яшчэ, напэўна, качэўнікі, якія ведаюць пра білет толькі ў адзін канец. Калі з самага пачатку цвёрда ведаць, што білет заўсёды ў адзін канец, дык можна спакойна жыць, не робячы марных спроб паўзці, прыціскаючыся да пяску, быццам вустрыца да скалы. А гэтыя ж качэўнікі нават назву сваю памянялі і называюцца цяпер жывёлаводамі.

Напраўду, варта было б, напэўна, расказаць пра ўсё гэта жанчыне... Трэба было б праспяваць ёй песню, і такой бяды, калі б сказіў крыху матыў, песню пяскоў, якая не мае нічога агульнага з білетам у абодва канцы... У найлепшым выпадку ён быў бы не болей чым нікчэмным пераймальнікам такога сэрцаеда, які спрабуе злавіць жанчыну на кручок, нажыўлены іншым, адмысловым жыццём. З ног да галавы засыпаны пяском, не маючы сілы паварушыцца, ён падобны на кошку, пасаджаную ў папяровы мяшок.

Раптоўна грыва дзюны патухла... Усё навокал агарнула цемра. Імгненна сціх вецер, набраўшы новае сілы, вярнуўся туман. Можа, таму так хутка зайшло сонца.

...Ну, цяпер у дарогу.

25

Трэба паспець прайсці ўсю вёску да таго, як пераносчыкі кашоў возьмуцца за работу. Астаецца каля гадзіны. Для большай бяспекі скажам — мінут сорак пяць. Мыс, як бы апяразваючы вёску, робіць глыбокі выгін і даходзіць да заліва, што на ўсходзе ад вёскі. Таму праз яе праходзіць толькі адна вузенькая дарога. Але там ужо канчаюцца стромыя скалы, што грувасціліся на мысе, яны згладжваюцца і саступаюць месца невысокім пясчаным дзюнам. Пакінуўшы справа вясковыя агні, што мігацяць праз дымку, і ідучы проста, трапіш іменна на гэтае месца. Адлегласць... кіламетраў два. Там канчаецца вёска, сям-там трапляюцца палі земляных арэхаў, зноў пясок і ніякага жытла. А калі пяройдзеш узгорак, можна ісці і па дарозе. Гэта ўезджаная гліністая дарога, і калі бегчы па ёй колькі ёсць сілы, дык мінут праз пятнаццаць будзеш на шашы. А там ужо ўсё ў парадку. Там і аўтобусы ходзяць, і людзі нармальныя.

У яго астаецца трыццаць мінут, каб прайсці вёску. Ісці па пяску чатыры кіламетры за гадзіну нялёгка. I не столькі праз тое, што грузнуць ногі, колькі з-за непатрэбных намаганняў, якія даводзіцца рабіць, калі пераступаеш. А калі бяжыш, дык яшчэ болей сілы траціш дарэмна. Найлепей ісці, мабыць, шырока ступаючы. Але, высмоктваючы сілу, пясок, нібыта ўзнагароджваючы за гэта, паглынае грук крокаў. Ісці, не баючыся шастання пяску, — у гэтым ёсць таксама свае перавагі.

Глядзі пад ногі!.. Упасці не страшна, а спатыкнешся аб якую-небудзь малюсенькую купінку ці выбоінку і вытнеш калена. Ды калі толькі калена вытнеш — глупства, а раптам звалішся ў другую пясчаную яму, тады што?! Навокал цемра. Як скінуць вокам, скрозь бязладна застылыя хвалі пяску. Вялізныя хвалі зрэзаны дробнымі, а на тых, нібыта брыжы, яшчэ драбнейшыя. Агні ў вёсцы, якія павінны былі служыць арыенцірам, хаваліся за грабянямі гэтых бясконцых хваляў і толькі часам траплялі на вока. Трэба ісці наперад, інтуітыўна трымаючыся правільнага кірунку. Але кожны раз выяўлялася, што дапушчана вялікая памылка. Можа, таму, што імкненне ўбачыць гэтыя агні несвядома прымушала яго ўвесь час вышукваць высокія мясціны.

Ну вось, зноў збіўся! Трэба лявей!.. Прайшоў бы ён гэтак яшчэ крыху, і апынуўся б проста ў вёсцы... Здаравенныя тры дзюны ўжо перайшоў, а агні амаль зусім не пабліжэлі... нібыта ходзіш кругамі. Пот залівае вочы... Прыпыніцца хоць на імгненне і дыхнуць на поўныя грудзі.

27 страница3836 сим.