Трывожыцца было яшчэ рана, ён вырашыў перадыхнуць і, зрабіўшы мадэль ямы, праверыць свае разлікі. Матэрыялу, на шчасце, колькі хочаш. Ён выбраў месца пад карнізам каля хаты, у цяні, і стаў капаць ямку, сантыметраў на пяцьдзесят. Але чамусьці схілы яе не ўдавалася зрабіць пад патрэбным яму вуглом. Самае большае — сорак пяць градусаў... як у ступцы, што шырэе пад верх.
Калі ён пачаў падкопваць з дна ў ямцы, па сценках пасыпаўся пясок, але схіл не змяніўся. Здавалася, пясок мае нейкі стабільны вугал. Маса і супраціўленне пясчынак, відаць, прапарцыянальныя. А калі так, значыць, і гэтая сцяна, якую ён збіраецца адолець, мае такі самы вугал нахілу.
Не, гэтага не можа быць. Хіба што падман зроку, але не, так не бывае... На які схіл ні глядзі знізу, ён заўсёды будзе здавацца круцейшым, чым на самай справе.
I ўвогуле, можа, усё гэта трэба разглядаць як пытанне колькасці?.. Калі розная колькасць, натуральна, розны і ціск. Калі розны ціск, дык і прапорцыя масы і супраціўлення абавязкова мяняецца. Можа, тут ёсць залежнасць і ад будовы пясчынак? Узяць, напрыклад, чырвоную гліну. Чырвоная гліна натуральная і чырвоная гліна ўжо пасля яе здабычы маюць зусім розную велічыню супраціўлення ціску. Ды яшчэ трэба ўзяць пад увагу вільготнасць... Значыць, мадэль можа быць пад дзеяннем зусім іншых законаў.
Але, тым не менш, яго дослед не быў марны. Ён зразумеў, што вугал нахілу сцяны звышстабільны — адно гэта ўжо вялікі плён. I, увогуле, не так і цяжка звышстабільнасць ператварыць у звычайную стабільнасць.
Варта толькі крышку пабоўтаць перанасычаны раствор, як выпадаюць крышталі і ён ператвараецца ў насычаны.
Раптам, адчуўшы, што побач нехта ёсць, ён павярнуўся. Жанчына стаяла ў дзвярах і пільна глядзела ў яго бок. Ён нават не чуў, калі яна выйшла. Заспеты знянацку, ён збянтэжыўся і адступіўся назад, разгублена азіраючыся. I вось тады ён убачыў, што за яго спіною на краі пясчанага абрыву з усходняга боку тры галавы глядзяць уніз. Яны былі абверчаны ручнікамі, канцы якіх захіналі твар знізу, таму цяжка было пазнаць, ці гэта былі тыя дзяды, што ўчора, ці другія. Але як быццам — яны. Мужчына разгубіўся, але тут жа ўзяў сябе ў рукі і вырашыў, не звяртаючы на іх увагі, працаваць далей. Тое, што на яго глядзелі, падагнала яго.
Пот капаў з кончыка носа, заліваў вочы. Не было часу выціраць яго, і ён капаў з заплюшчанымі вачыма. Hi ў якім разе не трэба даваць адпачынку рукам. Калі яны ўбачаць, як ён спрытна працуе, дык зразумеюць, якія яны тупагаловыя і нікчэмныя.
Ён зірнуў на гадзіннік. Абцёр аб штаны пясок са шкла. Было яшчэ толькі дзесяць мінут трэцяй. Тыя самыя дзесяць мінут трэцяй, як і раней, калі ён апошні раз глядзеў на гадзіннік. У яго адразу прапала ўпэўненасць у сваёй хуткасці. Калі глядзець вачыма слімака, сонца рухаецца, напэўна, з хуткасцю бейсбольнага мяча. Ён схапіў рыдлёўку і зноў накінуўся на пясчаную сцяну.
Раптам шуганула ўніз глыба пяску. Глуха грукнула, нібыта падала гума, і нешта з сілаю навалілася яму на грудзі. Каб зразумець, што здарылася, ён падняў галаву і паглядзеў уверх, але пазнаць, дзе верх, так і не змог. Ён ляжаў, сагнуты папалам, у сваіх ванітах, а навокал было разліта нейкае цьмянае, малочнае святло. ЧАСТКА ДРУГАЯ
Дзяб, дзяб, дзяб, дзяб.
Што гэта за гук?
Гук званочка.
Дзяб, дзяб, дзяб, дзяб.
Што гэта за голас?
Голас д’ябла.
11
Жанчына ціхенька нешта мурлыкае. Яна бясконца паўтарае адну фразу, выбіраючы пясок з бака.
Спеў сціх. Потым стала чутно, як жанчына таўчэ рыс. Мужчына ціхенька ўздыхае, паварочваецца на другі бок і чакае, напружыўшыся, нецярпліва... зараз яна ўвойдзе, напэўна, з тазам вады, каб працерці яго цела. Ад пяску і поту скура раздражнілася. Пры адной думцы пра халодны вільготны ручнік ён увесь сціскаецца.