...Няшчасны выпадак, напэўна?.. He, калі б гэта быў няшчасны выпадак, дык, відаць, як-небудзь паведамілі б... А можа, самагубства?.. Але, зноў жа, пра гэта, безумоўна, ведала б паліцыя!.. He трэба пераацэньваць гэтага недалёкага хлопца!.. Напраўду, ён прапаў без весткі па сваёй волі, і няма чаго лезці ў чужую справу... Але ўжо ж амаль тыдзень... Ну што за чалавек, вечна ён людзям дае клопату, і не дазнаешся ніяк, што ён сам сабе думае...
Наўрад ці яны шчыра перажываюць за яго. Проста неспатоленая іх цікаўнасць пераспела, як хурма, у пару не знятая з дрэва. Далей падзеі разгортваюцца гэтак. Старшы настаўнік ідзе ў паліцыю, каб высветліць форму заявы на пошукі. За посным тварам схавана задавальненне, якое ажно распірае яго... «Прозвішча і імя: Нікі Дзюмпэй. Узрост: 31 год. Рост: 1 м 58 см. Вага: 54 кг. Валасы: рэдкія, зачасаныя назад, брыялінам не карыстаецца. Зрок: правы — 0,8, левы — 1,0. Трошкі касавокі. Скура смуглявая. Прыкметы: твар прадаўгаваты. Нос кароткі. Сківіцы квадратныя, пад левым вухам прыкметная радзімка, другіх асаблівых прыкмет няма. Група крыві: АВ. Гаворыць хрыпата, трохі заікаючыся. Засяроджаны, упарты, але ў абыходжанні з людзьмі просты. Адзенне: відаць, на ім адзенне, якім карыстаюцца пры энтамалагічнай рабоце. Змешчанае зверху фота анфас зроблена два месяцы назад».
Безумоўна, людзі ў вёсцы ўжылі патрэбныя меры засцярогі, калі так рашуча прадаўжаюць гэту недарэчную авантуру. Абвесці вакол пальца аднаго-двух вясковых паліцэйскіх — справа няхітрая. Яны, ведама, паклапаціліся, каб паліцэйскія без асаблівай патрэбы не прыходзілі ў вёску. Але такая дымавая заслона карысная і патрэбная толькі да таго часу, пакуль ён здаровы і можа адграбаць пясок. I неразумна рызыкаваць, хаваючы цяжкахворага чалавека, які ўжо цэлы тыдзень валяецца ў пасцелі. Калі яны вырашаць, што ён ім не патрэбен, тады самае разумнае — як мага хутчэй збавіцца ад яго, пакуль ціха. Цяпер яшчэ можна прыдумаць якую-небудзь праўдападобную версію. Можна, напрыклад, заявіць, што чалавек сам упаў у яму і ад страсення ў яго пачаліся нейкія дзіўныя галюцынацыі. Безумоўна, гэтае тлумачэнне будзе прынята ахвотней, чым яго зусім фантастычнае сцверджанне, быццам яго хітрыкамі запраторылі ў яму.
Зарыкала карова — нібыта ў горла ёй уставілі медную трубку. Недзе пракукарэкаў певень. У пясчанай яме няма ні адлегласці, ні кірунку. Толькі там, наверсе, — звычайны, нармальны свет, дзе на абочыне дарогі дзеці гуляюць у класы, у пэўны час настае світанне, і фарбы яго змешваюцца з пахам рысу, што варыцца ў чыгунках.
Жанчына старанна, нават вельмі старанна працірае яго цела. Пасля працірання досуха выкручвае вільготны ручнік, ажно ён робіцца цвёрды, як дошка, тады сухім трэ так дбайна, быццам паліруе запацелае шкло. Ад ранішніх гукаў і гэтых рытмічных штуршкоў яго пачынае хіліць на сон.
— Ага, дарэчы... — Ён сілаю праганяе позех, які, быццам абцугамі, гвалтам выцягнулі з яго. — Як бы гэта... Даўно ўжо хочацца пачытаць газету. Ніяк гэтага зрабіць нельга?
— Добра, я папытаюся, пазней.
Ён адразу зразумеў: жанчына хоча паказаць сваю шчырасць. У яе сарамлівым, баязлівым голасе добра чутно старанне не пакрыўдзіць яго. Але гэта раззлавала яго яшчэ болей. «Папытаюся?!» Значыць, і газет я не маю права чытаць без дазволу, ці што?.. Забурчаўшы, ён адкінуў жанчыніну руку. Яму так і карцела перакінуць тазік з вадою. Выходзіць, жанчына выканала яго просьбу?
Аднак у яго становішчы надта бушаваць не варта — гэта можа разбурыць усе планы. Цяжкахворы наўрад жа ці будзе так хвалявацца з-за нейкай там газеты. Ён, ведама, хоча прагледзець газету. Калі няма пейзажу, дык паглядзець хоць на карцінку — жывапіс развіўся ж у мясцінах з беднаю прыродаю, а газеты найболей развіліся ў прамысловых раёнах, дзе сувязь паміж людзьмі паслабела. Апрача таго, раптам ён знойдзе там аб’яву пра тое, што прапаў без весткі чалавек. А калі пашанцуе, дык не выключана, што ў кутку старонкі, прысвечанай сацыяльным пытанням, пра яго знікненне будзе апублікаваны артыкул. Але ж наўрад ці дадуць вяскоўцы яму газету, у якой будзе такі артыкул. Ды самае галоўнае цяпер — цярпенне.
Прыкідвацца хворым не так ужо соладка. Усё роўна што сціскаць у руцэ тугую спружыну, гатовую вырвацца. Доўга такога не вытрываеш. Змірыцца таксама нельга. Ён павінен, што б там ні было, прымусіць гэтых тыпаў зразумець, які яны ўзялі на сябе непатрэбны клопат. Вось сёння, чаго б гэта ні каштавала, не даць жанчыне ні на хвіліну заплюшчыць вачэй!
(He спі... Спаць няможна!)
Мужчына скурчыўся і прытворна застагнаў.