22
Калі прамежкі паміж мускуламі заліць гіпсам, дык, напэўна, самаадчуванне будзе прыкладна такое самае. Вочы нібыта расплюшчаны, але чамусьці вельмі цёмна? Недзе мыш цягне нешта ў сваю нару... У горле пячэ, быццам шарганулі рашпілем... З рота пахне, як з памыйнае ямы... Хочацца курыць... He, раней, пэўна, нап’юся... Вада!.. Ён адразу вярнуўся да рэальнасці. Вунь яно што. Гэта была не мыш — жанчына пачала працаваць!.. Колькі ж часу ён праспаў?.. Спрабаваў падняцца, але нейкая страшная сіла кінула яго на матрац... Раптам ён сцяміў і садраў з твару ручнік. Праз адчыненыя насцеж дзверы лілося свежае месячнае святло, быццам прапушчанае цераз жэлацін. Непрыкметна зноў наступала ноч.
Каля пасцелі стаялі кацялок, лямпа і пляшка з гарэлкаю. Ён падняўся на локці і прапаласкаў рот. Ваду выплюнуў як найдалей, да агнішча. Паволі, са смакам некалькі разоў каўтнуў. Памацаў каля лямпы, намацаў мяккі скрутак — запалкі і цыгарэты. Запаліў лямпу, прыкурыў. Яшчэ крыху выпіў з пляшкі. Разбітая на кавалкі свядомасць стала паступова складвацца ў нешта цэлае.
У скрутку была і яда. Яшчэ цёплыя тры піражкі з рысу і мукі, два вяленыя селядцы, высахлая зморшчаная марынаваная рэдзька і крыху варанае гародніны, горкае на смак, — здаецца, сушанае лісце тае самае рэдзькі. Аднаго селядца і піражка было даволі. Страўнік стаў велічынёю з гумовую пальчатку.
Калі ён устаў, суставы затрашчалі, як бляшаны дах ад моцнага ветру. З апаскаю мужчына зазірнуў у бак. Ён зноў быў поўны да краёў. Мужчына намачыў ручнік і прыклаў яго да твару. Дрыжыкі пранізалі ўсё цела, як іскра — лямпу дзённага святла. Ён працёр шыю, бакі, выцер пясок між пальцамі. Можа, такімі імгненнямі і трэба вызначаць сэнс жыцця.
— Чайку не хочаце? — Жанчына стаяла ў дзвярах.
— He варта... Жывот як барабан — вадою наліты.
— Спалі добра?
— Калі ўставала, трэба было і мяне разбудзіць...
Апусціўшы галаву, жанчына сказала са смехам у голасе, быццам яе казыталі:
— Я за ноч тры разы ўставала, папраўляла ў вас на твары ручнік.
Гэта было какецтва трохгадовага дзіцяці, якое з цяжкасцю нарэшце навучылася пераймаць смех у дарослых. Яе збянтэжанасць добра паказвала, што яна проста не ведае, як лепей выказаць сваю вялікую радасць. Мужчына панура адвёў вочы.
— Памагчы капаць?.. Ці лепей насіць бітоны?
— Ды пара ўжо. Вось-вось павінны кашы апускасць...
Пачаўшы працаваць, ён здзівіўся, што не адчуў таго супраціўлення, якога чакаў ад сябе. У чым прычына гэтай перамены? Можа, ад страху астацца без вады ці ў даўгу ў жанчыны, а можа, у характары самой працы? Папраўдзе, праца памагае чалавеку прымірыцца з часам, нават калі ён пралятае бязмэтна.