22 страница3081 сим.

Дзед правёў кончыкам языка па верхняй губе і абыякава ўсміхнуўся. Не, мабыць, гэта і не была ўсмешка — проста ён прыжмурыў вочы, каб у іх не папаў пясок, які нёсся разам з ветрам. Але ад растрывожанага мужчыны не схавалася б нават маршчынка.

— Што? У чым справа?.. Хіба вы не разумееце, што вы на мяжы злачынства?

— Злачынства? Прайшло ўжо дзесяць дзён з таго часу, а паліцыя маўчыць... — Дзед гаварыў мерна, слова за словам. — А калі цэлых дзесяць дзён маўчыць, дык што ўжо там...

— He дзесяць дзён, тыдзень!

Дзед не адказаў. Папраўдзе, такая размова нічога цяпер не дасць... Мужчына патушыў узрушэнне і стараўся гаварыць далей спакойным голасам:

— Хай сабе, гэта не так важна... Лепей, можа, вы спусціцеся сюды і мы з вамі сядзем спакойна і пагаворым? Я вам нічога не зраблю. Ды калі б і хацеў што-небудзь зрабіць, усё роўна не змог бы. Проці вас я слабы. Абяцаю.

Дзед маўчаў. Мужчына задыхаў часцей.

— Я ж разумею, як важна вёсцы адграбаць пясок. Што ні кажы — пытанне жыцця... Вельмі вострае пытанне... Добра разумею... Калі б мяне не прымушалі сілаю, можа, я сам, па добрай волі, астаўся б тут... Клянуся вам! Варта ўбачыць, якое тут жыццё, — і кожны з простай чалавечнасці захоча вам памагчы. Але хіба тое, што я раблю, можа лічыцца сапраўднаю дапамогаю?.. Сумняваюся... Чаму вы не падумаеце пра якія-небудзь іншыя, болей прымальныя спосабы супрацоўніцтва?.. Людзей трэба расстаўляць разумна... Самае добрае жаданне памагчы будзе зламана, калі чалавеку не знойдзецца правільнага месца... Праўду кажу?.. Хіба нельга было знайсці лепшага спосабу выкарыстаць мяне, не ідучы на такую рызыку?

Дзед з такім выглядам, што не зразумееш, слухае ён ці не, павярнуў галаву і махнуў рукою, быццам адганяў кацяня, якое дужа разгулялася. А можа, баіцца на вачах у назіральніка з вышкі весці тут размовы?

— Згадзіцеся... Адграбаць пясок справа сапраўды важная... Але гэта сродак, а не мэта... Мэта — гэта папярэдзіць страшную небяспеку... Праўда ж? На шчасце, я даволі доўга даследаваў пясок. Я глыбока цікавіўся гэтым пытаннем. Таму я і прыехаў у такую мясціну. Што ні кажы, а пясок у нашы дні вабіць чалавека... Можна з поспехам гэта выкарыстаць... Ператварыць тутэйшыя мясціны ў турысцкі раён... Выкарыстаць пясок, ідучы за ім, а не працівячыся яму... Карацей кажучы, паспрабуйце думаць інакш...

Дзед падняў вочы і сказаў абыякава:

— Які там турысцкі раён, калі тут няма гарачых крыніц... Дый усе ведаюць, што на турызме нажываюцца адны гандляры і наезджыя...

Мужчына пачуў у яго словах насмешку, і тут ён успомніў жанчынін расказ пра паштовачніка, якога напаткаў такі самы лёс, і пра тое, як ён захварэў і памёр.

— Ведама, тое, што я сказаў, — гэта толькі да прыкладу... Ці думалі вы пра спецыяльныя сельскагаспадарчыя культуры, якія адпавядалі б уласцівасцям пяску?.. Увогуле, няма ніякай патрэбы гэтак моцна трымацца за даўнейшы лад жыцця...

— Мы тут усяляк прыкідвалі. Спрабуем садзіць і земляныя арэхі, і расліны, корань у якіх цыбулінаю... Паглядзелі б, як тут цюльпаны растуць...

— А як вядуцца работы па ахове ад пяску?.. Сапраўдныя работы па ахове ад пяску... Адзін мой таварыш працуе карэспандэнтам... З дапамогаю газеты ўдасца падняць грамадскую думку. У гэтым няма нічога немагчымага.

— Колькі б гэта ваша грамадская думка ні шкадавала нас, яна нічога не вартая, калі мы не атрымаем грашовае дапамогі.

— Вось я і прапаную пачаць кампанію за атрыманне такіх субсідый.

— Пяскі, што гоніць вецер, улады не лічаць стыхійным няшчасцем і страт нам не пакрываюць.

— Трэба іх прымусіць!

— Ды хіба ў нашай жабрацкай прэфектуры можна чаго-небудзь дамагчыся... А калі спадзявацца на ўлады, дык пакуль яны там будуць лічыць ды прыкідваць, нас якраз пясок і накрые...

22 страница3081 сим.