— У такім разе вы проста дурань, — сказала Мэры Карсан. — Я таксама лічу, што ёсць рэчы куды важнейшыя за каханне, але роля сасуда божага да іх не належыць. Дзіўна. Я ніколі не думала, што вы так палка верыце ў бога. Мне здавалася, вас трывожаць сумненні.
— Яны ў мяне і ёсць. Які разумны чалавек свабодны ад іх? Таму я іншы раз і адчуваю пустату. — Ён паглядзеў кудысьці міма яе, на нешта, схаванае ад яе позірку. — Ці ведаеце вы, што я гатовы адрачыся ад усіх славалюбных імкненняў, ад любых чалавечых жаданняў, каб толькі стаць дасканалым слугой госпада?
— Дасканаласць у любой справе — нудота нясцерпная! — сказала старая. — Асабіста мне больш даспадобы, калі ёсць хоць каліва недасканаласці.
Айцец Ральф засмяяўся, зірнуў на яе з захапленнем, крышачку разбаўленым зайздрасцю. Нейкая незвычайная ўсё ж такі яна жанчына.
Трыццаць тры гады таму назад Мэры Карсан аўдавела, яе адзінае дзіця, сын, памерла ў маленстве. З прычыны свайго асаблівага становішча ў джыланбаўнскім грамадстве яна адхіліла ўсе дамаганні нават самых напорыстых і самалюбівых жаніхоў: як удава Майкла Карсана яна была бясспрэчна каралева той акругі, але калі б выйшла замуж, ёй давялося б перадаць мужу правы на ўсе свае ўладанні і багацце. He ў звычаі Мэры Карсан было задавольвацца ў жыцці роляй другой скрыпкі. I яна адраклася ад плоцкіх радасцяў, абы захаваць у сваіх руках уладу; пра тое, каб завесці палюбоўніка, не было чаго і думаць — плёткі па Джыланбаўне разыходзіліся, як электрычны ток па правадах. А яна зусім не хацела паказваць, што ёй уласцівыя ўсе чалавечыя слабасці.
Але цяпер яна дажыла ўжо да тых гадоў, калі ніхто не скажа, што ёю кіруюць парывы плоці. Калі новы малады свяшчэннік старанна выконвае свой абавязак яе духоўнага айца і яна ўзнагароджвае яго маленькімі падарункамі накшталт аўтамабіля, у гэтым няма нічога непрыстойнага. Усё жыццё яна была надзейнай апорай каталіцкай царквы, належным чынам падтрымлівала сваю парафію і яе духоўнага пастыра — нават тады, калі айцец Келі ў час месы прамаўляў урачыстыя словы ўпярэмешку з ікаўкай. He адна місіс Карсан адчувала прыхільнасць да наступніка айца Келі: прападобны Ральф дэ Брыкасар заслужана карыстаўся прызнаннем усёй паствы — і багацеяў, і беднякоў. Калі парафіяне з далейшых паселішчаў не маглі прыехаць да яго ў Джылі, ён сам наведваў іх, і пакуль Мэры Карсан не падарыла яму машыну, прыязджаў да іх верхам. За яго цярплівасць і дабрыню ўсе ставіліся да яго з прыязнасцю, а некаторыя нават шчыра палюбілі: Марцін Кінг з Бугелы шчодра абсталяваў яго дом пры царкве, Домінік О’Рорк з Дзілан-Дзілана ўзяўся аплочваць добрую аканомку.
Таму з п’едэстала свайго ўзросту і становішча Мэры Карсан без апаскі цешылася кампаніяй айца Ральфа; ёй было прыемна спаборнічаць у кемлівасці і дасціпнасці з чалавекам такога ж тонкага розуму, яна імкнулася перасягнуць яго ў праніклівасці, бо зусім не была ўпэўненая, што на самай справе мае ў гэтым над ім перавагу.
— Вось вы казалі, што Джылі не самы пуп на карце ў архібіскупа, намесніка папы, — сказала яна, глыбей усаджваючыся ў крэсле. — Дык як вы думаеце, што магло б настолькі ўскалыхнуць яго, каб гэты святы муж зрабіў Джылі воссю падначаленага яму свету?
— He магу сказаць. Ну які-небудзь незвычайны поспех... Адначасовае выратаванне тысячы душ, раптоўны дар выпраўляць кульгавых і рабіць відушчымі сляпых... Але ж век цудаў даўно ўжо мінуў.
— Ды кіньце вы! У гэтым я дужа сумняваюся. Проста ўсемагутны перамяніў тэхніку. У нашы дні ён пускае ў ход грошы.
— Вы цынічная жанчына! Таму, можа, вы так і падабаецеся мне, місіс Карсан.
— Мяне зваць Мэры. Калі ласка, завіце мяне Мэры.
Міні ўкаціла ў гасціную чайны столік якраз у той момант, калі айцец дэ Брыкасар сказаў:
— Дзякую вам, Мэры.
Над гарачымі праснакамі і падсмажаным хлебам з анчоўсамі Мэры Карсан уздыхнула:
— Я хачу, дарагі ойча, каб гэтай раніцай вы маліліся за мяне асабліва старанна.
— Завіце мяне проста Ральф, — сказаў ён і гарэзліва дадаў: — Сумняваюся, ці можна маліцца за вас яшчэ больш старанна, чым я малюся, але што ж, паспрабую.
— О, вы проста цуд! Толькі ці не намёк гэта які? Наогул я не вельмі люблю абсалютную шчырасць, але з вамі ніколі не ведаеш — сапраўдная ваша шчырасць ці за ёю нешта хаваецца. Накшталт моркаўкі перад аслінай пысай. А што вы на самай справе пра мяне думаеце, айцец дэ Брыкасар?
Гэтага я да канца маіх дзён ведаць не буду, бо ў вас ніколі не хопіць бестактоўнасці сказаць мне праўду, ці ж не так? Цудоўненька, цудоўненька... Вы проста абавязаны маліцца за мяне. Я ўжо старая і шмат награшыла.