13 страница3026 сим.

Але так не гадзіцца — прымаць вельмі блізка да сэрца звычайны сон. У любым выпадку трэба давесці пачатае да канца.

Жанчына, ціхенька сапучы, як звычайна, спала на таку каля агнішча, увярцеўшыся з галавою ў зношанае кімано, скруціўшыся абаранкам, абняўшы рукамі калені. З таго дня яна ні разу не паказвалася яму голая, але пад кімано на ёй, відаць, нічога няма.

Мужчына хутка прабег старонку, прысвечаную сацыяльным пытанням, калонкі мясцовага жыцця. Ён, безумоўна, не знайшоў ні артыкула пра сваё знікненне, ні аб’явы пра тое, што без весткі прапаў чалавек. Так ён і думаў і таму не вельмі засмуціўся. Ціхенька ўстаў і спусціўся на ток. На ім не было нічога, апрача доўгіх трусоў са штучнага шоўку. Так было найлепей. Пясок збіраўся ў тым месцы, дзе гумка апяразвала цела, і толькі тут паяўляліся чырвань і сверб.

Стоячы ў дзвярах, ён паглядзеў угору, на пясчаную сцяну. Святло разанула ў вочы, і ўсё навокал быццам загарэлася жоўтым полымем. Hi душы. Лесак, ведама, таксама няма. Ніякага дзіва. Хацелася толькі праверыцца ў праўдзе. Няма ніякіх прыкмет, што іх апускалі. Праўда, пры такім ветры і пяці мінут не пройдзе, як любы след знікне. Дый адразу ж за дзвярыма верхні слой пяску бясконца цёк, быццам з пяску здзіралі шкурку.

Ён вярнуўся ў хату і лёг. Ляцела муха. Маленькая карычняватая дразафіла. Напэўна, нешта недзе гніе. Папаласкаўшы горла з уверчанага ў поліэтылен кацялка, што стаяў у галавах, ён паклікаў жанчыну:

— Паслухайце, можа, вы ўстанеце...

Жанчына здрыганулася і падхапілася. Халат споўз, агаліўшы грудзі, крышку адвіслыя, але яшчэ поўныя. На іх прасвечваліся блакітныя жылкі. Мітуслівым, няўпэўненым рухам жанчына нацягнула халат, вочы ў яе былі заспаныя — відаць, яшчэ не зусім прачнулася.

Мужчына завагаўся. Ці павінен ён злосна і без хітрыкаў пытацца ў яе пра лескі... Ці, можа, лепей падзякаваць за газету і заадно папытацца лагодным тонам? Калі ён разбудзіў жанчыну, каб толькі перарваць яе сон, дык самае правільнае — трымацца агрэсіўна. А зачэпак, каб прыдрацца, колькі хочаш. Але гэта можа далёка адвесці ад галоўнае мэты — прыкідвацца цяжкахворым. Нельга сказаць, што такія паводзіны вельмі падобныя да паводзін чалавека, у якога пакалечаны пазваночнік. Што яму сапраўды трэба — дык гэта прымусіць іх пераканацца, што яго нельга выкарыстоўваць як рабочую сілу, і любымі сродкамі ўсыпіць іх пільнасць; сэрцы ў іх ужо памякчэлі — яны нават далі яму газету; цяпер трэба зрабіць так, каб яны ўвогуле не маглі супраціўляцца.

Але ўсе яго радасныя надзеі пайшлі марна.

— Ды не, нікуды я не выходзіла. Адзін з нашае арцелі якраз прынёс сродак ад гніення дрэва, які даўно ўжо мне абяцалі. Яго я і папрасіла... Тут у вёсцы газету атрымліваюць толькі ў чатырох-пяці хатах... Давялося яму знарок ісці ў горад, каб купіць яе...

Такое супадзенне можа быць. Але ці не значыць гэта, што ён замкнёны ў клетцы на замок, да якога не падбярэш ключа? Калі нават мясцовыя жыхары павінны мірыцца з падобным зняволеннем, дык крутасць гэтых пясчаных сценаў — не жартачкі. Мужчына ашалеў, але ён узяў сябе ў рукі.

— Во як?.. Паслухайце... Вы ж тут гаспадыня, праўда?.. А не якая-небудзь сучка... He можа быць, каб вы не маглі свабодна выходзіць адсюль і варочацца назад, калі захочаце! Ці вы такога натварылі, што людзям у вочы глядзець не можаце?

Заспаныя вочы ў жанчыны расплюшчыліся ад здзіўлення. Яны наліліся крывёю, быццам распаліліся, яму здалося нават, што ў пакоі стала святлей.

— Ну што вы. Не магу глядзець у вочы. Во якая лухта!

— Добра, дык тады вам няма чаго быць такою баязліваю!

— А калі я і выйду адсюль, мне там рабіць асабліва няма чаго...

— Можна пагуляць!

— Гуляць?..

13 страница3026 сим.