Хаты рабоў цягнуліся цяпер злева ад дарогі... Часам трапляліся адгалінаванні хадоў — сляды цягнутых кашоў, а ў самым канцы іх — мяшкі з пяском, па якіх можна было вызначыць, дзе пачыналася яма...
Нават глядзець на іх балюча. Сям-там да мяшкоў не былі прывязаны вераўчаныя лескі, але ўбачыць іх можна было амаль усюды. Відаць, многія жыльцы гэтых ям ужо адмовіліся ад думкі ўцякаць.
Цяпер ён лёгка мог уявіць сабе, што і такое жыццё, увогуле, магчымае. Кухні, печы, у якіх гарыць агонь, замест пісьмовага стала — кашы з-пад яблык, поўныя падручнікаў; кухні, агнішчы, выкапаныя на таку, лямпы, печы, у якіх гарыць агонь, зламаныя рассоўныя перагародкі, закураныя столі на кухнях, спраўныя і няспраўныя гадзіннікі, гарластыя і мёртвыя прыёмнікі; кухні і печы, у якіх гарыць агонь... I ў гэта ўсё, як у рамку, устаўлены жывёла, дзеці, фізічная цяга, пазыковыя абавязацельствы, танная аздоба, здрада, курэнне фіміяму, фатаграфія на памяць... Да жаху аднастайнае паўтарэнне таго самага... I хоць гэта было паўтарэннем, непазбежным у жыцці, як біццё сэрца, але ж біццё сэрца — яшчэ не ўсё жыццё.
Кладзіся!.. Ды не, нічога. Звычайная варона... Яму яшчэ не даводзілася лавіць варон і рабіць з іх чучалы, але цяпер гэта няважна. Мары пра татуіроўку, медалі, ордэны прыходзяць толькі тады, калі сняцца неймаверныя сны.
Дайшоў, здаецца, да ўскраіны вёскі. Дарога ўзлезла на грыву дзюны, злева паказалася мора. Вецер прынёс горкі пах прыбою, у вушах і ноздрах зазвінела, быццам закружыліся ваўчкі. Канцы ручніка, якім ён звязаў галаву, матляліся на ветры і білі па шчоках. Тут ужо і туман траціў сілу, не мог падняцца. Мора было ўкрыта тоўстымі брыжастымі свінцовымі лістамі. Сонца, сціснутае воблакамі, падобнымі на жабурынне, замерла, не жадаючы тануць. На гарызонце чорнаю кропкаю застыў карабель, адлегласці да яго і памеру — не вызначыць.
Перад ім да самага мыса бясконцымі хвалямі ляжалі пакатыя дзюны. Далей ісці гэтак, напэўна, небяспечна. Ён баязліва азірнуўся. На шчасце, пажарную вышку засланяў невысокі пясчаны ўзгорак і ўбачыць яго адтуль не маглі. Падняўшыся ціхенька на пальчыках, ён заўважыў справа ад сябе ў цяні пясчанага схілу скасабочаную, амаль да страхі ўрослую ў пясок халупу, якую можна было ўбачыць толькі з таго месца, дзе ён стаяў. З падветранага боку — глыбокая лагчына, быццам яе вычарпалі лыжкаю.
Выдатная схованка... Паверхня пяску гладкая, як ракавіна з сярэдзіны, і нідзе няма чалавечых слядоў... Але што рабіць з сваімі слядамі?.. Ён пайшоў назад па сваіх слядах, але метраў праз трыццаць убачыў, што яны зусім прапалі... I нават у яго каля ног яны проста на вачах асядалі і мянялі форму... На нешта і вецер спатрэбіўся.
Ён ужо наважыўся быў абысці халупу, але раптам з яе выпаўзла нешта цёмнае. Гэта быў рыжы сабака, сыты, як свіння. Няма чаго баяцца. Вон адсюль! Але сабака, вытрашчыўшыся на чалавека, і не думаў уцякаць. Адно вуха ў яго было разарванае, непрапарцыянальна маленькія вочкі глядзелі злосна. Сабака абнюхваў яго. Ці не збіраецца ён забрахаць? Паспрабуй брахні... Ён засунуў руку ў кішэню і сціснуў нажніцы... Калі толькі брахне, праламлю чэрап яму гэтаю штуковінаю! Але сабака ўсё яшчэ злосна глядзеў на яго, не падаючы голасу. Можа, ён дзікі?.. Калматы, шэрсць вісіць касмылямі... Нейкая хвароба ў яго, ці што, — уся мыза ў струпах. Кажуць, сабакі, што не брэша, сцеражыся... халера на яго! Трэба было прыхаваць якой-небудзь яды... Ага, яды, ліха на яго, забыўся ўзяць цыяністы калій... Ну нічога, ён так яго схаваў, што жанчына наўрад ці знойдзе... Мужчына ціха свіснуў і выставіў руку, спрабуючы заваяваць давер у сабакі... У адказ сабака расцягнуў тонкія губы і выскаліў жоўтыя іклы, на якія наліп пясок... Ды не, наўрад ці гэты сабака на яго паквапіцца... У яго такі агідны пражэрлівы выгляд... Добра было б стукнуць яму так, каб ён адразу здох.
Нечакана сабака павярнуўся, нагнуў галаву і, як нічога і не было, ляніва пабег трушком прэч. Спалохаўся, напэўна, яго пагрозлівага выгляду. Калі ён прымусіў адступіць дзікага сабаку, значыць, дух яго яшчэ моцны. Ён з’ехаў у даліну і прылёг на схіле. Вецер цяпер не даставаў яго, і, можа, таму ён адчуў палёгку. Хістаючыся ад ветру, сабака знік за заслонаю пяску, што насіўся ў паветры. Відаць, людзі сюды і блізка не падыходзяць, інакш у гэтай халупе не пасяліўся б дзікі сабака... I пакуль сабака не пойдзе даносіць на яго ў праўленне арцелі, яму нічога не пагражае. Па целе пацёк пот, але гэта было нават прыемна. Такая цішыня!.. Быццам яго паклалі ў пасудзіну і залілі жэлацінам... У яго ў руках бомба з гадзіннікавым механізмам, час выбуху — невядомы, але гэта трывожыць не болей, чым ціканне будзільніка... На яго месцы «Стужка Мёбіуса» адразу б прааналізаваў абставіны і сказаў:
— Ты, дружа, тыповы ўзор чалавека, які мае задавальненне ў тым, каб ператвараць сродкі ў мэту.