Гэтая ідэя ўзнікла зусім нечакана. Але ж зусім не абавязкова, каб здзяйсняліся толькі планы, якія выношваюцца доўгі час. Паколькі немагчыма ўсвядоміць дарогу, па якой рухаецца думка пры выпрацоўцы плана, падобнае нечаканае прасвятленне мае аснову ў самім сабе. У нечаканых рашэнняў намнога болей шанцаў на поспех, чым у тым, якія бясконца абмазгоўваюцца і ўзважваюцца.
Цяпер асталося толькі адно пытанне — час ажыццяўлення плана. Выбрацца з ямы найболей зручна ўдзень, калі жанчына спіць. Гэта вырашана. Але ісці цераз вёску повідну — нікуды не гадзіцца. Мабыць, найлепей зрабіць гэтак: вылезці наверх перад тым як прачнецца жанчына, схавацца ў надзейным месцы і, пачакаўшы, пакуль зойдзе сонца, пачаць выбірацца з вёскі. Карыстаючыся цемраю, пакуль узыдзе месяц, можна будзе лёгка дабрацца да шашы, па якой ходзяць аўтобусы.
Увесь гэты час мужчына стараўся выведаць у жанчыны рэльеф мясцовасці і размяшчэнне вёскі. Як вядзе гаспадарку вёска, якая не мае ніводнага рыбацкага судна, хоць і стаіць на беразе мора?.. Калі апынулася яна ў такім становішчы? Колькі ўсяго людзей жыве ў вёсцы?.. Хто і дзе вырошчвае цюльпаны?.. Якою дарогаю ходзяць дзеці ў школу?.. Паяднаўшы атрыманыя такім шляхам ускосныя весткі пра вёску з сваімі цьмянымі ўспамінамі таго адзінага дня, калі бачыў яе сваімі вачыма, ён здолеў мысленна намаляваць прыкладны план мясцовасці.
Было б ідэальна ўцячы, не заходзячы ў вёску, абмінуўшы яе. Але з захаду дарогу засланяе абрывісты мыс. Ён не вельмі высокі, але хвалі з даўніх часоў угрызаюцца ў яго і ператварылі яго ў нагрувашчванне стромых скал. Там, праўда, ёсць сцежкі, па якіх караскаюцца вяскоўцы, калі ходзяць збіраць галлё, але яны схаваныя ў зарасніках, і знайсці іх не так проста. Назойлівыя роспыты маглі выклікаць у жанчыны падазрэнне. А на ўсход ад вёскі ў сушу глыбока, кіламетраў на дзесяць, удаецца заліў, акружаны бязлюднымі дзюнамі. Ён робіць рэзкі паварот і падыходзіць амаль да самае вёскі. Такім чынам, яна знаходзіцца як быццам у пясчаным мяшку, завязаным пад горлам стромымі скаламі і залівам. Чым блудзіць і даць магчымасць гэтым тыпам наладзіць пагоню, найлепей зрабіць смелы прарыў цераз цэнтр.
Але ўсё гэта яшчэ не значыць, што праблема вырашана. Ну, хоць бы назіральнік на гэтай няшчаснай пажарнай вышцы. Апрача таго, трэба баяцца, што жанчына, убачыўшы, што ён уцёк, падыме вэрхал, і выхад з вёскі будзе перакрыты раней, чым ён яе абміне. Можа, дзве гэтыя праблемы ўдасца звесці да аднае. Першыя пераносчыкі пяску заўсёды прывозяць ваду і ўсё астатняе пасля захаду сонца. I калі жанчына захоча паведаміць ім, што ён уцёк, яна зможа зрабіць гэта толькі цераз назіральніка на пажарнай вышцы. Таму пытанне зводзіцца да таго, як быць з назіральнікам.
На шчасце, у гэтай мясціне, відаць, з-за рэзкай змены тэмпературы, прыкладна трыццаць мінут, а часам і цэлую гадзіну перад захадам сонца зямлю засцілае лёгкі туман. Адбываецца гэта па той прычыне, што крэмніевая кіслата, якая ёсць у пяску, які мае малую цеплаёмкасць, хутка аддае паглынутае за дзень цяпло. Калі глядзець з вышкі, уся гэтая мясціна знаходзіцца ў адносінах да яе пад вуглом адбівання святла, і нават невялікі туман ператвараецца перад назіральнікам у тоўстую белую пялёнку, скрозь якую ён не можа нічога разгледзець. Для пэўнасці ён яшчэ раз пераканаўся ў гэтым пазаўчора: каля падножжа абрыву, павернутага да мора, нейкі час размахваў ручніком, нібыта сігналіў пра нешта, але, як і думаў, рэакцыі не было ніякай.
Ажыццявіць свой план ён вырашыў на чацвёрты дзень пасля таго, як прыдумаў яго: выбраў суботні вечар, калі прывозяць ваду мыцца. Уночы перад уцёкам ён вырашыў прыкінуцца прастуджаным, каб добра выспацца. З асцярогі зрабіў нават так, каб яго прымусілі выпіць аспірыну. Таблеткі, відаць, недзе доўга валяліся ў краме — зусім страцілі колер. Ён каўтнуў дзве таблеткі, запіў вадою. Яны падзейнічалі. Пакуль жанчына не вярнулася з працы, ён не чуў ні гуку — толькі адзін раз падымалі кашы з пяском.