15 страница3165 сим.

Ды калі б справа была толькі ў гэтым, вельмі блізка прымаць усё да сэрца было б няварта. Калі б той чалавек не рэагаваў на ўсё гэтаксама, як і астатнія калегі, дык наўрад ці стаў бы ён упарціцца.

Толькі яму ён давяраў. Гэта быў чалавек з яснымі, праўдзівымі вачыма, з тварам, які заўсёды здаваўся толькі што ўмытым. Чалавек гэты актыўна ўдзельнічаў у прафсаюзным руху. Аднойчы ён нават паспрабаваў сур’ёзна і шчыра падзяліцца з ім сваімі патаемнымі думкамі, якія хаваў ад другіх.

— Ты так лічыш?.. Мяне вось проста мучыць праблема адукацыі, якая падмацоўваецца жыццём...

— Што значыць «падмацоўваецца»?

— Ну, увогуле, адукацыя, якая грунтуецца на ілюзіі і прымушае ўспрымаць нерэальнае як рэальнае. Узяць хоць бы пясок — гэта цвёрдае цела, але ў той жа час ён мае гідрадынамічныя ўласцівасці. Гэтым якраз ён мяне і вабіць...

Чалавек збянтэжыўся. Заўсёды сутулы, ён ссутуліўся яшчэ болей. Але выраз твару, як заўсёды, аставаўся адкрыты. Ён нічым не паказаў, што ідэя агідная яму. Нехта сказаў аднойчы, што ён нагадвае стужку Мёбіуса. Стужка Мёбіуса — гэта перакручаная адзін раз і злучаная канцамі палоска паперы, якая ператвараецца такім чынам у плоскасць без вонкавага і адваротнага бакоў. Можа, у гэту мянушку ўкладалі той сэнс, што ён, як стужка Мёбіуса, паяднаў прафсаюзную дзейнасць і асабістае жыццё? Разам з лёгкім здзекам у гэтай мянушцы была і ўхвала.

— Можа, ты маеш на ўвазе рэалістычную адукацыю?

— He, вазьмі мой прыклад з пяском... хіба свет, урэшце, не падобны на пясок?.. Гэты самы пясок, калі ён у спакойным стане, ніяк не выяўляе свае сутнасці... На самай справе не пясок рухаецца, а сам рух ёсць пясок... Лепей я не растлумачу...

— Я і так зразумеў. У практыцы ж выкладання змешчаны найважнейшыя элементы рэлятывізму.

— He, гэта не так. Я сам стану пяском... Буду бачыць усё вачыма пяску... Памёршы раз, няма чаго трывожыцца, што памрэш зноў.

— Ці не ідэаліст ты, га?.. А ты ж, напэўна, баішся сваіх вучняў, праўда?

— Ды таму, што я і вучняў лічу нечым падобным на пясок...

Ён тады звонка засмяяўся, агаліўшы свае белыя зубы, нічым не паказваючы, што яму не даспадобы гэтая размова, у якой мы так і не знайшлі пунктаў дотыку. Яго і без таго маленькія вочы зусім схаваліся ў складках твару. Я, помню, таксама не мог не ўсміхнуцца ў адказ. Гэты чалавек напраўду быў стужкаю Мёбіуса. I ў добрым сэнсе, і ў благім. Варта было паважаць яго хоць бы за добрую палавіну.

Але нават гэты «Стужка Мёбіуса», як і астатнія калегі, яўна выказваў шэрую зайздрасць да яго адпачынку. Гэта ўжо зусім не было падобна на стужку Мёбіуса. Зайздросцячы, у той жа час ён і радаваўся. Хадзячая дабрачыннасць часта раздражняе. I таму пацвяляць яго было вялікае задавальненне.

I тут гэтае пісьмо... Здадзеная карта, якое ўжо не вернеш. Учарашні жах нельга лічыць беспрычынным.

Было б хлуснёю сказаць, што між ім і тою, другою жанчынаю, не было ніякага кахання. Між імі былі нейкія цьмяныя і, напэўна, незразумелыя адносіны, і ён ніколі не ведаў, чаго можна ад яе чакаць. Варта было, напрыклад, сказаць, што шлюб, па сутнасці, падобны на ворыва цаліны, як яна безапеляцыйна і злосна пярэчыла, што шлюб павінен азначаць пашырэнне хаты, якая стала цесная. А сказаў бы ён наадварот, яна і на гэта, безумоўна, пярэчыла б. Гэта была гульня — хто каго перацягне, якая вялася без стомы два гады і чатыры месяцы. Можа, правільней было б сказаць, што яны не так страцілі запал, як урэшце замарозілі яго, бо занадта ідэалізавалі.

Вось тады зусім нечакана і выспела рашэнне пакінуць пісьмо і паведаміць у ім, што на нейкі час ён паедзе адзін, не сказаўшы куды. Таемнасць, якою ахутаў ён свой адпачынак і якая безадказна падзейнічала на таварышаў, не магла не падзейнічаць і на яе. Але ў апошнюю хвіліну, ужо напісаўшы адрас і наклеіўшы марку, ён вырашыў, што гэта дурыкі, пакінуў пісьмо на стале.

15 страница3165 сим.