Паводзіны жанчыны, яе маўчанне набылі непраўдападобна-злавесны сэнс. Хай сабе, думаў ён, але ў глыбіні душы разумеў, што збылося найгоршае, чаго ён баяўся. Лескі знеслі, найхутчэй, з яе ведама, і, пэўна, яна згадзілася. Безумоўна, яна з імі — хаўрусніца. I гэта поза яе прадыктавана не сорамам, а двухсэнсавасцю яе становішча. Гэта, безумоўна, поза злачынкі, а можа, і ахвяры, гатовай прыняць любое пакаранне. Хітра падстроілі яны праклятую пастку. Даверліва паддаўся на завабліванне шпанскай мушкі, і яна завяла ў пустыню, адкуль няма выйсця, — і здыхай тут, як з голаду мыш...
Ён ускочыў, кінуўся да дзвярэй і яшчэ раз выглянуў на двор. Падняўся вецер. Сонца было амаль над самаю ямаю. Ад распаленага пяску плылі ўгору хвалі гарачага паветра, пераліваючыся, як мокрыя негатыўныя плёнкі. Пясчаная сцяна расла ўсё вышэй і вышэй. Яна дык ведала ўсё і нібыта гаварыла яго мускулам і касцям пра бяссэнсавасць супраціўлення. Гарачае паветра ўпівалася ў цела. Спякота станавілася нясцерпная.
Нечакана мужчына пачаў крычаць, як вар’ят. Ён выкрыкваў нейкія незразумелыя словы — не было слоў, якімі ён мог бы выказаць свой адчай. Ён проста лямантаваў з усяе сілы. Яму здавалася, што гэты страшны сон, напалохаўшыся крыку, адкаснецца і, просячы прабачэння за свой ненаўмысны недарэчны жарт, выкіне яго з пясчанай ямы. Але голас, не звыклы да крыку, быў тонкі і кволы. Дый яго паглынаў пясок, рассейваў вецер, і наўрад ці ён чуцён быў далёка.
Раптам пачуўся страшэнны грукат, і мужчына змоўк. Як і казала ўчора жанчына, пясчаны карніз, што звісаў з паўночнай сцяны, перасох і абваліўся. Уся хата жаласна застагнала, быццам яе скруціла нейкая невядомая сіла, і, нібыта падкрэсліваючы яго пакуты, з шчылін між карнізам і сцяною, шастаючы, пачала сачыцца шэрая кроў. Быў поўны рот сліны, мужчына калаціўся, быццам стукнула яго самога...
Цяжка зразумець. Нейкае ўтрапенне. Ці можна загнаць у пастку, як мыш ці насякомае, чалавека, які ўключаны ў пасямейны спіс, мае працу, плаціць падаткі і карыстаецца правам на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне? Напэўна, гэта нейкая памылка. Астаецца толькі лічыць: гэта памылка.
Перш за ўсё, рабіць тое, што яны зрабілі са мною, — неразумна. Я ж не конь і не бык, і проці волі ніхто мяне працаваць не прымусіць. А калі я не падыходжу як рабочая сіла, дык навошта запіраць мяне ў гэтых пясчаных сценах. Навошта садзіць жанчыне на шыю нахлебніка.
Паглядзеўшы на пясчаную сцяну, што акружала яго з усіх бакоў, ён успомніў, хоць гэта было не вельмі прыемна, няўдалую спробу ўзлезці на яе. Колькі ні кідайся каля сцяны — карысці ніякай. Адчуванне бездапаможнасці паралізавала яго... Відаць, гэты, што раз’ядаецца пяском, свет нейкі адмысловы, да якога звычайныя крытэрыі не падыходзяць...
Мужчына верыў і не верыў у свае развагі. Напрыклад, калі праўда, што новыя бітоны і рыдлёўку падрыхтавалі спецыяльна яму, дык праўда і тое, што вераўчаныя лескі прыбралі знарок. Далей, хіба не гаворыць пра небяспеку той факт, што жанчына не сказала ні слова, каб растлумачыць, што здарылася, чаму яна пакорна і маўкліва, нібыта асуджаная, церпіць свой лёс? Можа, і ўчора яна не проста агаварылася, даючы намёк, што ён тут завяз надоўга?
Сарвалася яшчэ адна пясчаная глыба.
Напалохаўшыся, мужчына вярнуўся ў хату. Ён падышоў проста да жанчыны, якая ляжала, як і дагэтуль, ніцма на цыноўцы, і са злосцю замахнуўся на яе. Шалёная нянавісць віравала ў яго ў вачах, болем разлілася па ўсім целе. Ды раптам, абяссілеўшы, не зачапіўшы жанчыны, ён цяжка апусціў паднятую руку. Напэўна, ён бы не супраць даць ёй плескачоў. Але, можа, на гэта і спадзявалася жанчына? Ведама, яна гэтага чакае. Бо пакаранне — гэта і ёсць прызнанне таго, што злачынства загладжана.
Ён павярнуўся спіною да жанчыны, паваліўся на зямлю, абхапіў галаву рукамі і ціха застагнаў. Хацеў праглынуць сліну, ды не змог — яна засела ў горле. Слізістая абалонка стала, напэўна, вельмі адчувальная да смаку і паху пяску, і колькі б ён тут ні жыў — не зможа прывыкнуць да яго. Сліна ператварылася ў бурыя пеністыя згусткі, якія сабраліся ў кутках губ. Выплюнуўшы сліну, ён яшчэ мацней адчуў шорсткасць пяску, што астаўся ў роце. Кончыкам языка ён аблізваў губы з сярэдзіны і выплёўваў, але пяску не было канца. Толькі ў роце стала суха і балела, быццам усё там апечана.