Жанчына наабірала бульбы, пакрышыла яе і рэдзьку з бацвіннем і высыпала ўсё ў жалезны кацёл, што вісеў над агнішчам. Яна беражліва выняла з поліэтыленавага мяшочка запалкі, распаліла агонь, схавала запалкі і зноў завязала мяшочак. Потым насыпала рысу ў дуршлаг і стала паліваць яго вадою. Напэўна, каб змыць пясок. Забулькатала ў катле варыва, непрыемна запахла рэдзькаю.
— Вады, праўда, толькі крыха асталася, але, можа, вы твар апаласняце?
— Ды не, чым твар абмываць, я лепей вып’ю...
— Ой, даруйце... Вада, што піць, у другім месцы. — Яна дастала з-пад умывальніка вялікі кацялок, уверчаны ў поліэтылен. — Яна не вельмі халодная, але затое я яе пракіпяціла, каб можна было піць.
— Але калі ані не пакінуць вады ў бачку, дык не будзе чым памыць посуд.
— He, посуд я праціраю пяском, і ён становіцца зусім чысты.
З гэтымі словамі жанчына набрала каля акна прыгаршчы пяску, сыпнула яго ў талерку, што трымала ў руцэ, некалькі разоў шарганула талерку ўкруга і паказала яе мужчыну. Ён не разабраўся, ці стала яна чысцейшая, але падумаў, што, напэўна, стала. Ва ўсякім разе, такое выкарыстанне пяску зусім адпавядала яго даўнім уяўленням пра пясок.
Еў ён зноў пад парасонам. Вараная гародніна і вяленая рыба... На зубы пападаўся пясок. Яны маглі б разам паесці, калі б парасон быў падвешаны пад столь, падумаў ён, але сказаць пабаяўся, бо яна магла расцаніць гэта як спробу да збліжэння. Нізкага гатунку чай, нібыта моцны на выгляд, быў нясмачны.
Калі ён паеў, жанчына падсела да ўмывальніка і, накінуўшы на галаву кавалак поліэтылену, пачала цішком есці. Цяпер яна падобная на нейкае насякомае, падумаў ён. Няўжо яна думае ўвесь свой век гэтак жыць?.. Таму, хто наверсе, гэта толькі малюсенькі акравачак велізарнай зямлі, а з дна ямы не відаць нічога — толькі бясконцы пясок ды неба... Аднастайнае жыццё, нібыта малюнак, што назаўсёды застыў у вачах... Жыццё адзінокае жанчыны, якой нават няма чаго ўспомніць, — яна за ўсё жыццё ні ад кога не чула цёплага слова. У яе, напэўна, сэрца затрапяталася, як у дзяўчыны, калі ёй, нібыта робячы вялікае дабро, аддалі мяне, злавіўшы ў пастку... Так шкада яе...
Яму захацелася сказаць што-небудзь жанчыне, і, каб неяк пачаць размову, ён вырашыў закурыць. Папраўдзе, поліэтылен тут — прадмет найпершае патрэбы, без яго не абыдзешся. Колькі ні трымаў ён запаленую запалку каля цыгарэты, яна ніяк не разгаралася. Ён смактаў яе з усяе сілы, ажно шчокі ўцягваліся між зубамі, але, як ні стараўся, чуў толькі прысмак дыму. Дый гэты дым, тлуста-нікацінавы, толькі раздражняў язык, ніяк не замяняючы курэння. Настрой сапсаваўся, размова не клеілася, ды яму і самому расхацелася гаварыць з жанчынаю.
Саставіўшы на ток посуд, жанчына без спеху стала сыпаць на яго пясок. З намаганнем яна нясмела сказала:
— Вы ведаеце... Пара ўжо пясок скідаць з гарышча...
— Скідаць пясок? А-а, ну што ж, калі ласка... «А пры чым тут я? — падумаў мужчына абыякава. — Няхай гніюць бэлькі, няхай ломяцца падпоры — мне дык які клопат?» — Калі я вам замінаю, мне, можа, пайсці куды-небудзь?
— Выбачайце, калі ласка, але...